Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволеных Міколу Статкевіча і Юрыя Рубцова будуць зноў судзіць. Навошта ўладам патрэбныя новыя рэпрэсіі супраць палітвязьняў? Чаму нармалізацыі адносін Беларусі з Захадам не спадарожнічае ўнутрыпалітычная лібэралізацыя? У якіх умовах пройдзе прэзыдэнцкая кампанія?

Удзельнікі: журналіст нашага радыё Алег Грузьдзіловіч і вядомы праваабаронца Гары Паганяйла.

Навошта ўладам патрэбныя новыя рэпрэсіі супраць палітвязьняў?

Валер Карбалевіч: «У студзені палітзьняволенаму Мікалаю Дзядку прысудзілі яшчэ год зьняволеньня за некалькі дзён да таго, як ён павінен быў выйсьці на свабоду. Юрыя Рубцова, які праходзіць пакараньне на „хіміі“, зьмясьцілі ў ізалятар, будуць зноў судзіць. Нарэшце, новы суд чакае Міколу Статкевіча, які адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі. Яму пагражае вяртаньне ў турму. Што стаіць за ўсімі гэтымі дзеяньнямі ўладаў? Навошта ўзмацняецца ціск на палітвязьняў?»

Алег Грузьдзіловіч

Алег Грузьдзіловіч

Алег Грузьдзіловіч: «Ціск на палітвязьняў не аслабляўся ніколі. Бо створаная пэўная сыстэма. Вызваленьне некаторых зьняволеных у зьвязку з заканчэньнем тэрміну часта ўспрымаецца як паслабленьне рэжыму. А цяпер дзейнічае чыньнік прэзыдэнцкай кампаніі, якая набліжаецца».

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла: «Чым бліжэй да выбараў, тым больш будзе рэпрэсіяў супраць апазыцыйных актывістаў. Пра гэта сьведчыць досьвед мінулых выбарчых кампаніяў».

Чаму нармалізацыі адносін Беларусі з Захадам спадарожнічаюць рэпрэсіі?

Карбалевіч: «У папярэднія гады звычайна, калі адбывалася пацяпленьне адносін Беларусі з Захадам, то гэтаму спадарожнічала нейкая, няхай і касмэтычная, але ўнутрыпалітычная лібэралізацыя. Так было падчас дыялёгу 2008–2010 гадоў. Тады вызвалілі практычна ўсіх палітвязьняў. Гэтым разам адбываецца нешта зусім адваротнае. Чым больш ідзе працэс нармалізацыі дачыненьняў афіцыйнага Менску з ЗША і ЭЗ, тым больш узмацняюцца рэпрэсіі. Гэта робіцца зь нейкім такім выклікам, дэманстрацыяй. Чым гэта можна патлумачыць?»

Грузьдзіловіч: «Я тлумачу гэта тым, што цяпер беларускі рэжым незалежны ад Захаду, а цалкам залежны ад Расеі. Таму няма патрэбы рабіць саступкі ЗША і ЭЗ. І цяперашні дыялёг з Захадам — гэта імітацыя.

А Мікола Статкевіч — гэта сымбалічная фігура. Існуе ініцыятыва яго вылучэньня ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты. Таму ўлады імкнуцца выключыць яго цалкам з гульні».

Паганяйла: «Я ня бачу нейкага пацяпленьня адносін Беларусі з Захадам. Бо ні той, ні другі бок не зьмянілі сваіх падыходаў адносна тэмы правоў чалавека. А прагматычнае супрацоўніцтва ў некаторых сфэрах працягваецца цяпер, як і раней. Апошнім часам зьявілася новая тэма для супрацоўніцтва — урэгуляваньне ўкраінскага крызісу».

Грузьдзіловіч: «На прыкладзе Ўкраіны беларускія ўлады ўбачылі, што небясьпечная нават найменшая лібэралізацыя, бо яна можа скончыцца Майданам. Таму топчуцца нават найменшыя прыкметы „палітычнай вясны“».

Паганяйла: «Ня варта ўскладаць надзеі ці мець ілюзіі, што дыктатарскі рэжым пачне мяняцца бяз моцнага ўнутранага ці вонкавага ціску. Жорсткасьць рэжыму толькі ўзмацняецца».

Якія сыгналы дасылае Аляксандар Лукашэнка?

Карбалевіч: «Напярэдадні рыскага саміту праграмы „Ўсходняга партнэрства“ былі намёкі з боку гаспадароў саміту, кіраўніцтва Латвіі, што ня выключана запрашэньне на форум Лукашэнкі. Але вось новым судом над Статкевічам кіраўнік Беларусі фактычна кажа: а я не хачу ехаць у Рыгу. Вы згодныя?»

Грузьдзіловіч: «Так. Сытуацыя вакол Статкевіча — гэта дэманстрацыя. Зьмена рэжыму яго ўтрыманьня ў той ці іншы бок — гэта нейкі сыгнал Захаду. Лукашэнка неаднаразова казаў, што Статкевіч сам ня хоча выходзіць з-за кратаў.

Вось глядзіце, як паводзяць сябе расейскія ўлады ў дачыненьні да Навальнага. Што б той ні рабіў, як бы ні парушаў рэжым хатняга арышту, рэжым утрыманьня яму не мяняюць».

Карбалевіч: «Фактычна адначасова прыйшлі дзьве інфармацыі. Адна — пра новы суд над Статкевічам. Другая — пра тое, што ўрад падрыхтаваў праграму рэформаў і прапаноўвае яе МВФ, каб атрымаць новы крэдыт ад фонду, і беларуская дэлегацыя ляціць у ЗША дзеля сустрэчы з кіраўніцтвам МВФ. Гэта выпадкова? Здаецца, адно з адным не стыкуецца. Ці, можа, наадварот — Менск прапануе Захаду канкрэтны парадак дня для торгу?»

Паганяйла: «Не, мне так не падаецца. Бо Лукашэнка даўно прытрымліваецца прынцыпу, што праблемы правоў чалавека ў Беларусі ня тычацца замежных краін і палітыкаў».

Карбалевіч: «Але гэты прынцып Лукашэнка парушаў. Напрыклад, перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 году ён вызваліў усіх палітвязьняў, прычым не хаваў, што робіць гэта на патрабаваньні Захаду».

Паганяйла: «А я і 2010 год не лічу пэрыядам „адлігі“».

Грузьдзіловіч: «МВФ не дае крэдытаў ня столькі з-за палітвязьняў, колькі з-за таго, што ў Беларусі ня ладзяцца рынкавыя рэформы ў эканоміцы».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG