Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Арцём Пракапенка чакае памілаваньня


Арцём Пракапенка

Арцём Пракапенка

Палітвязень Арцём Пракапенка накіраваў прашэньне аб памілаваньні кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку і ўжо два месяцы чакае вызваленьня праз памілаваньне.

Пра гэта праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведаміў бацька палітвязьня Анатоль Пракапенка.

Прашэньне аб памілаваньні Арцём Пракапенка накіраваў яшчэ ў лютым 2015 году. Нягледзячы на абяцаньні Лукашэнкі вызваляць палітвязьняў па такім прашэньні, Арцём дагэтуль застаецца за кратамі.

Бацькі Арцёма два гады прасілі сына напісаць прашэньне аб памілаваньні. Палітвязень адмаўляўся. Аднак потым пад ціскам бацькоў усё ж напісаў прашэньне.

Павал Сырамолатаў, якога судзілі разам з Арцёмам, напісаў заяву аб памілаваньні ў 2012 годзе і быў вызвалены ў тым жа годзе. Па працэдуры памілаваньня былі вызваленыя больш за 30 палітвязьняў, сярод якіх Павал Вінаградаў, Андрэй Саньнікаў, Дзьмітры Бандарэнка, Дзьмітры Вус і іншыя. Але толькі частка зь іх прасіла памілаваньня.

Арцём Пракапенка за кратамі з 17 студзеня 2011 году. Ён асуджаны на 7 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму судом Бабруйскага раёну і гораду Бабруйску паводле ч.2 арт.339 КК (злоснае хуліганства) і ч.3 арт.218 КК (пашкоджаньне маёмасьці ў асабліва буйным памеры). Па справе Арцём праходзіў разам зь Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым.

Праваабаронцы прыйшлі да высновы, што крымінальная справа кваліфікаваная няслушна, а пакараньне — непрапарцыйнае і вынесена з палітычных матываў, хоць і не віталі такую форму пратэсту маладога чалавека.

Чаму ўжо прайшло два месяцы, а Лукашэнка так і не памілаваў Арцёма Пракапенку? Праваабаронца Тацяна Равяка пракамэнтавала сытуацыю карэспандэнту Свабоды:

«Так было, напрыклад, з Андрэем Саньнікавым і Зьмітром Бандарэнкам, калі па іх рашэньне не прымалася цягам некалькіх месяцаў. Таму гэта ня нейкая надзвычайная сытуацыя, і бліжэйшым часам яна знойдзе нейкае сваё вырашэньне. Я не магу сказаць за прэзыдэнта, што ён плянуе — задаволіць ці не задаволіць прашэньне. Будзем чакаць. Бацькі Арцёма заўсёды былі прыхільнікамі таго, каб ён напісаў прашэньне. Асабліва калі гэта адбылося з Сырамалотавым. Гэта такая надзея на хутчэйшае вызваленьне. Арцёму было ўсяго 20 гадоў, калі ён трапіў за краты».

На сёньняшні дзень за кратамі разам з Арцёмам Пракапенкам застаюцца 6 палітвязьняў.

«Гэта Статкевіч, Аліневіч, Дзядок, які знаходзіцца самы вялікі тэрмін, потым 17 студзеня былі ўзятыя пад варту Васьковіч і Пракапенка, а са сьнежня мінулага году — яшчэ і Рубцоў. Мы спадзяёмся на тое, што як мага хутчэй выйдуць на волю ўсе».

XS
SM
MD
LG