Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч заклікае правесьці перавыбары ў ЭГУ


Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч лічыць неабходным правесьці паўторны конкурс на пасаду рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Пра гэта ён заявіў БелаПАН.

Раней, 3 красавіка, агульны сход заснавальнікаў абраў новым рэктарам ЭГУ прафэсара Дэйвіда Поліка.

Працэс выбараў рэктара ня выклікаў даверу ў студэнтаў, выпускнікоў, грамадзянскай супольнасьці Беларусі, адзначыў Мілінкевіч. На яго думку, паўторны конкурс можна правесьці хутка — важна, каб ён быў адкрытым.

«Для таго каб прасоўваць неабходныя ў ЭГУ рэформы, чалавек, які стане рэктарам унівэрсытэту, павінен быць легітымны і мець падтрымку студэнтаў, акадэмічнай грамадзкасьці і грамадзянскай супольнасьці», — сказаў Мілінкевіч.

Разам з тым, адзначыў ён, унівэрсытэт «пакутуе ў выніку конкурсу, які зацягнуўся». Тут цяжка выкладаць, вучыцца, ня выключаны складанасьці з наборам студэнтаў, бо людзі сумняюцца ва ўстойлівасьці будучыні ЭГУ.

«Лёс унівэрсытэту неверагодна важны для Беларусі, — сказаў Мілінкевіч. — Цяпер ёсьць вялікая асьцярога, ці ня стане ЭГУ дрэйфаваць у бок „рускага сьвету“. Вялікая небясьпека заключаецца ў тым, што гэта будзе амэрыканска-расейскі ўнівэрсытэт. Ня думаю, што ў выпадку, калі ЭГУ ўзначаліць прафэсар Дэйвід Полік, унівэрсытэт захавае беларускасьць. У маім разуменьні гэта ня столькі моўная палітыка, але служэньне Беларусі, праца на яе карысьць шляхам правядзеньня дасьледаваньняў па тэме Беларусі і падрыхтоўка для краіны эліты. Беларусі неабходныя рэформы — пры гэтай уладзе або безь яе. Моладзь павінна правесьці гэтыя рэформы, старэйшае пакаленьне наўрад ці справіцца», — сказаў Мілінкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG