Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Былы палітвязень Малчанаў эміграваў ва Ўкраіну: Вярнуся толькі ў вольную Беларусь


Аляксандар Малчанаў

Аляксандар Малчанаў

Стаміўшыся ў Беларусі ад ператрусаў і крымінальных спраў, 27-гадовы вязень Плошчы, барысаўчанін Алесь Малчанаў пераехаў ва Ўкраіну. Цяпер хлопец будуе каапэратыўную кватэру ў Кіеве і дапамагае байцам АТА.

Стаміўшыся ў Беларусі ад ператрусаў і крымінальных спраў, 27-гадовы вязень Плошчы, барысаўчанін Алесь Малчанаў пераехаў ва Ўкраіну. Цяпер хлопец будуе каапэратыўную кватэру ў Кіеве і дапамагае байцам АТА.

— Вы апублікавалі ў Фэйсбуку фатаздымкі, на якіх вы са зброяй на ўсходзе Ўкраіны. Калі гэта было?

— Год таму я некалькі месяцаў правёў ва Ўкраіне, быў у зоне АТА. На жаль, цяпер не магу казаць пра тое, дзе менавіта я быў і зь якім батальёнам быў зьвязаны. Але з факту майго знаходжаньня пэўны час у зоне АТА я сакрэту не раблю.

— Ці ўдзельнічалі вы ў баявых дзеяньнях?

— Я выконваў шэраг функцыяў на баку АТА. Пакуль дэталёва пра гэта расказаць не магу.

— Празь некалькі месяцаў вы зьехалі з зоны АТА. Што адбылося далей?

— Пасьля я вярнуўся ў Беларусь, прадаў свой дом у Барысаве і цяпер зноў ва Ўкраіне. На выручаныя грошы будую кватэрку ў Кіеве, гатовая яна будзе на пачатку наступнага году.

— У Беларусі ў вас пастаянна былі праблемы з праваахоўнымі органамі. У вашым доме ня раз рабілі ператрусы, вы былі пад прэвэнтыўным наглядам. Увесну падчас ператрусу міліцыянты знайшлі на кампутары фатаздымак, дзе вы ў вайсковай вопратцы і трымаеце ў руках гранату расейскай вытворчасьці РГА. Ці быў нейкі ціск на вас пасьля гэтага?

— Калі я вярнуўся, у мяне было вельмі шмат праблемаў. Праваахоўныя органы атрымалі інфармацыю, што я быў на ўсходзе Ўкраіны. У КДБ выклікалі маіх знаёмых. Даводзілася быць вельмі асьцярожным, але кожны дзень у Беларусі я адчуваў сябе ў небясьпецы. Таму я імкнуўся максымальна хутка прадаць дом і зноў паехаць ва Ўкраіну.

— Цяпер вы ў Кіеве. Ці паедзеце яшчэ на фронт?

— У зону АТА пляную паехаць дзесьці празь дзесяць дзён. Пакуль ня ведаю, які задачы там перада мной паставяць, але пра мой прыезд ужо дамоўлена. Яшчэ хачу паехаць на некалькі дзён у Крым, паглядзець, як праходзіць блякада.

— Ці ёсьць нейкае асаблівае стаўленьне да беларусаў, якія прыехалі добраахвотнікамі ў АТА?

— Нічога асаблівага. Добрае, прыязнае стаўленьне, па-чалавечы ставяцца. Вядома ж, што ў зоне АТА ёсьць беларусы. Я сустракаю некаторых зь іх. І я магу сказаць, што колькасьць беларусаў тут вымяраецца ўжо не дзясяткамі, а сотнямі. І тое, што Лукашэнка сказаў, нібыта тут 20 адмарозкаў, — поўная лухта. Беларусаў вельмі шмат. Некаторыя прыяжджаюць, пасьля вяртаюцца. Некаторыя спрабуюць атрымаць афіцыйны статус і застацца ва Ўкраіне.

— Дарэчы, як вы ўладкоўваеце свой афіцыйны статус? Вядома, што добраахвотнікі маюць вялікія цяжкасьці з тым, каб атрымаць хаця б статус уцекача.

— Я пляную атрымаць від на жыхарства. У гэтым мне дапамагаюць валянтэрскія арганізацыі. Але пакуль афіцыйнага статусу няма. Наяўнасьць нерухомасьці ва Ўкраіне — не падстава для безумоўнага атрыманьня статусу.

— Ці вернецеся вы ў Беларусь?

— Я пляную жыць ва Ўкраіне да таго часу, пакуль у Беларусі ня зьменіцца сытуацыя. Я вельмі хачу плянаваць сваё жыцьцё ў Беларусі, але гэта павінна быць ужо іншая Беларусь. Я хачу жыць у свабоднай дэмакратычнай краіне, якая ня будзе марыянэткай Расеі.

— А чаму вы вырашылі пераехаць ва Ўкраіну?

— Украіна ніколі не была для мяне чужой дзяржавай. У мяне тут ёсьць і сваякі, і сябры. Яшчэ падлеткам я вельмі часта прыяжджаў ва Ўкраіну, мне тут вельмі падабаецца. Таму, калі Расея напала на Ўкраіну, я быў вельмі абураны. Украіна — не радзіма, але я ніколі ня ставіўся да яе абыякава. І я не магу глядзець спакойна на тое, як яе топяць у крыві.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG