Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не ўзьляціць»: дызайнэры пра ідэю лягатыпа «Белавія» ў форме васілька


У 2016 годзе мае прайсьці рэбрэндынг «Белавія» — авіякампанія натхнілася працай Ільлі Андрэева, у якой новым лягатыпам кампаніі выступае кветка васілька, хоць наўрад ці стане выкарыстоўваць менавіта гэты праект. Беларускія дызайнэры распавялі Свабодзе, што лічаць ідэю васілька ня самай удалай.

Беларуская авіякампанія «Белавія» распавяла ў 2014 годзе пра пляны рэбрэндынгу. На навіну адрэагаваў выпускнік БДУ, малады дызайнэр Ільля Андрэеў: ён апублікаваў праект рэдызайну з васільком як новым сымбалем «Белавія». У авіякампаніі яго ідэю ўспрынялі сур’ёзна. Хоць канцэпцыю і не зацьвердзілі цалкам, яна, па словах начальніка аддзелу рэклямы і камунікацыі «Белавія», натхніла кампанію на новы дызайн, а Андрэеў выступае кансультантам. Менавіта васілёк не плянуецца, але ў новым дызайне будзе прысутнічаць нацыянальны матыў (ня ў форме афіцыйнага чырвона-зялёнага сьцяга).

Стары лягатып варта мяняць, і васілёк — ня горшы, хоць і ня лепшы варыянт, лічыць кіраўнік студыі рэклямы і дызайну «Адліга», дызайнэр Анатоль Лазар.

«Раней бачыў гэты васілёчак, але ня думаў, што яно пайшло да такога сур’ёзнага зруху. Адносна таго, што было ў „Белавіі“, рухацца да такога безумоўна варта, была дастаткова страшная рэч. Але наагул у індустрыі лягатыпаў авіякампаніяў прынята, што ёсьць рух, птушачкі... А гэты статычны. У „Белавіі“ быў такі варыянт, пазнавальны, хоць і падобны да турэцкіх, аўстрыйскіх кампаніяў. Але дызайн з васільком прыемны. Гэта, безумоўна, крок да сур’ёзнай ідэнтыфікацыі кампаніі.

Сам васілёк — гэта спрэчнае пытаньне. Быў у Эстоніі раскручаны брэнд (васілёк прызнаны нацыянальнай кветкай Эстоніі, Estonian Air выкарыстоўвала ў дызайне самалётаў блакітны васілёк як элемэнт арнамэнту.— РС), у Францыі гэта сымбаль антысэміцкіх рухаў. Хоць ён быў на картках „Белкард“, так што і як сымбаль авіякампаніі мо нармальна. Але ці зьяўляецца ён сымбалем Беларусі? Арнамэнт — малаверагодна, што мог бы стаць такім сымбалем. Нейкі наватвор, напрыклад, лягатып у нейкай плястыцы ў такіх матывах можа быць, але гэта так зацягана і банальна. Многія краіны праз гэта ўжо прайшлі».

Перайменаваньне кампаніі ў «Air Belarus», прапанаванае Андрэевым, назваў кепскай ідэяй мастак і літаратар Адам Глобус: да «Белавія» за 20 год усе звыклі, найперш варта захоўваць рысы пазнавальнага брэнду. Сам дызайн «з васільком» ён назваў аматарскім:

«Колеры, якія былі выкарыстаныя ў аздабленьні „Белавія“, былі лепшыя, чым прапанаваныя. А тут пакамечанасьць нейкая, непрафэсійнасьць. Бачыў гэтую прапанову, бачыў іншыя, у тым ліку з арнамэнтам, але ўсе яны не вырашалі асноўнай праблемы: не разьвівалі стары брэнд. Сёньня модная вышыванка, заўтра модная зашыванка, сёньня крыжыкам, заўтра ромбікам. А галоўнае — не перарываць спадчыннасьць. „Белавія“ — гэта брэнд, на які Беларусь 20 год ужо працавала, кампанія за гэты час напрацавала шмат і добрага, і кепскага, але добрага было больш, трэба гэта працягваць. Вунь як Coca-Cola мяняе дызайн, але ў межах таго, што было. А тут гэта нібы новая авіякампанія. „Белавія“ можа дазволіць сабе лепшы дызайн.

Дызайн Уладзімера Цэсьлера

Дызайн Уладзімера Цэсьлера

У Цэсьлера была прапанова размаляваць самалёт пад бусла. Хоць гэтая ідэя здалася мне надта гратэскнай, але ў яго самалёт ляцеў. Глядзіш на такі — дакладна ўзьляціць. Самалёт павінен ляцець, а тут глядзіш на такі скамечаны хвост-васілёк — можа і не ўзьляцець. І ў „Белавіі“ быў бусел, ляцела птушка. Самалёт — гэта ня кветка. Патрэбны дызайнэр, які народзіць вэрбальную ідэю, знойдзе тое слова, якое паляціць».

Ды ідэя Цэсьлера наўрад ці можа быць зрэалізаваная, хоць яна і выглядае прывабна, мяркуе арт-дырэктар студыі «PRAS», дызайнэр Аляксей Кульбiцкi​: па міжнародных правілах, кажа ён, самалёты так расфарбоўваць нельга. Пад пытаньне ён ставіць і васілёк, і цяперашняга бусла «Белавіі»:

«Трэба зрабіць дасьледаваньне, як пазыцыянуе сябе „Белавія“: як нацыянальны перавозчык ці як нейкі бізнэс-перавозчык? У залежнасьці ад гэтага вырашыць, ці проста надпіс павінен быць, ці графічны сымбаль. Калі ў кампаніі чыста камэрцыйныя мэты, нацыянальнасьць звычайна не падкрэсьліваюць. Але калі „Белавія“ ў нас адзіны перавозчык на Беларусь, я думаю, мо варта ў дызайне падкрэсьліць, што гэта менавіта беларуская кампанія.

Я лічу, што васілёк — гэта ня самы ўдалы сымбаль, дый зроблены ён не далікатна, ня чысьценька. Наагул выкарыстаньне жывёльных і расьлінных сымбаляў — гэта ня вельмі інтэлігентна з пункту гледжаньня дызайну. Таму Курэйчык, наш драматург, заснаваў такі рух „Без буслоў“: творчасьць Беларусі бяз розных гэтых шаблённых сымбаляў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG