Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карняенка: калі будзе атмасфэра страху, то ніякі закон не дапаможа


Віктар Карняенка

Віктар Карняенка

У сваім пасланьні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што наступныя парлямэнцкія выбары пройдуць па цяперашнім заканадаўстве. Маўляў, зьмены ўносіць няма часу.

Камэнтуючы гэтую заяву, намесьнік старшыні руху "За свабоду" Віктар Карняенка сказаў:

"Улады проста сьмяротна баяцца нейкіх тэндэнцый у зьмене выбарчых працэсаў. І тут справа ня толькі ў заканадаўстве. Дарэчы, заканадаўства — ня самая горшая рэч у нашых умовах. У свой час апазыцыя перамагала і па горшых законах. Галоўнае, у краіне няма нармальнай палітычнай атмасфэры для правядзеньня выбараў, і тут закон ні пры чым. Калі ня будзе свабоды слова, свабоды сходаў, калі будзе вось такая атмасфэра страху, якая створана сёньня ўладамі, то ніякі закон не дапаможа".

Паводле Карняенкі, Лукашэнка нічога ня хоча мяняць, бо яму хочацца ўсё жыцьцё заставацца пры гэтай уладзе. І бязь ціску грамадзтва ён нічога ня будзе мяняць.

"Тут вельмі будзе ўплываць на сытуацыю ўнутраны стан апазыцыі. Наколькі яна зможа дамовіцца, выпрацаваць агульныя свае патрабаваньні.Тут ёсьць вялікі сумнеў, бо сёньня шмат палітыкаў выказаліся пра свой няўдзел у выбарах, бо, маўляў, нічога не памяняецца. Такі байкот, які плянуецца, можа ніхто і не заўважыць.

Вельмі важна вызначыць разам агульныя прыярытэты, чаго мы патрабуем для паляпшэньня выбарчага працэсу. Калі гэта адбудзецца, то апазыцыя можа разьлічваць на падтрымку грамадзянамі Беларусі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG