Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Укладаючы том Міхася Стральцова для «Беларускага кнігазбору», я ледзь не паддаўся на ўгаворы літаратурных усяведаў, якія настойліва раілі проста ўзяць і сасканаваць «Выбранае» 1987 году, а ня бегаць па бібліятэках і архівах у пошуках новых тэкстаў. Маўляў, усё роўна нічога вартаснага ня знойдзеш. Дый архіву пасьля Стральцова практычна не засталося — не захоўваў ён рукапісаў, не сартаваў па тэчках папяровай непатрэбшчыны. Вопіс ягонага асабістага фонду ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва танюткі, як вучнёўскі сшытак, дый там нічога недрукаванага няма...

Выбранае з прадмовай Алеся Адамовіча я паціху сканаваў, патроху камэнтаваў, а сам думаў — буду апошнім лайдаком, калі не знайду ну хоць бы стральцоўскіх лістоў — эпісталярны разьдзел у будучай кнізе адчайна пуставаў.

Дзе тыя лісты шукаць? Я прыехаў на вуліцу Прытыцкага, у дом № 6, падняўся на скрыпучым ліфце ў кватэру, дзе жыў «абраньнік сонечнага Фэба» (паводле Анатоля Сідарэвіча).

Удава паэта Алена Дзьмітраўна сустрэла мяне надзвычай гасьцінна і — о дзіва! — ледзь не з парогу абнадзеіла. Аказваецца, стральцоўскі архіў быў падзелены на дзьве часткі — адна трапіла ва ўжо згаданы БДАМЛіМ, а другую вывезьлі на захаваньне ў адну з падменскіх вёсак. Дваццаць пяць гадоў таму.

Кожны наступны дзень я даймаў Алену Дзьмітраўну тэлефоннымі званкамі — калі паедзем на пошукі? Нарэшце яна знайшла гаспадароў дому, дамовілася. На месцы мяне адразу правялі ў падвал і паказалі гару хломазду пад самую столь — шукайце тут. Старое адзеньне, посуд, заплесьнелыя ад сырасьці кнігі, ёлачная мішура, гаршкі з-пад вазонаў, веласіпедныя колы, абутак на ўсе сэзоны, пустыя пляшкі і напоўненыя нечым падазроным фляконы — я раскопваў тую падвальную джамалунгму з імпэтам салігорскага шахцёра, якога паабяцалі прэміяваць за вагон прадукцыі звыш нормы.

Час ад часу вылазячы наверх хапянуць сьвежага паветра, я адчуваў, што цярпеньне гаспадароў на сыходзе, мае лёгкія пратэстуюць і вочы сьлепнуць. Але, гнаны невядомай сілай, зноў спускаўся ў паўцёмны падвал і ледзь ня вобмацкам перабіраў невядома зь якой мэтай зьнесеныя туды клункі, скрынкі і рознае рызьзё.

Паводле закону зямной гравітацыі тое, што я шукаў, аказалася на самым дне. Разгрэбшы пагрызеную мышамі дванаццацітомную «Историю второй мировой войны», я выцягнуў бліжэй да цьмянай лямпачкі прадаўгаватую скрыню і з трымценьнем у сэрцы прачытаў зроблены флямастарам надпіс: «Архіў М. Стральцова»...

Міхась Стральцоў

Міхась Стральцоў

На зваротнай дарозе ў Менск мы з Аленай Дзьмітраўнай сьпявалі.

Тою ноччу я не заснуў — расклаў на падлозе зьмесьціва скрыні і не сьпяшаючыся ўчытваўся ў пажаўцелыя старонкі. Нечакана шмат выявілася лістоў — сорак зь іх апублікаваныя ў «кнігазбораўскім» томе. У тэчцы зь перакладамі зьверху ляжаў Мікеланджэла па-беларуску — перакладзены ў пачатку 70-х для італьянскай паэтычнай анталёгіі, ён чамусьці туды не ўвайшоў. Знайшліся ў скрыні і жартоўныя вершы, якія паэт адрасаваў дачцэ і сябрам. У асобнай капэрце ляжалі фотаздымкі.

Почырк у Стральцова далёка не каліграфічны — некаторыя чарнавікі не расчыталіся да гэтай пары. Пад адным скрэсьленым рукапісам я зьвярнуў увагу на дату: 7.07.87. Паэт ужо ведаў пра свой дыягназ, меўся класьціся ў бараўлянскую больніцу. Заставалася паўтара месяца жыцьця...

«У сквэры гэтым лугавінка...» Далей ішлі зусім нечытэльныя, шматкроць закрэсьленыя радкі. Цалкам удалося прачытаць толькі адну страфу ды заканчэньне: «Касіў за двух і жыў за двух!».

Накід верша, зроблены, да таго ж, алоўкам, у том выбранага, зразумела, ня трапіў. Ды нешта мне рупіла ў тым нерасчытаным рукапісе. Я насіў яго з сабою, расказваў пра яго ў слаўгарадзкім доме культуры падчас прэзэнтацыі стральцоўскай кнігі, вазіў у Сычын — на радзіму паэта.

І Міхась Лявонавіч нада мной зьлітаваўся! Нядаўна ў дабраславёным БДАМЛіМе мне прынесьлі ня тую справу. Замаўляў Улашчыка, а памылкова прынесьлі Стральцова. Я машынальна зірнуў на дзясятак дасьледчыцкіх росьпісаў на лісьце карыстальнікаў і ледзь ня здаў тую справу 36 з фонду 361 назад у сховішча.

Гартануўшы ўсё ж белы нататнік зь вядомымі мне перакладамі, я нечакана ўбачыў — белавы варыянт таго адшуканага ў падвале верша! Старонка мела нумар 37 — год нараджэньня Стральцова... Вось ён, невядомы чытачам апошні верш паэта, які пачуваўся выгнаным патрыцыем у беларускай савецкай літаратуры:

У сквэры гэтым лугавінка
Мне, што выпадкам, так сабе,
Задобрыў думку успамінкам
Аб даўняй ліпеньскай касьбе, —
Такая радасьць і аддуха,
Такая горыч і журба!
Сядзі і ўласным сэрцам слухай,
Як адступае ціха скруха,
А зь ёй — і гора, і бяда.
Няхай! Ды толькі дзе, мой хлопча,
Падстрэшак той і дзе каса?
Другі ўжо нехта копы топча,
Другі ў прыпар спачыну хоча,
Другія там — ня ты ўжо сам.
Ах, божа мой! Чыёю верай
Перада мной той даўні луг
Паслаўся чыстаю паперай,
Каб я радком пракосы мераў,
Касіў за двух
І жыў за двух!

Калі б ананімную раздрукоўку гэтага верша мне прыйшлося вылавіць у закаркаванай бутэльцы дзе-небудзь на неабжытай высьпе пасярод акіяну, то і тады ня ўзьнікла б аніякіх сумневаў наконт аўтарства — столькі ў гэтых дваццаці радках стральцоўскага дыханьня, стральцоўскай гэтак зразумелай журбы!

Як і кожнаму творцу, Міхасю Стральцову хацелася быць пачутым. У тым апошнім для яго 87-м ён згаджаўся на ўсе выступы. У сталічным Доме літаратара прэзэнтаваўся ягоны зборнік «Мой сьвеце ясны» і кніга крытыкі «Пячатка майстра». А ўсяго за тры месяцы да сыходу ён сустракаўся са сваімі чытачамі ў Горадні і Лідзе. І ў восеньскай журбе спрабаваў дапільнаваць імгненьні жыцьцёвай весялосьці...

Ужо са сьмяротнай лажніцы ён прашаптаў схіленаму над ім Янку Брылю: «Мне бяз вас нельга». Сёньня ўсім нам нельга абысьціся без Стральцова. Дык часьцей бывайма ў ягоным сьвеце ясным, каб стральцоўскай яснаты пабольшала і ў нашых душах.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG