Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андросенка: Забойца выйшаў менш чым праз год. Бяляцкі за дапамогу людзям адседзеў болей


Сяргей Андросенка

Сяргей Андросенка

Пра выпадак з памерлым Міхаілам Пішчэўскім Свабодзе распавёў Сяргей Андросенка, сябра рады і сакратар ва Ўсходняй Эўропе ЛГБТ-таварыства супрацоўнікаў культуры Паўночных краін Tupilak і сябра Міхаіла.

«Міхаіл разам зь сябрамі выходзіў з самай звычайнай менскай гей-вечарыны, што ладзяцца пэрыядычна. Ён пачуў у свой бок гамафобную абразу — кампанія хлапцоў стаяла каля выхаду і абражала тых, хто выходзіў. Да таго, як выйшаў Міша, іншыя проста зьбягалі. А Міша не стрымаўся і спытаў у адказ нешта кшталту „Хто тут з нас п...р?“. Пасьля гэтага бойка і адбылася.

Я ведаю Міхаіла з 2008 году. Ён ня быў ніколі настолькі агрэсіўным, каб завязваць нейкія бойкі. З 2008 году ні разу ня чуў, каб ён зь некім пабіўся. Адзінае, што ён быў чалавекам, які паважаў сябе і мог пастаяць за сябе, калі яго пачыналі абражаць.

Забойца ў залі суду прызнае, што прычапіўся да Мішы з-за ягонай магчымай гомасэксуальнасьці, а суд выносіць рашэньне — маўляў, толькі «па неасьцярожнасці» (нападнік быў асуджаны на 2 гады і 8 месяцаў пазбаўленьня волі «за хуліганства і прычыненьне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў». — РС). Гэта паказвае на тое, што матыў нянавісьці не абцяжарвае віну, калі злачынства робіцца адносна геяў. Тое, што Дзьмітрыя Лукашэвіча (нападніка. — РС) выпусьцілі так хутка па амністыі, калі Міхаіл быў яшчэ ў вельмі цяжкім стане, якраз паказвае хібы так званага беларускага правасудзьдзя. Алесь Бяляцкі за дапамогу людзям адседзеў болей, а Мікалай Статкевіч яшчэ больш за свае палітычныя перакананьні.

Лукашэвіч, лічы, за забойства па матыве нянавісьці выйшаў па амністыі менш як праз год, Статкевіч адседзеў у розных калёніях і турмах 7 гадоў — вось такое яно, беларускае правасудзьдзе.

У Беларусі мы ня маем антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, таму было складана пераканаць суд, асабліва беларускі суд, у тым, што гамафобія — гэта абцяжарваючая акалічнасьць у гэтым выпадку. Сьпіс па распальваньні розьні адкрыты, але гамафобія, нецярпімасьць да іншай сэксуальнай арыентацыі не прапісаная (у арт. 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі апісваюцца дзеяньні, зьвязаныя з расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьцю. — РС), таму закон можна выварочваць як дышаль.

Некаторыя групы насельніцтва вельмі рады, што Міхаіл сканаў, і лічаць нападніка ледзь не

Мой стан сьвядомасьці вельмі гуманістычны, і я хацеў бы верыць, што нападнік зразумеў, што пазбавіў жыцьця іншага чалавека, абдумаў свой учынак... Але можа здарыцца так, што чалавек будзе ў некаторых колах бравіраваць тым, што зьбіў і нават забіў гея, што нават адседзеў за гэта. Калі паглядзець на некаторых гамафобных сайтах і суполках, некаторыя групы насельніцтва вельмі рады, што Міхаіл сканаў, і лічаць нападніка ледзь не героем.

Гэта ня першы такі выпадак — проста склалася так, што гісторыя Мішы стала вельмі гучнай. Тры гады таму хлопец быў зьбіты на вясковай дыскатэцы ў Менскім раёне з-за таго, што быў падобны да стэрэатыпнага гея. Пасьля ён таксама памёр. Гэтая гісторыя не пайшла тады ў СМІ, бо маці не хацела гэтага асьвятляць. Такія гісторыі ўжо былі і яшчэ могуць здарыцца, пакуль ёсьць такая зьява, як гамафобія.

Канечне, шмат будзе залежаць ад дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, праваабарончых, ЛГБТ-актывістаў, палітычных лідэраў, ад таго, ці будуць карыстацца мовай варожасьці, распальваць нянавісьць. І, канечне, шмат што залежыць ад сродкаў масавай інфармацыі, бо некаторыя могуць здорава заахвочваць да гамафобіі. Напрыклад, як магілёўская газэта піша вельмі гамафобныя артыкулы раз на месяц».

XS
SM
MD
LG