Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Нас хочуць прымусіць быць такімі, як усе вакол нас


Усе нацыянальныя тэлеканалы трансьлявалі штогадовае пасланьне Аляксандра Лукашэнкі Нацыянальнаму сходу. У цэнтры ўвагі — менскі тэракт, крызісная сытуацыя ў эканоміцы і на валютным рынку.

Выступ пачаўся а 12 гадзіне. Лукашэнка выступаў дзьве з паловай гадзіны. Паводле меркаваньня назіральнікаў, гэта самае кароткае ягонае пасланьне за апошні час. Звычайна пасланьне займае ў Лукашэнкі каля 4 гадзін.

Івашкевіч: апазыцыя павінна думаць пра мэханізмы ціску на Лукашэнку

Віктар Івашкевіч
«Гэта чарговы раз паказвае, што ўсе спадзяваньні на тое, што Лукашэнку можна ўгаварыць лібэралізавацца, праводзіць зь ім дыялёгі па зьмене выбарчай сыстэмы, — марныя. На сёньняшні дзень без сытуацыі, калі ён будзе змушаны нешта рабіць, ён самастойна ні на якія паслабленьні ня пойдзе. І таму зараз галоўным чынам уся апазыцыя павінна думаць пра мэханізмы ціску на Лукашэнку. А не пра мэханізмы перамоваў зь ім».

Уладзімер Халіп: «Лукашэнка дакладна ведае, як насамрэч прагаласаваў Менск»

Уладзімер Халіп
Падчас прамовы ў Нацыянальным сходзе, гаворачы пра палітычную сытуацыю, Аляксандар Лукашэнка двойчы выказаўся адносна беларускай сталіцы: «гэты „сьвядомы“ Менск».

«Таму ён ненавідзіць Менск, што тут ён з трэскам правальваўся на выбарах. Зразумела. Як жа гэта так, што знайшлося столькі людзей, якія галасуюць не за яго? Якая можа быць тут дэмакратыя? Канечне, гнаць яе ў каршэнь трэба, толькі спэцназ, толькі спэцназ можа расставіць усё на месцы!»...








Карняенка: калі будзе атмасфэра страху, то ніякі закон не дапаможа

Віктар Карняенка
«Улады проста сьмяротна баяцца нейкіх тэндэнцый у зьмене выбарчых працэсаў. І тут справа ня толькі ў заканадаўстве. Дарэчы, заканадаўства — ня самая горшая рэч у нашых умовах. У свой час апазыцыя перамагала і па горшых законах. Галоўнае, у краіне няма нармальнай палітычнай атмасфэры для правядзеньня выбараў, і тут закон ні пры чым. Калі ня будзе свабоды слова, свабоды сходаў, калі будзе вось такая атмасфэра страху, якая створана сёньня ўладамі, то ніякі закон не дапаможа».

Лукашэнка скончыў. Ён выступаў 2 з паловай гадзіны. Паводле меркаваньня назіральнікаў, гэта самае кароткае ягонае пасланьне за апошні час.

Пачаліся адказы на пытаньні дэпутатаў. Першае — пра падзеі ў Паўночнай Афрыцы. «Гэта толькі пачатак, ці такое яшчэ будзе», кажа Лукашэнка.

Ён палохае радыкаламі ў Эгіпце і іншых краінах.

Ці трэба ўпраўляць балянсам гарадзкога і сельскага насельніцтва, спыталася дэпутат Бірукова.

Лукашэнка: «Упраўляюць трэба. Але такой праблемы ў нас няма».

Дэпутат Морава спыталася:

«Наколькі краіна забясьпечаная ад зьнешняй вайсковай пагрозы?

Лукашэнка: «Няшмат жадаючых, гатовых нас бамбаваць, бо могуць атрымаць у адказ. У нас ёсьць чым яго нанесьці».
Калінкіна: выступ Лукашэнкі значна спакайнейшы, чым было раней

Сьвятлана Калінкіна
«Тут у адну кучу зьмяшана ўсё. Бо, з аднаго боку, я цалкам падтрымліваю Аляксандра Лукашэнку, што тыя, хто ў нашым грамадзтве спрабуе правесьці нейкія рысы, за якімі правільныя і няправільныя грамадзяне Беларусі, нашы і ня нашы, пятая калёна ці трэцяя калёна, — насамрэч яны павінны несьці адказнасьць. І тое, што апошнім часам мы бачылі на дзяржаўных тэлеканалах, — гэта проста выходзіць за ўсе межы прыстойнасьці і паводзінаў у спакойнай краіне...»

Правілы правядзеньня выбараў ня зьменяцца


Наступныя выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць па цяперашніх правілах, заявіў Лукашэнка. Ён прызнаў, што цяперашні склад Палаты яго задавальняе.

«У нас актыўна дзейнічае група людзей з апазыцыі, якая мае толькі разбуральныя матывы. Іначай як пятай калёнай я іх назваць не магу», — заявіў Лукашэнка.


Калякін: гэта лямант чалавека, які разгубіўся

Сяргей Калякін
«Гэта ўсё нейкі слоўны панос. Пры чым дэмакратыя да той сытуацыі, якая склалася? Пры чым дэмакратыя да таго, што няма валюты ў краіне, што цэны вырасьлі амаль у 1,3 раза? Пры чым тут дэмакратыя, што зьменшыліся заробкі? Лукашэнка ж сказаў, што няма ніякіх сьведчаньняў, што тэракт вядзе да палітыкаў ці крыміналу. Пры чым тут дэмакратыя? Гэта кіраўніцтва краіны давяло да гэтай цяжкай сытуацыі. Відаць, Лукашэнку няма пра што казаць?...»

Аляксандар Фядута: «Замест пятай калёны распавёў бы пра курс даляра»

«Калі б замест слоў пра „пятую калёну“ ён сказаў, колькі сёньня складае курс беларускага рубля да даляра і колькі будзе праз два тыдні, мяркую, гэта б значна больш паспрыяла аб’яднаньню грамадзтва нават вакол дзеючага прэзыдэнта. Ад яго чакаюць зусім не пра пятую калёну, а пра курс даляра. Калі схадзіць на Камароўку, пра гэта можна пачуць дакладна. Калі б я сёньня быў на месцы Макея, менавіта туды б я сёньня звадзіў прэзыдэнта. Напярэдадні і без тэлекамэр. Каб ён туды схадзіў і паразмаўляў зь людзьмі».

«Мы ж не стралялі ля Дома ўрада»


Лукашэнка перакананы, што заходнія палітыкі ўжо «не кляймяць не за выбары, гэтая тэма забытая, яны фактычна прызналі іх дэмакратычнымі».

«Яны нас кляймяць за тое што гэты дыктатар разагнаў людзей ад Дома ўраду. Ну мы ж не стралялі».

Прыйдзе момант, спадзяецца Лукашэнка, і эўрапейцы прызнаюць сваю няздатнасьць у палітыцы адносна Беларусі, і прыйдуць з прапановамі супрацоўніцтва.





У адносінах з Эўропай узяты тайм-аўт


Лукашэнка гаворачы аб зьнешняй палітыцы заявіў аб прыярытэце адносін з Расеяй і пра тое, што ў адносінах з Эўразьвязам узяты тайм-аўт

«Думаю, што ён доўга не працягнецца, мы патрэбныя адзін аднаму».

Пра СМІ і размову з Кадафі


Роля СМІ ня толькі інфармацыйная, сьцьвярджае Лукашэнка, але і прапагандысцкая.

Гэтак і на Захадзе. Ён абвінаваціў «Эўраньюс» у неаб’ектыўнасьці ў асьвятленьні бамбаваньня Лібіі:

«Гэтае СМІ — зброя ў руках гэтых бандытаў. Там высокадакладная зброя, тут псыхалягічная. Я размаўляў Кадафі, спытаў, што ў цябе адбываецца, ад цябе людзі сыходзяць, дыпляматы? Ён расьсьмяяўся: «Спадар прэзыдэнт, вы ня тое тэлебачаньне глядзіце».





«Хто не падпарадкаваўся, таго ўжо косьці згнілі»


Тут нерэлігійная аснова, не нацыянальная, Лукашэнка зноў зьвярнуўся да тэмы тэракту.

«Бандыцкія разборкі? Бандытаў мы хутка прывялі да парадку. Хто не падпарадкаваўся, таго ўжо косьці згнілі. Я перабраў усе вэрсіі. І бачу толькі 2: гэта ўнутраная нашая прычына, што мы стварылі глебу з нашымі адмарозкамі, і зьнешняя. Але мы правяраем усё, нічога не выключаем».


Затрыманыя пасьля выбуху ў мэтро рыхтавалі яшчэ тры тэракты


«Больш чым я, ніхто не аналізуе тэракт у мэтро. Жывіце спакойна. Гэта ня вынік сыстэмных памылак і пралікаў. Як хадзілі, так і хадзіце. Толькі 2 прычыны падобных падзей у нас магчыма — альбо звонку правязуць альбо зробяць свае адмарозкі і вырадкі.

Кампутары забралі асабістыя — разорваныя целы, адарваныя галовы там — такія гэта людзі.

У сям’і не безь урода. Такі ўрод у нас зьявіўся. І слава Богу, што мы іх своечасова спынілі».

Паводле Лукашэнкі, праваахоўныя органы выявілі падрыхтоўку затрыманымі яшчэ трох тэрактаў, больш цяжкіх, чым у мэтро.


Ніякія палітычныя працэсы і СМІ ня могуць фінансавацца з-за мяжы





Тэрарыст з БРСМ?

Лукашэнка згадаў, што затрыманая ў рамках справы пра тэракт дзяўчына, студэнтка, 21 год, «цалкам сьпітая». «А хтосьці з тых каго мы затрымалі,— сябра БРСМ»

Лукашэнка заявіў, што ў Менску ў школах нарката, а «курэва — нага за нагу з настаўнікамі кураць». «Калёным жалезам гэта трэба высякаць».


«Трэцяе дзіця — маё»

Нам столькі жыльля ўжо ня трэба, заявіў Лукашэнка, бо няма прыросту насельніцтва.

Лукашэнка сьцьвярджае, што ў некаторых раённых і абласных цэнтрах чарга на жыльлё складае год-два.

Жанчынам ён сказаў свой прынцып падтрымкі нараджальнасьці: «Трэцяе дзіця — маё»

Дырэктарам заводаў: «Дурніца закончылася»

Лукашэнка заявіў, што дапамога дзяржаўным прадпрыемствам будзе абмежаваная.

«Гэтае мэтро — гэта апошняя кропля ў гэтай чашы цярпеньня», — сказаў на адрас кіраўнікоў прадпрыемстваў. — Ціск будзе невыносны. Узяў прадпрыемства — круціся. Чаму ты ведаеш толькі адну дарогу — ад сваёй прахадной да прыёмнай прэм’ера альбо віцэ-прэм’ера. Усё. Дурніца закончылася».


Супраць АЭС выступаюць купленыя людзі


«АЭС жыцьцёва неабходная Беларусі і яна будзе пабудаваная, у нас выбару няма», — падвёў Лукашэнка рысу пад дыскусіяй аб будаўніцтве ў Беларусі атамнай станцыі.

Лукашэнка запэўнівае, што праект Беларускай АЭС бясьпечны.

«Тыя хто выступаюць супраць АЭС — гэта людзі купленыя нашымі канкурэнтамі. Чаму літоўцы і палякі так перажываюць? Яны самі хочуць сабе пабудаваць АЭС. Яны нашыя канкурэнты».


«Навошта мне гэтыя навукоўцы»


Лукашэнка заявіў, што не зьбіраецца ўтрымлівацьармію навукоўцаў, «якая нам практычна нічога не дае.
«Навошта мне гэтыя навукоўцы. Яны краіне не патрэбныя гэтыя проста са званьнямі людзі. Доктарская дысэртацыя — гэта адкрыцьцё. Няма адкрыцьця — ніякіх дактароў ня будзе, гэта маё жалезнае патрабаваньне».


Рост цэнаў непазьбежны


«Рост цэнаў непазьбежны, замарожваньне цэн прывяло б да больш сур’ёзных наступстваў», — заявіў Лукашэнка.

У прыватнасьці ён кажа пра масавы адток танных тавараў першай неабходнасьці, у прыватнасьці цукру, «мяшкамі вязьлі праз расейскую і украінскую мяжу». Вінаватыя тут самі спажыўцы, у тым ліку «сьвядомы і інтэлігентны Менск».



«Зялёная вуліца» прыватнаму бізнэсу


Лукашэнка заклікаў да пашырэньня прыватных інвэстыцыяў у эканоміку і абяцаў недатыкальнасьць прыватнай уласнасьці:

«Мы павінны разглядаць прыватную ўласнасьць як адну з асноў фармаваньня патрыятызму».

Даючы «зялёную вуліцу» разьвіцьцю прадпрымальніцтва, Лукашэнка нагадаў пра сацыяльную адказнасьць бізнэсу:

«Калі вы хочаце стварыць бізнэс і нічога не плаціць, то нам такі бізнэс не трэба».

Пра прычыны валютнага крызісу


Лукашэнка таксама знайшоў зьнешнія прычыны ў і недахопе валюты — рост цэнаў на нафту, газ і мэтал. Сродкаў ад прадаваных тавараў не хапае, каб аплачваць спажываемыя рэсурсы, апрача таго вялікі адток валюты на пакупку легкавых аўтамабіляў.

«Пагражальныя памеры мае адмоўнае сальда ў зьнешнім гандлі», — прызнаў Лукашэнка.

«Міхаіл Уладзімеравіч, такі урад нам ня трэба», — сказаў Лукашэнка Мясьніковічу, спасылаючыся на рыначныя заявы некаторых міністраў беларускага ўраду, якія прапаноўвалі адпусьціць курс беларускага рубля.

Лукашэнка заявіў, што новы склад ураду пакуль не апраўдвае ягоных спадзеваў на ініцыятыўнасьць.

Пра прычыны эканамічнага крызысу


Лукашэнка знайшоў асноўныя прычыны эканамічных праблем, якія цяпер перажывае Беларусь:

«Сусьветны крызіс, цэнавыя шокі і непагадзь нэгатыўна паўплывалі на нашую эканоміку».

Апрача таго вінаватыя нядбайныя кіраўнікі на месцах:

«Многія кіраўнікі прадпрыемстваў і чыноўнікі прывыклі што за іх усё вырашыць прэзыдэнт».

Урокі Лукашэнкі з менскага тэракту


Лукашэнка заклікаў зрабіць урокі з менскага тэракта:

Першы — патрэба пільнасьці, адказнасьці за парадак і бясьпеку у грамадзтве.

Другі — патрэба згуртаванасьці людзей.

Трэці — стварэньне такой атмасфэры ў грамадзтве, якая б не дапускала панікі:
«Аматары правакацый павінны ведаць, што ім давядзецца адказваць».

«Чаму гэта здарылася? Гэта яшчэ ня ўсё, але я прыходжу да высновы мы вінаватыя самі, перш за ўсё ўлада», зрабіў выснову Лукашэнка.

«У гэтым тэракце мы не знайшлі шляхоў ні да крыміналу, ні да эканомікі, ні да палітыкі. Але мы вывучаем усе вэрсіі».

«Мы самі стварылі тую атмасфэру ў грамадзтве, плады якой мы пажынаем, і гэтым карыстаюцца нашыя ворагі», — сказаў Лукашэнка. Ён паставіў пад сумнеў тое, што ўсе зарэгістраваныя на мінулых выбарах кандыдаты сабралі патрэбныя для рэгістрацыі подпісы.



«Далі адпор авантурыстам і пагромшчыкам»


Лукашэнка заявіў, што любую пятую, 25-ю калёну «мы зьнішчым і на гэта ў нас дастаткова рэсурсаў». Гаворачы пра мінулыя выбары, Лукашэнка заявіў, што яму ўдалося не дапусьціць аранжавай рэвалюцыі:

«Далі адпор авантурыстам і пагромшчыкам. Як змаглі, так і далі».



Лябедзька: такі шлях вядзе да Бэрлінскай сьцяны ўнутры краіны

Анатоль Лябедзька
«Натуральна, мы тут разыходзімся ў ацэнках таго, што было. Бо праблема Беларусі якраз у вострым дэфіцыце дэмакратыі. У ніводнай эўрапейскай краіне дэмакратыя не прывяла да праблемаў, якія ёсьць у Беларусі. І з пункту гледжаньня кіраваньня, і эканомікі, і сацыяльнай сфэры. Практыка паказвае, што якраз дэфіцыт дэмакратыі ці яе адсутнасьць па шмат якіх кірунках прывялі да таго. што мы мелі і што, відаць, яшчэ будзем мець наперадзе. А праблемы, якія былі ў выбарчай кампаніі, шмат у чым былі справакаваныя самой уладай. Бо яна адыходзіла ад заканадаўства, якое сама ўсталявала ў гэтай краіне».

«Нас хочуць нахіліць»


Лукашэнка адразу заявіў, што пасланьне адбываецца ў «асаблівай грамадзка-палітычнай абстаноўцы». Аналізуючы падзеі ў канцы мінулага і пачатку гэтага, Лукашэнка зрабіў выснову, што Беларусь «хочуць нахіліць, падвяргаюць масаванаму ціску:

Спісы неўязных, эканамічныя санкцыі, правакаваньне ажыятажу на харчовым і валютным ранках, танцы на касьцях ахвяраў тэракту ў мэтро — усё гэта зьвёны аднаго ланцуга, сказаў Лукашэнка і заявіў, што хтосьці звонку «хоча разбурыць краіну і незалежнасьць Беларусі».

«Нас хочуць прымусіць быць такімі, як усе вакол нас, як яны. Мы ім, як костка ў горле».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG