Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Літары не патрабуюць турэмных тэрмінаў», — вядомыя беларусы пра справу Эдуарда Пальчыса


Акцыя ў падтрымку Эдуарда Пальчыса падчас мінулага суду

Акцыя ў падтрымку Эдуарда Пальчыса падчас мінулага суду

Напярэдадні закрытага судовага працэсу над Эдуардам Пальчысам, які пачынаецца 14 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе, Свабода запытала ў вядомых беларусаў, што яны думаюць пра крымінальны перасьлед заснавальніка сайта 1863х.com.

Раманава: Гэта занадта жорстка

Галоўны рэдактар інтэрнэт-часопіса Kyky.org Саша Раманава:

Саша Раманава

Саша Раманава

«Гэта відавочна дзёрзкі і таленавіты хлопец, які пісаў тое, што ён думае. Нам усім здавалася, што пісаць тое, што ты думаеш, — гэта не злачынства. А выявілася, што за гэта могуць судзіць, і гэта не ўкладаецца ў галаве. Літары не патрабуюць турэмных тэрмінаў, гэта занадта жорстка — не 37-ы год жа. Ён ужо адседзеў нейкі час, і вельмі б хацелася, каб пасьля суду ён усё ж пайшоў дадому. Ці палітвязень ён? Верагодна. У любым выпадку гэта пэўна не злачынца і не звычайны вязень».

Дзьмітрыеў: Пальчыс — вязень сумленьня

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў:

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

«Я, безумоўна, згодны з тым, што Эдуард Пальчыс — вязень сумленьня. Што тычыцца абвінавачаньняў, якія высоўваюць супраць яго, то, магчыма, у пэўных ягоных матэрыялах можна пабачыць, так бы мовіць, „русафобію“. Але нават калі з гэтым пагадзіцца, больш важна тое, што мы сёньня ня бачым адэкватных захадаў з боку нашай дзяржавы па абароне Беларусі ад тых, хто займаецца „беларусафобіяй“ — такія людзі абсалютна нармальна працуюць у Беларусі, займаюцца з моладзьдзю, дзейнічаюць іхнія сайты і г. д. Таму сёньня беларускім уладам трэба не Расею ад кагосьці абараняць (яна сама можа гэта цудоўна зрабіць), а абараняць Беларусь».

Хашчавацкі: Гэта оруэлаўскі сцэнар

Рэжысэр Юры Хашчавацкі:

Юры Хашчавацкі

Юры Хашчавацкі

«Вядома, Эдуард Пальчыс палітвязень. Нават калі б меркаваньне Пальчыса, тое, што ён робіць, мне не падабалася, то гэта ўсё роўна толькі выказваньне сваіх думак. За думкі нельга судзіць, нельга караць. У людзей могуць быць розныя меркаваньні — людзі маюць на гэта права. Мода ў нас такая, калі людзей, якія свабодна выказваюць сваё меркаваньне, трэба адразу прыціснуць, прымусіць стаяць па стойцы сьмірна. Што я думаю пра гэта? Я думаю, што мы жывем у нейкім оруэлаўскім „скотным двары“. Але, на жаль, большасьць людзей гэта задавальняе».

Мацкевіч: Для суду няма падставаў

Філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч:

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

«Тое, што рабіў Эдуард Пальчыс, — вельмі добрая справа. Гэта была справа своечасовая, і менавіта таму яна адразу набыла папулярнасьць. Ён невядома чаго паехаў у Расею, дзе яго затрымалі. Відаць, гэта была правакацыя, бо яго выклікалі менавіта дзеля таго, каб затрымаць. За што менавіта яго судзяць? Афіцыйная вэрсія абвінавачаньня ўвогуле ня вартая ўвагі, там няма падставаў ні для адкрыцьця справы, ні для суду. Безумоўна, ёсьць іншыя прычыны, чаму яго арыштавалі і судзяць. Ён відавочна палітвязень».

Кастусёў: Беларускія ўлады хочуць дагадзіць Крамлю

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

«Мая пазыцыя застаецца нязьменнай: крымінальная справа супраць яго — гэта відавочная праява „русского мира“ на тэрыторыі Беларусі. Беларускія ўлады чарговы раз імкнуцца дагадзіць Крамлю, спрабуюць такім чынам прадэманстраваць сваю ляяльнасьць да Масквы. Іншай думкі тут ня можа быць. І гэта, дарэчы, ня толькі мая пазыцыя, але і партыйная пазыцыя. Менавіта Партыя БНФ першая завастрыла ўвагу на гэтай праблеме і адначасова зьвярнулася да беларускіх уладаў з патрабаваньнем прыняць меры дзеля яго вызваленьня».

Клімаў: Гэта перакос у сьвядомасьці ўлады

Былы палітвязень, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэй Клімаў:

Андрэй Клімаў

Андрэй Клімаў

«Я хацеў бы пажадаць Пальчысу мужнасьці. Думаю, што ў яго ўсё будзе добра, ён выйдзе на свабоду. Хоць я ня ўпэўнены, што гэта менавіта палітычная справа, а ён — палітвязень. Я думаю, што гэта проста элемэнт дыктатарскага стаўленьня да СМІ, да інтэрнэту. Гэта такія перакосы ў сьвядомасьці ўлады. Хоць, магчыма, гэта і паказальная справа — каб нічога лішняга не пісалі ў інтэрнэце».

***

Эдуард Пальчыс абвінавачваецца па крымінальных артыкулах: «Распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці» і «Распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў». Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі Эдуарда Пальчыса палітвязьнем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG