Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За Ўкраіну ваююць каля ста беларусаў, — добраахвотнік Кім


Беларусы з добраахвотніцкага атраду «Пагоня», архіўнае фота

Беларусы з добраахвотніцкага атраду «Пагоня», архіўнае фота

Пра гэта распавёў у інтэрвію «Фокусу» добраахвотнік зь Беларусі з пазыўным Кім. Ён сказаў, што ў беларускага і ўкраінскага народа агульны вораг — Крэмль.

«На баку сэпаратыстаў таксама ёсьць мае суайчыньнікі, праўда, я іх такімі не лічу: гэта ворагі. Я ведаю, што ў Шырокіне на баку сэпаратыстаў ваююць два беларускія міліцыянты», — распавёў Кім.

Добраахвотнікі зь Беларусі трапляюць у атрад «Пагоня».

«„Пагоня“ — не самастойная баявая адзінка. Гэта, хутчэй, народная арганізацыя, аб’яднаньне беларусаў, якія ваююць. Пасьля таго як добраахвотнікі праходзяць адбор, іх адпраўляюць ва ўкраінскія добраахвотніцкія батальёны. Адбор палягае ў анкетаваньні і гутарках, псыхалягічных тэстах. Потым добраахвотнікі праходзяць агульнавайсковыя трэніроўкі, але бяз зброі, — распавёў добраахвотнік зь Беларусі. — У мяне была магчымасьць трапіць у „Азоў“, „Айдар“ ці „Данбас“. Я быў у самым першым наборы, таму апынуўся ў „Азове“. Ва Ўкраіну прыехаў у ліпені. У батальёне мы праходзілі тактычную і мэдычную падрыхтоўку. Потым быў курс маладога байца і адпраўка ў АТА. Цяпер навабранцы трэніруюцца па апошніх мэтодыках — праходзяць курс „Азоў-Спартан“. У яго аснове курс падрыхтоўкі „марскіх коцікаў“ у ЗША. Гэта сур’ёзнае выпрабаваньне».

Кім удзельнічаў ва ўсіх апэрацыях «Азова», быў паранены. Як добраахвотнік ён не атрымлівае грошай за службу. Украінскі бок абувае, апранае добраахвотнікаў, усім іх забясьпечвае. Кім кажа, што ваюе дзеля таго, «каб гэтае мірнае жыцьцё такім і заставалася».

Беларускі добраахвотнік кажа, што па вяртаньні дадому яго нічога добрага не чакае. Аднак атрымаць украінскае грамадзянства вельмі складана.

Да маіх блізкіх пакуль ніхто са спэцслужбаў не прыходзіў, магчыма, таму, што я нідзе не сьвячуся

«Крымінальны кодэкс РБ абвяшчае, што пакараньню падлягаюць асобы, якія ўдзельнічаюць у збройным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы, пры гэтым не знаходзяцца ў дзяржаўных вайсковых фармаваньнях. Артыкул 133. Я знаходжуся ў рэгулярным вайсковым фармаваньні і не падпадаю пад гэты артыкул. Іншая справа, што беларускаму КДБ нічога ня трэба даказваць. Заўсёды можна сказаць, што пры затрыманьні ты ўдарыў супрацоўніка міліцыі па твары, пашкодзіў яму зубную эмаль і зараз атрымаеш сем гадоў строгага рэжыму.

Да маіх блізкіх пакуль ніхто са спэцслужбаў не прыходзіў, магчыма, таму, што я нідзе не сьвячуся. Мае погляды і погляды маіх бацькоў часта не супадалі, я да гэтага прызвычаіўся. Маці ўспрыняла ў штыкі маё рашэньне ісьці ваяваць. Яна беларуска, але вырасла ў Расеі, таму „рускі сьвет“ ёй блізкі. Мы сышліся на тым, што гэта маё рашэньне.

Атрыманьне ўкраінскага грамадзянства — вельмі складанае пытаньне. Нягледзячы на свае абяцаньні, улады нічога ня робяць дзеля таго, каб дапамагчы людзям, якія ваююць за іхнюю краіну. Дзеля таго каб паскорыць працэс, трэба актыўна сьвяціцца ў сацсетках, выступаць, крытыкаваць, лезьці на ражон. Калі цябе заўважаць, падвысяцца шанцы атрымаць хоць бы від на жыхарства. Мне трэба атрымаць украінскае грамадзянства, каб легалізаваць сваё знаходжаньне тут і мець магчымасьць бясьпечна езьдзіць дадому, у Беларусь», — сказаў Кім «Фокусу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG