Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імпартная садавіна і гародніна за апошні тыдзень падаражэла ў беларускіх крамах прынамсі ўдвая. Гандляры тлумачаць гэта рэзкім скачком валютнага курса. Аднак і беларуская прадукцыя даражэе шпаркімі тэмпамі. Напрыклад, агуркі, вырашчаныя ў мясцовых цяплічных гаспадарках, каштуюць ужо столькі ж, колькі гішпанскія памідоры — ад 10 тысяч рублёў за кіляграм.

Высокія кошты на беларускую сельгаспрадукцыю вытворцы абгрунтоўваюць падвышэньнем цэнаў на энэрганосьбіты і няўстойлівай эканамічнай сытуацыяй у краіне.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Даражэе газ з Расеі — расьце цана на ўсё

На Гарадзеншчыне ў велікодныя сьвяты былі самыя высокія цэны на сьвежыя гуркі, памідоры, цыбулю і іншую гародніну.

Адзін з асноўных вытворцаў гародніны ў абласным цэнтры — Гарадзенская гароднінная фабрыка. Я зьвярнуўся наўпрост у эканамічны аддзел гэтага прадпрыемства, каб атрымаць адказ ад спэцыялістаў — чаму такія высокія кошты на іх прадукцыю?

Галоўны эканаміст Юры Сак падкрэсьліў, што цэны дыктуе рынак, а прычыны іх падвышэньня наступныя:

«У нас вельмі вялікая доля энэрганосьбітаў закладаецца ў цану. Мы ацяпляем вытворчасьць прыродным газам, які закупляецца па дарагой цане. Кожны год ён даражэе, і сёлета з 1 студзеня падаражэў на 15%. Абяцаюць, што з другога квартала адбудзецца яшчэ адно падаражэньне».

Акрамя гэтага, спадар Сак кажа, што і матэрыяльныя выдаткі сёлета значна вырасьлі ў цане:

«Прыкладна 90% матэрыяльных затратаў — гэта ўгнаеньні, сродкі аховы — яны ў нашай краіне не вырабляюцца, іх купляюць за мяжой, а значыцца, на гэта ўзьдзейнічае і валютны крызіс, скачкі курсу валюты».

Гаспадыня фэрмы ў Лідзкім раёне спадарыня Надзея таксама займаецца вырошчваньнем гародніны. Гаворачы пра рост цэнаў на энэрганосьбіты, яна дадае, што канчатковую цану на рынку дакручвае яшчэ і наш гандаль, куды прадукцыя здаецца на рэалізацыю.
Раней за чэрвень гародніна не патаньнее.


Спадарыня: «Да прыкладу, мы здавалі зялёную цыбулю па 9 тысяч, да гэтага дадаецца адразу 10% падатак на дабаўленую вартасьць, і гандаль можа да 30% накручваць. Нехта зь іх накручвае 20%, нехта — 25%, а некаторыя і ўсе 30%».

Я ўсё ж пацікавіўся — калі чакаць ніжэйшых цэнаў на гародніну? Спадар Сак сказаў мне, што ў траўні яны значна зьнізяць сабекошт, перастаўшы ацяпляць парнікі прыродным газам, а ў чэрвені на рынак пачне паступаць болей прадукцыі з прыватных гародаў, зьявіцца канкурэнцыя, і цэны зьнізяцца.

ВІЦЕБШЧЫНА


«Цану гародніны вызначаюць па „чорным курсе“ даляра»

У Віцебску цяпер адзін кіляграм яблыкаў каштуе 7 тысяч рублёў. Такі ж кошт апэльсінаў і мандарынаў. А гуркі — даражэйшыя.

Спадарыня Галіна з райцэнтру Глыбокае пераконвае, што ў рэгіёнах цэны бываюць яшчэ вышэйшыя, чым у абласным цэнтры:

«Мы сёньня ў краму „Арбіта“ заходзілі. Яблыкі — 7 тысяч, апэльсіны — 7 тысяч з капейкамі, мандарыны — 8 тысяч… Якая дарагоўля! Я паглядзела дый пайшла. Думаю — не, ня буду купляць. Гуркі — 9 430 сёньня, паглядзела — 6 490 капуста. Дарагая капуста, як ніколі! Думаю: гары яна гарам, такія грошы за яе плаціць…».

Мэханізм падвышэньня цэнаў тлумачыць аршанскі фэрмэр Адам Сапежка:
Калі пайшлі чуткі, што дэвальвацыя будзе ці не на 100%, дык я ж ня дурань!

«Усё ж проста! У мяне таксама былі дамоўленасьці прадаваць буракі прыватным прадпрыемствам нашым па 1400-1500 рублёў. А калі пайшла вось такая сытуацыя — што грошай у абменьніках няма, — дык я адразу сказаў, што не магу прадаваць па такіх коштах! Калі пайшлі чуткі, што дэвальвацыя будзе ці не на 100%, дык я ж ня дурань! Я закладу ў кошт „падстрахоўку“ на набыцьцё валюты. Я ўжо падстрахоўваюся!».

Фэрмэр Адам Сапежка тлумачыць, што цяпер усе вызначаюць цэны з улікам курсу даляра, прычым «чорнага» курсу. У тым ліку й тыя, хто гандлюе замежнай гароднінай і садавіной:

«Кожны падумае — ды пачынае падстрахоўвацца, каб мець мажлівасьць набыць „камэрцыйныя“ даляры. А гэта ўжо 50% падаражэньня: калі я ўжо набыў такія даляры, а за гішпанскія памідоры трэба расплочвацца далярамі, а не беларускімі рублямі, то вось і ўсё! Так і пайшлі новыя кошты, прычым без усялякага тлумачэньня!».

Адаму Сапежку пашанцавала: ён знайшоў ахвотных набыць ягоныя буракі ды бульбу за расейскія рублі, якія таксама растуць адносна беларускай валюты. Карыстаючыся тым, што расейская Смаленшчына побач, жыхары ўсходняй Віцебшчыны едуць за бліжэйшую мяжу і набываюць харчы там. У тым ліку садавіну і гародніну, кажа спадар Сапежка:

«Дык а што ты стаіш? Як у 1990-я гады— мяхі бяры ды запасы рабі! Канечне, хто мае магчымасьці, той езьдзіць у Расею. Там больш гнуткая сыстэма: бярэш адну штуку — адзін кошт, тры штукі — ужо іншы, а як 20 каробак — дык табе зьніжка, толькі 40% ад кошту… У нас такога няма. Але і там, мне здаецца, ужо неўзабаве адрэагуюць на нашы запатрабаваньні»…

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Таннай гародніны ўжо ня будзе»

Прадстаўнік Берасьцейскага гандлёва-вытворчага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства «Плодагародніна» Вадзім Генадзевіч кажа, што эканамічная сытуацыя на прадпрыемстве — крызісная. Па словах суразмоўцы, вытворчасьць значнай часткі прадпрыемстваў грунтуецца на імпартным абсталяваньні. За яго даводзіцца разьлічвацца па новым курсе. Таму прадпрымальнікі і дзяржаўныя прадпрыемствы проста спынілі вытворчасьць:

«Кошты вырасьлі ў асноўным на імпартную прадукцыю. Цяпер па безнаяўных разьліках за даляр трэба заплаціць 4800–5000 рублёў. Адсюль і рост цэнаў на ўсё».

Рост цэнаў на гародніну абурае людзей. Вось што кажа жыхарка Берасьця Сьвятлана Васілеўна:

«Гародніна цяпер у нас перастала быць таннай. І гэта пры тым, што ў нас такая ўвага з боку кіраўніцтва краіны да сельскай гаспадаркі. Пра нас жа заўсёды казалі — „бульбашы“. Але вось цяпер бульба, морква, прычым ня імпартная, а наша — вельмі дарагая».

У «агурковай сталіцы» Палесься сёлета могуць пуставаць парнікі

Крызіс адбіўся і на вяскоўцах вялікай столінскай вёскі Альшаны, якую называюць яшчэ «гурковай сталіцай Палесься». Тут практычна кожная сям’я трымае парнікі і вырошчвае гуркі. Жыхарка гэтай вёскі Марыя кажа, што працы толькі-толькі пачаліся, а складанасьцяў ужо вельмі шмат:

«Сёлета стала вельмі цяжка. Не хапае катастрафічна грошай. На парнікі цяпер неабходна выдаткаваць істотныя грошы. А цэны падняліся на ўсё. Тыя ж расходныя матэрыялы мы набываем у Альшанах. Падаражэла ўсё як мінімум на 50 тысяч рублёў. Гэта даволі шмат. Пакуль складана сказаць, як пойдзе гандаль, які будзе ўраджай. Цэны на гуркі, напрыклад, у дзяржаўных крамах складаюць каля 10 тысяч рублёў. На рынку — 8 тысяч рублёў».

Многія вяскоўцы сёлета адмовіліся ад парнікоў. Паставіць парнік робіцца надзвычай дорага, кажа жыхарка Альшан Кацярына:

«Мы сёлета ня ставім парнік. Ён у нас упаў. А новы ня ў стане паставіць. Гэта надзвычай складана і дорага. Проста ня маем грошай. Раней пастаянна вырошчвалі і прадавалі гуркі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG