Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

М. Статкевіч: “Вызваленьне Дашкевіча – сыгнал Эўропе”


Датэрміновае вызваленьне Зьмітра Дашкевіча камэнтуе сацыял-дэмакратычны палітык, былы палітвязень Мікола Статкевіч.


Статкевіч: "Мы з вамі неяк дыскутавалі ў "Праскім акцэнце" на гэтую тэму, і я тады казаў, што будуць і саджаць, і выпускаць, і зноў саджаць. Ідзе працэс гандлю з Эўропай. Калі крыху адціскае праблемы з газам, Расея крэдыт дала, то можна і болей пасадзіць, а калі трэба рыхтавацца да наступнага раўнду, то можна некага выпусьціць. Заўважце, што выпускаюць крыху раней тэрміну тых, хто не зламаўся. Калі ж чалавек зламаўся ці яны адчуваюць, што можа зламацца, то гэта можа працягвацца да канчатковай "ломкі".

Вызвалілі Аўтуховіча, але гэта не было ўспрынята на Захадзе, як выразны сыгнал, хаця яго і залічвалі ў палітвязьні, там былі і іншыя прычыны зьняволеньня. Вось зараз даюць новы сыгнал. Да таго ж ня трэба ўяўляць сабе, што ва ўладзе ёсьць адзіная жорсткая стратэгія. Там таксама ёсьць групоўкі, якія падсоўваюць правадыру розныя варыянты дзеяньняў, сёньня адны падышлі да вуха, заўтра – другія.

Але відавочна, што вызваленьне Дашкевіча было санкцыянавана на самым версе. Аднак у любым выпадку гэта вельмі радасная навіна і я вельмі задаволены, што магу ўбачыць яго на свабодзе”.

Дракахруст: "Спадар Статкевіч, ці ня лічыце вы, што гэтае вызваленьне неяк зьвязанае з сэсіяй Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якая адбываецца гэтымі днямі, з тымі даволі стрыманымі ацэнкамі сытуацыі ў Беларусі, якія прагучалі ў дакладзе кіраўніка рабочай групы асамблеі па Беларусі Андрэа Рыгоні?"

Статкевіч: "Гэта неабавязкова зьвязана з гэтай канкрэтнай сэсіяй, мэта беларускай ўлады зараз – наладзіць нейкі балянс, кампэнсаваць расейскі ўплаў у Беларусі кантактамі з Эўропай, але наладзіць гэта, не саступаючы ў галоўнай праблеме – правядзеньня немахлярскіх выбараў.

Гэта тактычна і можа быць зьвязана з Радай Эўропы, але беларускія ўлады хвалююць стасункі ня столькі з Радай, хацелася б лепшых стасункаў з Эўразьвязам, найперш, з ключавымі краінамі Зьвязу, хацелася б крэдытаў, хацелася б кантактаў на высокім узроўні. Каб можна было паказаць гэта Расеі, папалохаць яе і атрымаць на добрых умовах дадатковы крэдыт, танныя кошты на газ на 2009-2010 гады. Я б хутчэй зьвязаў гэта з перамовамі аб крэдыце і з перамовамі аб газе на 2009-2010 гады".
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG