Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Засуха і неўраджай прывялі да таго, што кошт бульбы ў Беларусі ў параўнаньні зь леташнім павысіўся ўдвая. На 35-40 працэнтаў даражэйшымі сталі і беларускія гатункі морквы, цыбулі ды іншай гародніны. У гэтай сытуацыі рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды» шукалі адказы на пытаньні: ці стануць у выніку гэтага росту цэнаў багацейшымі беларускія сяляне, і як рэагуюць на падаражаньні гараджане?

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Калі цэны не ўпадуць, будзе моцнае хваляваньне»

На Берасьцейскім рынку набыць бульбу новага ўраджаю даволі складана. Прапановаў практычна няма. А сярэдняя цана за кіляграм складае ад 1200 да 1800 рублёў. Гараджане спадзяюцца на сельскагаспадарчыя кірмашы, дзе цэны ў папярэднія гады былі ніжэйшымі, чым на рынку.

Прадпрымальніца, якая гандлюе на рынку гароднінай, кажа, што для гараджан павышэньне цэнаў — сапраўдны ўдар па кішэні. Паводле яе, падаражаньне бульбы зьвязанае з тым, што яе цяпер актыўна скупляюць прадпрымальнікі з Расеі. Бяруць у вяскоўцаў бульбу і СПК, і таксама ня танна. Цэны непакояць гараджан:

«Людзі спадзяюцца купіць гародніну па меншых цэнах. Таму чакаюць кірмашоў. Але калі цэны не ўпадуць, то, мяркую, будзе моцнае хваляваньне ў людзей. Цэны вырасьлі на ўсё. Вось, напрыклад, капуста сёньня каштуе ад 1400 да 2000 за кіляграм. У мінулым жа годзе цэны на капусту былі ў межах 400 рублёў.»

Вясковец зь Берасьцейскага раёну прадае на рынку бульбу са свайго прысядзібнага ўчастку. За кіляграм ён просіць 1500 рублёў. СПК, дзе ён працуе, актыўна здае бульбу расейскім скупшчыкам па 900 рублёў. Таму, кажа вясковец, цэны і растуць імкліва. СПК цяпер не патрэбна арганізоўваць распродаж сваёй прадукцыі, ён і так мае пакупніка. Таму пацерпяць простыя людзі, якім такія цэны завысокія:
Бульба сёлета дарагая не таму, што ў нас неўраджай, а толькі таму, што ў Расеі была засуха.


«Бульба сёлета дарагая не таму, што ў нас неўраджай, а толькі таму, што ў Расеі была засуха. Раней СПК праводзілі кірмашы, прадукцыя адначасна станавілася таньней. Але сёлета навошта прывозіць з рэгіёну ў горад і за капейкі аддаваць сваю прадукцыю, калі ёсьць магчымасьць прадаць і на месцы, і даражэй?»

Палешукі Столінскага і Пінскага раёну, дзе прысядзібны ўчастак — практычна адзіная магчымасьць зарабіць, карыстаюцца сытуацыяй і задаволеныя існуючымі цэнамі. Жыхар вёскі Альшаны кажа, што амаль усе вяскоўцы маюць магчымасьць прадаць даражэй, чым у мінулым годзе:

«Агуркі зараз каштуюць каля 3000 рублёў за кіляграм. Капуста — 1000-1100, бульба прадаецца па 1200 рублёў. Ураджай задавальняе вяскоўцаў, бо тут іншай працы і іншага заробку проста няма. Агуркі, праўда, мала ў каго цяпер засталіся, капуста пакуль ёсьць яшчэ. Праўда, ўраджай меншы нашмат, чым у мінулым годзе. Затое бульба даволі добра ўрадзіла»

ВІЦЕБШЧЫНА


«Мне сын і муж забаранілі цяпер прадаваць бульбу, бо будзе даражэй!»

На віцебскіх вуліцах цяпер утвараюцца стыхійныя кірмашы: сяляне з бліжэйшых вёсак прывозяць на продаж у горад частку свайго ўраджаю.

Сёлета самы распаўсюджаны тавар — гэта яблыкі і бульба. Яблыкі адносна танныя, калі параўноўваць з коштамі на замежную крамную садавіну — па тысячы-паўтары за кіляграм . А вось бульба ды гародніна даражэй, як у краме: да дзьвюх тысяч за кіляграм яна каштуе ў прыватнікаў, а ў дзяржаўным гандлі — у сярэднім па 1300.

Жанчына зь вёскі каля харчовай крамы па вуліцы Праўды прадае пяцілітровае вядро «з каптуром» за 8 тысяч — і заадно рэклямуе сваю бульбу:

«З Падбярэзьзя бульба, недалёка ад горада. Якая добрая бульба! Чысьценькая! Толькі попел і перагной, так што ніякіх нітратаў няма! Я на кірмаш заходзіла, і там такое самае вядзёрка — па 8 тысяч, і не на кірмашы жанчына прадавала таксама па 8 тысяч. А будзе яшчэ даражэй! У мяне атрымліваецца па 1600 за кіляграм, а будзе па дзьве тысячы! Мне нават забаранілі сын і муж цяпер прадаваць, бо падаражэе, але ж яна ў мяне не апошняя, будзе што і даражэй прадаць. Бачыце, якая прыгожая!»

Спадарыня зь вёскі Падбярэзьзе насамрэч «не абдзірае» пакупнікоў. Зусім недалёка, на такім самым стыхійным кірмашы па Маскоўскім праспэкце ўжо просяць па дзьве тысячы за кіляграм бульбы. Зрэшты, крыху падзарабіць сяляне сёлета спрабуюць на ўсім, што вырасьцілі:

«Гарбузы, рэдзька, капуста — усё ў мяне ёсьць! Во морква толькі не ўрадзіла. Бурачкі ёсьць, во гэтая парачка — за тысячу, а гэтая — за 1200… У краме дык 1900, а я таньней прадаю, па 1500 недзе за кіляграм. У мяне буракоў шмат, дык трэба прадаць. Мы з сынам працуем, як ня ведаю хто… Ну, а калі працуем, дык трэба і падзарабіць!»

Пакуль вяскоўцы спадзяюцца на прыбыткі, гараджане відавочна хвалююцца, бо кошты на гародніну растуць. Спадарыня побач ужо прыкідвае, колькі бульбы ўзяць на зіму, параўноўваючы сёлетнія кошты зь мінулагоднімі:

«Так, мы ўжо палічылі. Дзесьці мех бульбы будзе каштаваць каля 60 тысяч. Гэта жах! Гэта дужа дорага! Летась мы бралі 10 мяхоў, але ж бульба тады была па 600 рублёў, па 700 рублёў за кіляграм — такія тады былі цэны…»

Гараджане спадзяюцца на традыцыйныя восеньскія кірмашы, якія праводзяцца ў сярэдзіне кастрычніка. Туды бульбу прывозяць з гаспадарак, і яна бывае не такая дарагая, як у прыватнікаў. Але апошнія пераконваюць, што іх бульба куды лепшая, і спадзяюцца дачакацца сваіх менш пераборлівых пакупнікоў.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Цэны ў нас, як у цэнтральных крамах Масквы…»

Рост цэнаў на сельгаспрадукцыю на Гарадзеншчыне ня робіць багатымі тых, хто яе вырошчвае.

Рост цэнаў на сельгаспрадукцыю апошнія два месяцы — адна з галоўных тэмаў у размовах гараджан. Людзей палохае тое, што нават звычайная беларуская бульба ў параўнаньні зь мінулым годам каштуе ў два разы даражэй. І, магчыма, гэта яшчэ не апошняя цана.

Спадарыня: «Наагул, усё дорага і ўсё лета цэны трымаліся высокія, а ў верасьні зараз ізноў цэны вырасьлі…»

Спадар: «Цэны ў нас, як у цэнтральных крамах Масквы. Цана бульбы на мінулым тыдні даходзіла да 1800 рублёў, а летась самая дарагая бульба каштавала 1000 рублёў. Морква — 1500 рублёў. Гэта
Такія цэны на сельгаспрадукцыю ў самы пік ураджаю — гэта ненармальна.
нармальна ці не? Я купляю, бо трэба есьці, але лічу, што такія цэны на сельгаспрадукцыю ў самы пік ураджаю — гэта ненармальна».

Яшчэ як аргумэнт незвычайнай сытуацыі спадар прыводзіць прыклад цэнаў у суседняй краіне.

Спадар: «У суседняй Польшчы цэны на сельгаспрадукцыю не зьмяніліся, хаця і там былі катаклізмы — напачатку затапіла, потым — засохла, тэмпэратура была за 40, але цэны засталіся тыя самыя».

Вясковыя людзі, якія прадаюць на рынку бульбу і іншыя прадукты, кажуць, што асабліва не адчуваюць гэтага падаражаньня, бо ніхто і ніколі ня лічыць, колькі яны затрачваюць на тое, каб вырасьціць тую ж бульбу, альбо моркву.

Спадарыня: «Калі прадаеш, то ня так гэта і дорага, бо ўсё гэта толькі капейкі. А падлічыце — колькі гэта вырасьціць: трэба заплаціць чалавеку, які зямлю абрабляе, і пасадзіць, і тым людзям, якія капаць дапамагаюць…».

Спадар пэнсійнага веку, калі гаворка зайшла аб прыбытках ад продажу сельгаспрадукцыі, кажа, што яго могуць падтрымаць толькі лічаныя людзі, якія займаюцца вырошчваньнем канкрэтных культур на вялікіх плошчах, маюць доступ да таннай тэхнікі, каб апрацаваць поле і яшчэ потым завезьці на рынак, а ня здаць дзяржаве. Але такіх, на яго думку, адзінкі.

Спадар: «А калі на сваім гародзе чалавек конікам пасадзіць тых 20-30 сотак, то яму гэтага хапае, каб самому было на зіму, і потым на насеньне на наступны год. Карацей, толькі на свае патрэбы».


XS
SM
MD
LG