Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джон Сыльвэр змагаецца з сайтам «Спутник и погром», седзячы ў СІЗА. Інтэрвію з жонкай Эдуарда Пальчыса напярэдадні суду


Вікторыя Пальчыс (Шчукевіч)
Вікторыя Пальчыс (Шчукевіч)

Эдуард Пальчыс у СІЗА чытае Эвангельле і Жорж Санд, а таксама піша заявы ў Сьледчы камітэт, каб той праверыў на экстрэмізм сайт «Спутник и погром».

Напярэдадні закрытага судовага працэсу ў крымінальнай справе Пальчыса, які пачынаецца 14 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе, Свабода пагаварыла зь Вікторыяй Пальчыс, жонкай палітвязьня.

Акцыя ў падтрымку Эдуарда Пальчыса ў час мінулага суду
Акцыя ў падтрымку Эдуарда Пальчыса ў час мінулага суду

«Ён выкрыў антыбеларускую суполку, і за гэта яго абвінавачваюць у распаўсюдзе парнаграфіі»

Вікторыя, вы дагэтуль ня бачыліся?

— Не, са студзеня 2016 году я ня бачыла Эдуарда. На кароткі час я пабачу яго ў пятніцу, калі мяне як сьведку выклічуць у залю суду. Спатканьне ж магчымае толькі пасьля таго, як будзе агучаны прысуд. Калі я напішу хадайніцтва, мне дазволяць кароткатэрміновае спатканьне праз шкло.

Але наўрад ці гэта будзе хутка. Па крымінальнай справе праходзіць шмат тамоў, і адвакатка Ганна Віктараўна Бахціна кажа, што працэс можа зацягнуцца.

Праваабаронцы прааналізавалі тэксты Эдуарда Пальчыса і прызналі яго палітвязьнем

На грамадзянскім працэсе разглядалі экстрэмісцкія матэрыялы. А ці вядома, у чым заключаецца распаўсюд парнаграфіі з боку Эдуарда?

— Антон Матолька пісаў на гэты конт. Рэч у тым, што ў адным са сваіх артыкулаў Эдуард выкрыў антыбеларускую суполку, дзе акурат распальвалі варожасьць да беларусаў. Яны публікавалі вельмі брыдкія малюнкі. Эдуард проста паказаў некалькі карцінак з гэтай групы. І за гэта яму «прышылі» парнаграфію. Ён толькі казаў: «Глядзіце, якая суполка, што яны посьцяць». Паказаў некалькі прыкладаў карцінак, якія ён знайшоў у суполцы. Адміністратараў суполкі ніхто не чапае, а на Эдуарда завялі справу за распаўсюд парнаграфіі.

Але сваёй віны ён не зьбіраецца прызнаваць ні пры якіх умовах. Нават калі яго пачнуць прыціскаць. Калі ён так вырашыў, дык ужо дакладна не прызнае.

І што яму пагражае ў выніку?

— Максымальна паводле першага артыкула ён можа атрымаць пяць гадоў, па другім – чатыры. Але ёсьць правілы складваньня тэрмінаў. Юлія Ганчарова, прадстаўніца Сьледчага камітэту, агучвала, што Эдуарду пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

Суд па справе Эдуарда Пальчыса (разгляд справы аб прызнаньні экстрэмісцкай «інфармацыйнай прадукцыі на сайце 1863x.com»). Судзьдзя Марына Казлова
Суд па справе Эдуарда Пальчыса (разгляд справы аб прызнаньні экстрэмісцкай «інфармацыйнай прадукцыі на сайце 1863x.com»). Судзьдзя Марына Казлова

«Папрасіў сабраць торбу на выпадак, калі яго адправяць у калёнію»

30 верасьня Эдуарда перавялі ў Менск. Як зь ім абыходзяцца?

— Шмат пра што ён ня можа казаць. Але піша, што камэра маленькая. Як я зразумела, там багата людзей, і ім вельмі цесна. Таму ён аддаў нам торбу з рэчамі, якія яму не патрэбныя. Але да аднакамэрнікаў і адміністрацыі ён ня мае ніякіх папрокаў.

Ён працягвае атрымліваць лісты. Яму перасылаюць тыя, што прыходзяць у Жодзіна.

Уцёкі і экстрадыцыя Эдуарда Пальчыса. Храналёгія перасьледу Джона Сыльвэра

Чым ён там займаецца?

Піша, што шмат чытае. Была вялікая праблема, калі апошні месяц у Жодзіне не працавала бібліятэка. Чамусьці туды можна было перадаваць толькі рэлігійную літаратуру, мастацкую нельга. Мы перадалі яму Біблію.

Таксама ён пісаў, што прачытаў «Кансуэла» Жорж Санд. Гэта дзявочы раман, але ён кажа, што нядрэнная рэч. У параўнаньні з жоўтымі бульварнымі раманамі гэта больш-менш якасная літаратура. У СІЗА вельмі шмат савецкай літаратуры, якую ён не пераносіць. І Жорж Санд на гэтым фоне ён знайшоў прымальнай.

На Валадарку перадала яму энцыкляпэдыю па гісторыі — пра Ангельшчыну пэрыяду грамадзянскай вайны XVII стагодзьдзя.

Эдуард таксама папрасіў, каб мы перадалі яму вялікую торбу кніжак, шашак, нардаў – усяго, што дазваляюць у калёніі. Гэта на выпадак, калі яго туды адправяць.

Ці праўда, што Эдуард пісаў заяву ў Сьледчы камітэт, каб той праверыў сайт «Спутник и погром»?

— Так, сапраўды. Калі ён знаёміўся з матэрыяламі сваёй справы, у яго зьявілася такая думка. Прачытаў, у чым яго абвінавачваюць, і прапанаваў пашукаць экстрэмізм у публікацыях «Спутника и погрома».

Але са Сьледчага камітэту прыйшоў адказ, што гэта ня ў іхнай кампэтэнцыі, а таму заяву накіравалі ў КДБ. А з КДБ ніякага адказу не прыйшло.

Вікторыя Пальчыс
Вікторыя Пальчыс

«Дашкевічы добра разумеюць мяне, я адчуваю роднасьць зь імі»

Вось у прэсе выступаеце толькі вы. Але не чуваць ягоных сяброў, сваякоў...

— Ягоныя сябры пішуць мне ў «Фэйсбуку», распытваюць пра Эдуарда, дасылаюць яму лісты ў СІЗА. Ягоныя сябры з унівэрсытэту дапамаглі мне сабраць і завезьці перадачу. А сваякі? Я выступаю як іхная прадстаўніца. Бацькі мужа прыедуць на суд, хоць ён і будзе закрытым. Будуць чакаць рашэньня пад дзьвярыма.

Нешта зьмянілася ад таго, што Эдуарда прызналі палітвязьнем?

— Мне ад гэтага стала спакайней. Я хацела, каб яго прызналі. Бо калі агучаць прысуд, будзе вядома, што яго судзяць па палітычных матывах, за злачынствы, якіх ён не ўчыняў.

Я ўпэўненая, што ў ягоных артыкулах няма ніякага распальваньня варожасьці. Але Сьледчы камітэт сьцьвярджае адваротнае. Добра, калі там ёсьць распальваньне варожасьці, дык няхай бы паказалі, у чым яна заключаецца. Але выходзіць, што няма там чаго паказваць.

«Кожны з нас — Джон Сыльвэр», — Дашкевіч заклікаў «зрабіць шоў» у час суду над Пальчысам

Апошнім часам пра вас часта піша Наста Палажанка, на судзе вы былі з Андрэем Кімам. Гэта салідарнасьць былых палітвязьняў?

— Эдуард пазнаёміўся з Андрэем Кімам, калі мы яшчэ былі ў Менску. Потым мы бачыліся зь ім ва Ўкраіне. Зь ім я падтрымлівала сувязь адразу, як Эдуарда арыштавалі.

Потым пазнаёмілася з Дашкевічамі, Настай і Зьмітром. Яны самі былі ў маёй сытуацыі. Вельмі добра разумеюць, што ў мяне адбываецца. І я адчуваю такую роднасьць зь імі…

Архіўны скрыншот блогу 1863x — часоў, калі яго вёў Пальчыс
Архіўны скрыншот блогу 1863x — часоў, калі яго вёў Пальчыс

Дарэчы, часам вашыя допісы ў «Фэйсбуку» вельмі нагадваюць стыль артыкулаў Эдуарда.

— Я не магу гэтага рабіць знарок. Нават ня ведала, што так атрымліваецца. Мы ж вельмі доўгі час знаёмыя, і ў нас агульныя пазыцыі па многіх пытаньнях.

Ці можна сказаць, што суд над мужам зацягнуў і вас у палітычную і праваабарончую дзейнасьць?

— Як мне сказаў адзін журналіст, жонка палітвязьня працуе прэс-цэнтрам свайго мужа. У мяне неяк так і атрымліваецца. Мне сапраўды цяпер важна шмат пра яго гаварыць, нагадваць.

Суд будзе закрытым, хоць у грамадзкасьці вялікі інтарэс да гэтай справы. І ад таго, што працэс закрываюць, узьнікаюць падазрэньні, што там нешта нячыста. Гэта яшчэ больш нас наводзіць на думку, што ўсё гэта выдумана.

***

Разгляд крымінальнай справы меркаванага заснавальніка сайту 1863х.com пачнецца ў Менскім гарадзкім судзе 14 кастрычніка. Ён абвінавачваецца па крымінальных артыкулах: «распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці» і «распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў». Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прынялі сумесную заяву аб прызнаньні Эдуарда Пальчыса палітычным вязьнем.

«Сапраўдны нацыянальны гімн Беларусі» і яшчэ 8 артыкулаў з сайту 1863х.com, якія прызналі экстрэмісцкімі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG