Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэма грамадзкага рэдактара: беларускія турмы (ч.2)


Грамадзкі рэдактар мінулага тыдня Мікалай Аўтуховіч замовіў нашым карэспандэнтам дасьледаваць тэму: беларуская турма – гэта інстытут прававой дзяржавы ці мэханізм рэжыму для падпарадкаваньня людзей?


Колькі вязьняў у Беларусі: 34 000 ці 56 000?

Міністар унутраных спраў летась у ліпені казаў пра 37 тысяч, а ў жніўні – пра 34 тысячы. А экс-начальнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Уладзімер Коўчур у сакавіку назваў зусім іншую лічбу: “Больш за 45 тысяч у выпраўленчых установах, СІЗА і дамах арышту, амаль 3 тысячы – у лячэбна-працоўных прафілякторыях. Апроч таго, пад наглядам выпраўленчых установаў адкрытага тыпу бяз малага 8 тысяч чалавек”.

Атрымліваецца, волі пазбаўленыя 56 тысяч? Гэтая блытаніна сярод першых асобаў дае падставу казаць пра шматлікія працэсуальныя парушэньні, з-за якіх у няволі сядзяць несправядліва асуджаныя.

"Як галадоўка спрацуе, падымецца ўся калёнія!"

Калі невінаваты чалавек патрапіў за краты, бо ягоная віна была прызнаная судом цалкам даказанай, адвакаты прапануюць свайму падабароннаму пасьлядоўнае абскарджваньне прысуду. Апошняя з інстанцыяў, якая можа перагледзець прысуд ці адправіць на перагляд уласна справу, – Вярхоўны суд Беларусі. Часу гэта можа заняць вельмі шмат. Прыкладам, расейскі грамадзянін Мікалай Костышаў разам з адвакаткай Вольгай Баранчык дамагаецца перагляду сваёй справы ўжо паўтары гады.

”Я зьбіралася да Вярхоўнага судзьдзі на прыём асабісты. Але ў студзені наагул няма запісу, няма прыёму да яго. 25-га будуць запісваць на люты. Буду спрабаваць. Я спадзяюся на станоўчы вынік. Мы ж дамагаемся перагляду справы наагул. Ён жа папросту хоча, каб справа разглядалася ў яго прысутнасьці…”

Мікалай Костышаў быў прызнаны Аршанскім судом вінаватым у разбоі, бандытызме, крадзяжы асабістых дакумэнтаў і падробцы дакумэнтаў. Прысуд – 12 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Асуджаны не прысутнічаў на судзе, бо нават ня ведаў, што яго ў нечым вінавацяць, галоўны сьведка даўно напісаў заяву, што абылгаў Костышава. Але ўсе інстанцыі над аршанскім судом пасьлядоўна прызнаюць прысуд слушным. 28 сьнежня Костышаў скончыў галадоўку, якую трымаў два месяцы. Меркаваньне адвакаткі:

”Ну, зразумейце правільна. Да яго вельмі станоўча ставіцца адміністрацыя калёніі, але яны кажуць: калі дзякуючы ягонай галадоўцы справа зрушыцца, заўтра галадаваць будзе ўся калёнія...”

Пакуль справа разглядаецца ці чакае перагляду, можна спадзявацца на амністыю. Але апошняя амністыя ў Беларусі, на погляд былога зняволенага, сябры аргкамітэту «Беларускага камітэту дапамогі вязьням» спадара Ўладзімера зусім не выглядала на меру гуманнасьці.

”Амністыя – гэта папросту дадатковы рычаг узьдзеяньня кіраўніцтва калёніяў на зняволеных. Чалавека могуць пазбавіць права на амністыю за такое парушэньне рэжыму, як ”кепка апранута няправільна, ранішнюю зарадку рабіў недастаткова актыўна”... Паглядзіце, на якіх машынах ездзяць начальнікі калёніяў пасьля абвяшчэньня амністыяў...”

Ня толькі праваабаронцы, а нават міністар юстыцыі спадар Сукала нядаўна прызнаў, што “пакуль нашыя суды характарызуюцца празьмерна жорсткімі пакараньнямі. Напрыклад, калі ў 2000 годзе па крымінальных справах асуджана 59 862 чалавекі, то ў 2006-м – 71 470. У выніку нядаўна абвешчана пра пляны пабудаваць у Беларусі яшчэ тры калёніі. То бок, шлях вязьняў да праўды стане яшчэ больш складаным.

Згадвае адзін зь першых палітвязьняў Беларусі А.Шыдлоўскі

“Нам афіцыйна паведамілі: „Вы прыбылі ў Жодзінскі цэнтрал „Чорны Бусел“. Тут вы — ня людзі, і мы зробім усё, каб вы адчулі гэта.

Мяне выклікалі на знаёмства сярод апошніх. Перш як назваць свае дадзеныя, я паведаміў, што на галадоўцы. Міліцыянт счырванеў і двойчы ўдарыў мяне ў грудзі. Я ўтрымаўся на нагах і паспрабаваў быў без запінкі назваць свае дадзеныя, але на артыкулах крымінальнага кодэксу мяне замкнула. З усіх бакоў пасыпаліся ўдары кулакамі, так што я ўпаў і стукнуўся лобам аб падлогу.

— Дык што, сьцягі любіш? Ану, хлопцы, намалюйце яму на сьпіне сьцяг! Міліцыянты выстраіліся ланцугом па абодва бакі калідору, па якім мне трэба было прабегчы, і дасталі дручкі. Я штосілы ірвануўся і прабег наперад, каб уцячы ад гумавых палак. Але мне загадалі вярнуцца і зноў прайсьці па тым самым маршруце — цяпер павольна, крокам. Пасьля гэтай „вандроўкі“ на сьпіне сапраўды ўтварыўся бел-чырвона-белы сьцяг, які назаўтра зьмяніў чырвоную паласу на сіне-чорную.

Выбеглі дактары і пад рукі зацягнулі мяне ў кабінэт, паклалі на ложак, крычучы: “Пульс не прамацваецца! Ціск падае! Калеце хутчэй!” Пасьля доктар мне сказаў, што ў мяне спынілася сэрца. Недзе толькі праз гадзіну я апрытомнеў”.


Суд прысяжных дадаў бы справядлівасьці

Калі б Беларусь была сябрам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, беларускія грамадзяне маглі б скардзіцца на парушэньні ўласных правоў у Эўрапейскі суд у Страсбургу. Але статус адмысловага запрошанага ў ПАРЭ Беларусь страціла ў 1996 годзе. Таму беларусы могуць падаваць у Эўрапейскі суд на любую з 46-ці дзяржаў-сябраў Рады Эўропы, апроч уласнай.

Не на карысьць справядлівасьці беларускіх судоў і адсутнасьць у нашай пэнэцыярнай сыстэме суду прысяжных, лічыць юрыст царквы «Новае жыцьцё» Сяргей Луканін:

«Незалежныя прысяжныя маглі б вызначаць – вінаваты ці невінаваты падазраваны, а потым толькі падключаецца судзьдзя. Гэткі механізм таксама не на 100% справядлівы, бо і прысяжных можна падабраць пэўным чынам. Але справядлівасьці значна больш было б, калі б у нас быў суд прысяжных».

Сяргей Луканін мяркуе, што ў сёньняшніх беларускіх умовах адвакат мае амаль што дэкаратыўныя функцыі.

«Летась у 99,9% разгледжаных крымінальных справах быў вынесены абвінаваўчы прысуд. Сыстэма наша такая, што суд заўсёды на баку абвінавачаньня. Таму ў нашых сёньняшніх умовах галоўнае – прыцягнуць найвялікшую колькасьць увагі СМІ, калі ёсьць гэткая магчымасьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG