Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдуард Лобаў: Мой досьвед на Данбасе яшчэ спатрэбіцца Беларусі


Эдуард Лобаў

Эдуард Лобаў

Былы палітвязень і сустаршыня «Маладога Фронту» Эдуард Лобаў напрыканцы ліпеня таемна пераехаў ва Ўкраіну і далучыўся да добраахвотнікаў, якія змагаюцца супраць расейскай агрэсіі.

Тады ў відэазвароце, які разьмешчаны на канале youtube у суполцы «Згуртаваньне патрыётаў», актывіст заявіў, што вырашыў паехаць ва Ўкраіну яшчэ ў калёніі.

У інтэрвію прэс-службе «Маладога Фронту» Эдуард Лобаў сказаў, што ён цяпер у добраахвотніцкім батальёне «Правага Сэктару», які разьмешчаны пад Марыюпалем, але не ў тактычнай групоўцы «Беларусь» — так вырашыла камандаваньне. Сваю будучыню актывіст зьвязвае зь Беларусьсю і на зьезьдзе «Маладога Фронту», які пройдзе 12 верасьня, будзе завочна балятавацца ў кіроўны орган арганізацыі — сойм.

Пра тое, навошта паехаў на Данбас

«Я не за свабоду Ўкраіны ваяваць ехаў, а за свабоду Беларусі. Бо калі Арда не атрымае па зубах тут, на Данбасе, яна пойдзе далей — і Беларусь, я абсалютна перакананы, будзе праглынутая, як і Крым, за пару сутак».

Пра важнасьць мовы

«Каб Крым і Данбас размаўлялі па-ўкраінску, Маскве было б амаль немагчыма дасягнуць таго, чаго яна дасягнула з часоў „другога майдану“ — акупацыі Крыму і паловы Данбасу. Але я лічу, што абарона расейскамоўных — гэта ўсё ж толькі прыкрыцьцё. Масква і на нашу радзіму, на ВКЛ, заўсёды нападала, аргумэнтуючы гэта тым, што ідзе бараніць праваслаўных адзінаверцаў, але галоўным было — ненажэрнасьць і прага чужой зямлі».

Пра палітычных вязьняў і выбары

«Лукашэнка вызваліў палітвязьняў — нічога новага, кожную пяцігодку адбываецца перадвыбарчая гульня ў дэмакратыю, накіраваная на тое, каб Захад прызнаў яго за легітымнага прэзыдэнта. Я мяркую, нічога „выбары“ ня зьменяць. Гэта будуць самыя пасіўныя выбары за ўсю гісторыю. Дый чаго чакаць ад іх, калі гэта фарс, у якім ніхто нават не заікаецца, што будзе змагацца за ўладу. Гэта проста тупы фарс, які нікому не цікавы».

Пра ролю Беларусі ў расейска-ўкраінскім канфлікце

«Я ўпэўнены, што расейска-ўкраінская вайна — гэта тое, праз што разваліцца Маскоўская Арда; і Беларусь ня можа застацца ўбаку ад гэтага працэсу. Мой досьвед і мая дапамога, як дапамога ўсіх беларускіх добраахвотнікаў на гэтай вайне, яшчэ спатрэбіцца Беларусі. Дзеля гэтага ўсе мы тут і знаходзімся, каб потым паслужыць Беларусі».

Эдуард Лобаў нарадзіўся ў 1988 годзе. Да дзейнасьці «Маладога фронту» далучыўся пасьля вяртаньня з войска. Службу праходзіў у 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе ў Віцебску.

У 2011 годзе быў асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі паводле артыкула «хуліганства» разам зь лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам. Выйшаў на волю 18 сьнежня 2014 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG