Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку тавар зьнікае. Потым зьяўляецца — значна даражэйшы


Цэны на алей на рынку ў Гомелі.

Цэны на алей на рынку ў Гомелі.

Хваля падвышэньня цэнаў на тавары не спыняецца. З прадуктаў найперш даражэюць алей, макарона, дзіцячае харчаваньне, гарбата, кава. Уласныя карэспандэнты «Свабоды» хадзілі сёньня па крамах і рынках у розных рэгіёнах Беларусі.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Чыноўнікі кажуць, што нічога не даражэе, а ў крамах назіраеш зусім іншае».

У Гомелі падвышаныя цэны найперш на алей, макароны, дзіцячае харчаваньне, гарбату, каву.

Спадарыня Валянціна: «Алей ужо 8500 на рынку, у крамах таксама падаражэла — сем з паловай тысячаў, 7400. А кажуць, што ў нас нічога не даражэе. І рыс, і макароны — усё даражэе з кожным днём. Па тэлевізары, па радыё адны прамовы, што нічога не даражэе, а ў крамах назіраеш зусім іншае».

Кабета кажа, што сёе-тое прыдбала сабе ў запас: «Алею купіла пару бутэлек, мукі, макароны».

Пэнсіянэрка Галіна згадвае, што апошнім часам моцна падрасьлі кошты на мясныя вырабы:

«Мясныя вырабы моцна падаражэлі, алей. Цукар цяпер каштуе 3600 рублёў за кіляграм, і ўжо кажуць, што па 11 тысячаў будзе. Пяць кіляграмаў узяла цукру, калі сказалі, што будзе па 11. Яйкі таксама падаражэлі — розныя кошты. Тут і дзівіцца няма чаго — яно ўсё зараз расьце».

Маладыя мамы дзівяцца, што падрасьлі цэны й на дзіцячае харчаваньне, і на каву, і на гарбату.

Пакрысе кожны дзень даражэе, ужо нават прывыклі, ужо не перажываеш так.
Сьвятлана: «Нават дзіцячае пюрэ падаражэла рублёў на 500 — пюрэ з садавіны, якое бяром для дзяцей. Пакрысе кожны дзень даражэе, ужо нават прывыклі, ужо не перажываеш так, хоць гэта істотнае падвышэньне, і асабліва для мацярок, якія жывуць на дэкрэтныя — 296 тысяч рублёў».

Сяброўка Сьвятланы спадарыня Алена, якая таксама гуляе на вуліцы з малым дзіцем, кажа, што зьдзіўленая новымі цэнамі на каву:

«Кава ўчора зьдзівіла, што моцна падаражэла. Даўно ня брала. Так, падаражэлі напоі — чай і ўсё такое».

Паважнага ўзросту гараджанка адзначае такую заканамернасьць:

«Перад падаражэньнем прападае ўсё. Звычайна яно ёсьць на складах, але перад падаражэньнем, як правіла, зьнікае з паліцаў у крамах.. Яно ляжыць, яно ёсьць, але чакае свайго новага кошту».

ВІЦЕБШЧЫНА


Людзі па-ранейшаму бяруць у запас цукар і алей

Пакупніцкі ажыятаж на цукар або алей на Віцебшчыне ўжо не такі адчувальны, але людзі па-ранейшаму імкнуцца назапашваць гэтыя прадукты. Спадарыня Валянціна, якая жыве ў вёсцы пад Глыбокім, адмыслова зьезьдзіла ў райцэнтар ды набыла цукру:

«Я ў Глыбокім і пэнсію атрымала, і купіла 6 кіляграмаў. Хацела 10, але ж цяжка цягнуць… Дык купіла ўжо толькі 6 кіляграмаў цукру. І алею трэба будзе набраць. Але ж якія ўжо кошты! Я запыталася, сказалі — 7 тысяч. Дык гэта ж ого! А па тэлевізары казалі, што нічога даражэць ня будзе. Дык колькі ж гэта можна!»

У віцебскіх крамах алей на паліцах стаіць і па 7, і па 8, і па 9 тысяч. Пэнсіянэрка Галіна Люмарава кажа, што па тэлевізары казалі толькі пра наяўнасьць прадукту, а не пра падвышаны кошт, і тым больш не пра якасьць:

«Гэта ж ня той алей, што я звычайна ўжываю! Нейкі своеасаблівы, і назвы незнаёмыя. Я ўжо такі б і не купіла, хоць і па 5 900 можна знайсьці. То тут нейкія рапсавыя дамешкі, то з пахам часныку ці яшчэ нечага… Я, калі мне трэба, часныку і сама пакрышыць магу!».

Галіна Петрушэнка з пасёлка Коханава, што на Талачыншчыне, адзначае, што з натуральным часныком можа атрымацца і даражэй — прынамсі, капуста ды іншая гародніна ўжо таксама падаражэла:

Заробкі не растуць, пэнсіі не растуць, але ж усё даражэе…
«У нас вобласьць крыху бяднейшая, але ўсе хапаюць усё! Цукар, алей, муку. Бо баяцца, што ўсё яшчэ больш падаражэе. Заробкі ж не растуць, пэнсіі не растуць, а ўсё даражэе. Алей ужо па 11 тысяч стаіць. Капуста і тая падаражэла, усе абураюцца капустай. І мяса падаражэла. І мэбля нават — дзесьці на 40%».

Мэбля ды большасьць прамысловых тавараў застаецца цяпер незапатрабаванай. Бо людзі купляюць пераважна прадукты ды самае неабходнае для жыцьця, кажа прадпрымальніца Ірына Яскевіч:

«Цяпер купляюць пральныя парашкі ды цырату для парнікоў — самае неабходнае для веснавых пасадак і для таго, каб трымаць сябе ў чысьціні. Ну, яшчэ цяпер сэзон — дык дарослы чалавек застаецца ў тым, што ёсьць, а дзецям купляюць сэзоннае адзеньне.Але калі летась мы адзначалі, што пакупніцкая здольнасьць зьнізілася на 30%, дык цяпер нават і сказаць цяжка, наколькі яна зьнізілася».

Таму жыхароў Віцебшчыны ня радуюць паліцы з таварамі, на якіх няма дэфіцыту, — бо грошай, каб усе гэта набыць, таксама няма.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Жыцьцё падбіраецца да мяжы жабрацтва»

У Берасьці яшчэ раней шмат хто нарабіў прадуктовых запасаў, баючыся росту коштаў. Перасьцярога выявілася ня марнаю. Фактычна кожны тыдзень цэньнікі ў крамах зьмяняюцца ў бок павелічэньня. Пры гэтым пэнсіянэры заяўляюць, што яны ўжо дасягнулі мяжы беднасьці.

Марыя Аляксандраўна, жыхарка Берасьця, пасьля паведамленьняў пра рост цэнаў зрабіла запасы алею, цукру. Але, як яна кажа, на гэтым тле востра вылучаецца яе суседка-пэнсіянэрка, якая ня тое што ня можа набыць на запас прадуктаў, а наагул ледзь пражывае на сваю мізэрную пэнсію:

Ежа пэнсіянэркі — 5 бульбін на тыдзень.
«Людзі ўжо галадаюць. Паўгалодныя ходзяць. Наколькі я ведаю, мая суседка можа дазволіць сабе пяць толькі бульбін на тыдзень. А цэны працягваюць расьці. Мне патэлефанавала знаёмая зь Менску і распавяла, што алей ужо на паліцах крамаў па 11 тысяч. Безумоўна, людзі зьбіраюць сродкі і баяцца іх страціць. Даходы ў нашым грамадзтве невялікія. Пражыць даволі складана».

Мікалай, жыхар Берасьця, кажа, што на працягу тыдня цэны ў крамах могуць павялічыцца ў некалькі разоў. За кожным разам прыходзіцца пераразьмяркоўваць свой бюджэт:

«Набываю цяпер не па неабходнасьці, а па магчымасьці, а гэта ў асноўным толькі прадукты харчаваньня. Мне падаецца, што эканоміка перажывае нейкі вялікі крызіс, зь якім улады не спраўляюцца. Бо так жа ня можа быць, каб кошты кожны месяц павялічваліся. Але нават ня месяц — чатыры дні таму назад я быў у краме, і цэны былі зусім іншыя, чым раней, а сёньня ізноў цэны павялічыліся».

Стала звыклым, што калі ідзе размова пра рост цэнаў, то найперш гаворыцца пра грэчку, алей, цукар. Але для берасьцейцаў актуальнымі цяпер робяцца размовы і пра цэны на гародніну. Краіна, у якой нібыта вялізнае значэньне надаецца сельскай гаспадарцы, ня можа забясьпечыць насельніцтва таннай расьліннай прадукцыяй, кажа Сьвятлана Васільеўна:

«Гародніна ў нас стала вельмі дарагой. Пра нас жа кажуць, што мы вырошчваем вельмі шмат той жа бульбы. Нават стэрэатыпы на гэты конт ёсьць. Але бульба ў нас вельмі нятанная, тое ж можна сказаць і пра моркву. Перакананая, што гэтыя тавары становяцца практычна недаступнымі для пэнсіянэраў».

Улады пераконваюць людзей, што росту цэнаў ня будзе. Але гараджане не давяраюць гэтым словам. Нават калі ня зараз, то пасьля пасяўной альбо ўборачнай кампаніі цэны ізноў пачнуць расьці, кажа маладая маці Ірына:

«Людзі навокал перакананыя, што кошты будуць расьці. Таму і імкнуцца купіць як мага больш па меншых коштах. І яны, аказваецца, маюць рацыю. Усё даражэе — алей, цяпер нават гарэлка. Перакананая, што і кошты на цукар таксама вырастуць. Магчыма, што ня зараз, але з новага ўраджаю — дакладна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG