Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Аўтуховіч: “У калёніі на 100 квадратах месьцяцца 100 чалавек”


Аўтуховіч: “Калёнія наша – гэта як вялікі лягер, дзе ложкі стаяць у тры ярусы, на 100 квадратных мэтраў месьцяцца 100 чалавек…”
Уліцёнак: “100 – многа. Але самота ўсё роўна адчувалася?”
Аўтуховіч: “Зьвер у клетцы: туды – сюды, туды – сюды… Так і ты… Аднак я не адчуваў сябе адзінокім, бо на тыдзень атрымліваў зь дзясятак лістоў са свабоды. Дадому прывёз усё – гэта вялізная сумка кіляграмаў на 30”.
Уліцёнак: “Не заўважалі кантролю за сваёй поштай? Ці ўсё даходзіла?”
Аўтуховіч: “Я быў у курсе наконт увагі да перапіскі. Як ведаў і тое, што вось у гэты тэрмін да мяне мусіў трапіць гэткі ліст, а яго не атрымліваў наагул, ці ён нарэшце прыходзіў, аднак значна пазьней. Хоць паводле інструкцыі, цэнзар мае права вывучаць ліст максымум тры дні”.
Уліцёнак: “Хто з вашых “вольных” карэспандэнтаў запомніўся найбольш?”
Аўтуховіч: “Вельмі часта пісала Вольга Філонава з Баранавічаў. Прычым, дасылала яна і выразкі з цікавымі газэтнымі публікацыямі, інтэрнэтнымі раздрукоўкамі, фотаздымкі – рабіла гэта дзеля таго, каб нейкім чынам падняць мой настрой. Дзякуй вялікі! Што характэрна, яна ніякі не сваяк, не прадпрымальніца – працуе дворнікам, хоць мае вышэйшую адукацыю”.
Уліцёнак: “Ну а самы далёкі ліст?”
Аўтуховіч: Паштоўка на дзень народзінаў са Злучаных Штатаў ад кагосьці з нашых эмігрантаў, напісаная па-беларуску”.
Уліцёнак: “Ну а землякі, ваўкавысцы, падтрымлівалі?”
Аўтуховіч: “Вельмі шмат. Асабліва ўдзячны тым людзям, якія ў мяне працавалі”.
Уліцёнак: “Ваш прыклад – чалавека, які верыў у сваю правату, не баяўся адстойваць свае правы, не палохаўся за сям’ю, што тармозіць звычайна іншых, – не падштурхоўваў шараговых зьняволеных да перагляду сваіх прынцыпаў “не высоўвацца”? Ім жа таксама хацелася б мець такую падтрымку…”
Аўтуховіч: “На жаль, я быў, мабыць, выключэньнем. Там, ужо за кратамі, многія падыходзілі да мяне. Шкадавалі, што на волі лічылі за лепшае “не высоўвацца”, пыталіся, ці можна выправіць ранейшыя памылкі. Камусьці я даваў адрасы неабходны людзей і арганізацыяў, камусьці сам дапамагаў наладзіць перапіску з мэтай перагляду справы. І ўжо былі пэўныя станоўчыя вынікі.
Яшчэ раз, карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць усім сваім “карэспандэнтам”: паверце, ня ведаю, як бы прайшлі гэтыя гады за кратамі, каб ня вы…”
Уліцёнак: “А ці не было думкі напісаць нейкую кніжку пра вось гэтую “перапіску з воляй”?
Аўтуховіч: “У мяне ёсьць дзёньнік, зь якім меў шмат клопатаў. Яго вечна забіралі, капіявалі, сварыліся: “Не пішы, як ня хочаш непрыемнасьцяў! Увогуле, навошта табе гэта патрэбна?” Адказваў: “Кнігу хачу напісаць!”
Так што сапраўды думка такая ёсьць. Тым больш, матэрыялу хапае…”
XS
SM
MD
LG