Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Поліка не хацеў ніхто — ані донары, ані выкладчыкі, ані студэнты» — звольнены з ЭГУ філёзаф Максім Жбанкоў лічыць прызначэньне Дэйвіда Поліка рэактарам ЭГУ праявай агоніі, а самі выбары называе фарсам. «Гэта не канец майго жыцьця», — камэнтуе вынікі конкурса ўжо былы прэтэндэнт на пасаду рэктара Аляксандр Мілінкевіч.

3 сакавіка ўвечары стала вядома, што рада заснавальнікаў ЭГУ зацьвердзіла на пасадзе рэктара амэрыканца Дэйвіда Поліка. Напрацягу апошняга году ён працаваў першым прарэктарам і галоўным апэрацыйным дырэктарам ЭГУ. У кастрычніку быў прызначаны часова выконваючым абавязкі рэктара.

Выбары новага рэктара ЭГУ абвясьцілі пасьля сыходу з паста заснавальніка і прэзыдэнта ЭГУ Анатоля Міхайлава 30 верасьня 2014.

У шорт-ліст прэтэндэнтаў уваходзілі прафэсар ЭГУ Тацьцяна Шчытцова, лідар руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, гісторык Алесь Краўцэвіч, прафэсар Дэйвід Полік, прарэктар па разьвіцьці і камунікацыі ЭГУ Дарыюс Удрыс і дырэктар офіса Інстытута міжнароднай адукацыі ў Маскве Эдвард Рослаф.

Максім Жбанкоў

Максім Жбанкоў

«Гэты выбар — гэта каляпс топ-мэнэджмэнту ўнівэрсытэту, апошні цьвік у труну праекта, — кажа кандыдат філязофскіх навук Максім Жбанкоў. У 2014 зь ім, як і зь яшчэ двума дзясяткамі беларускіх выкладчыкаў, сярод якіх Павал Церашковіч, Андрэй Лаўрухін, Вольга Шпарага, Аляксей Крывалап ды іншыя, кіраўніцтва ЭГУ не працягнула кантракт. — Выбар (Дэвіда Поліка — РС) — быў прадказальны, бо на працягу апошніх год кіраўніцтва ЭГУ з усіх магчымых варыянтаў вырашэньня праблемаў традыцыйна выбірае самыя безнадзейныя. Зараз мы атрымалі фантастычны па сваім цынізьме фарс — псэўдавыбары. Насамрэч у ЭГУ заўсёды падтрымліваюць не эфэктыўных, а зручных».

Жбанкоў характарызуе Дэйвіда Поліка як чалавека, які «ня здольны вырашыць аніводнай праблемы і сам ёсьць праблемай».

«Наколькі я ведаю, Поліка не хацеў ніхто — ані донары, ані выкладчыкі, ані студэнты, — працягвае Максім Жбанкоў. — Тым больш не хацела грамадзянская супольнасьць Беларусі. Тое, што насупраць усім гэтым крытычным меркаваньням Полік усё ж прайшоў —дэманструе, як робяцца справы ў ЭГУ. Спадар Міхайлаў, які фактычна аднаасобна кіруе праектам, абірае штосьці на падставе абсалютна суб’ектыўных інтарэсаў ды амбіцый і менш за ўсё думае пра Беларусь і абавязкі перад грамадзянскай супольнасьцю». «Гэта агонія, і мы, на жаль, можам толькі назіраць за ёй звонку», — заключае Максім Жбанкоў.

Шмат хто зьвязваў спадзевы на беларусізацыю ЭГУ зь перамогай у конкурсе лідара «Руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча.

Аляксандар Мілінкевіч

Аляксандар Мілінкевіч

«Мне хацелася стаць рэктарам, — прызнаецца Мілінкевіч. — Я быў заангажаваны ў гэты працэс. Але не лічу гэта трагедыяй ці паразай. Гэта спаборніцтва. Праўда, па правілах, якія мы так і не зразумелі».

Пра непразрыстую працэдуру конкурса нагадвае і іншы прэтэндэнт на пасаду гісторык Алесь Краўцэвіч:

Алесь Краўцэвіч

Алесь Краўцэвіч

«Вельмі таямнічая была працэдура, — распавядае Краўцэвіч. — Я яшчэ ў сакавіку атрымаў афіцыйную інфармацыю, што застаецца шэсьць кандыдатаў і сярод іх я. Як усё гэта адбывалася, абсалютна было не вядома». «Але ніякай псыхалягічнай траўмы ад гэтага рашэньня я не атрымаў», — сьмяецца Краўцэвіч.

Абодва прэтэндэнты жадаюць Дэйвіду Поліку посьпехаў на новай пасадзе і спадзяюцца, што ЭГУ стане больш беларускім.

«Важна, каб ЭГУ служыў Беларусі. Каб гэта была ня толькі навучальная ўстанова, а пляцоўка для навуковых дасьледаваньняў пра Беларусь, для Беларусі, па інтэграцыі тых людзей, што працуюць за мяжой і маюць беларускае паходжаньне. Важна іх далучыць да працы на карысьць краіны. Шмат заданьняў ёсьць і ці будзе такім ЭГУ, цяжка скажаць. Хочацца, каб быў, — выказваецца Аляксандр Мілінкевіч. — Канечне, рэктар — не адзіная асоба, якая вызначае лёс унівэрсытэту. Але паводле статута ЭГУ, гэтая пэрсона адыгрывае велізарную ролю, таму на ім будзе гэтая адказнасьць».

Алесь Краўцэвіч спадзяецца, што атмасфэра грамадзкай дыскусіі вакол статуса і будучыні ЭГУ, якая вялася апошнія паўгады, паўплывае на дзеяньні новага рэктара:

«Спадзяюся, што дарэмна нашая воля да беларускасьці ЭГУ не прападзе», — кажа гісторык. Аднак сам Краўцэвіч сваю будучыню з ЭГУ не зьвязвае. «Я ў тым ЭГУ не працаваў. Хацеў прачытаць курс лекцый, мне не дазволілі, — тлумачыць ён. — Таму сумняюся, што мяне туды возьмуць».

Аляксандр Мілінкевіч абяцае сачыць за тым, як будзе разьвівацца ЭГУ, бо унівэрсытэт застаецца важным для Беларусі праектам:

«ЭГУ трэба дапамагаць, бо ЭГУ — гэта ня нечыя амбіцыі ці спадзевы», — кажа Мілінкевіч. — ЭГУ — гэта лёс нашай моладзі. Важна, каб яна пераўтваралася ў будучую эліту. Каб яны былі зь беларускім сэрцам і эўрапейскім тварам. Трэба працаваць на ЭГУ і не пакідаць надзею, што гэты ўнівэрсытэт будзе такім, пра які мы марым«.

Максім Жбанкоў, які застаецца сябрам прафсаюза ЭГУ, абяцае не пакідаць намаганьняў на рэабілітацыю звольненых выкладчыкаў.

«Мы будзем дабівацца гэтага ў тым ліку і з выкарыстаньнем літоўскай судовай сыстэмы, — кажа Жбанкоў. — Наш эгушный сюжэт працягваецца, але гэта сюжэт не супрацы, а канфлікту з аўтарытарнай адміністрацыяй».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG