Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэвэрансы Менску ў бок Захаду скончацца па перамовах з Масквой аб газе?


Радыё Свабода Сёньня ў Менск прылятае спэцыяльны дакладчык у справах Беларусі палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Андрэа Рыгоні. Як цяпер выглядаюць адносіны афіцыйнага Менску з эўрапейскімі структурамі? Ці можна лічыць адносна лібэральныя паводзіны ўладаў падчас “Эўрапейскага маршу” рэвэрансам у бок Эўропы? Гэтыя тэмы наш аглядальнік Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з палітолягам, выкладчыкам зарэгістраванага ў Літве Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Дзянісам Мельянцовым.

Цыганкоў: “Давайце выкарыстаем прыезд Андрэа Рыгоні як нагоду пагаварыць пра сёньняшні стан дачыненьняў афіцыйнага Менску з эўрапейскімі структурамі. На гэты момант выглядае, што дачыненьні гэтыя даволі прахалодныя. Ці не настала патрэба беларускаму кіраўніцтву зрабіць нейкі крок насустрач?”

Мельянцоў: “Насамрэч такія крокі насьпелі ўжо даўно, але пытаньне ў тым, ці зробіць іх афіцыйны Менск. Калі мы паглядзім на “Эўрапейскі марш”, што прайшоў 14 кастрычніка, то можна сказаць, што Менск такі крок зрабіў. Дазволілі апазыцыянэрам прайсьці па галоўным праспэкце Менску, нікога не затрымлівалі. Гэта, натуральна, было зроблена для таго, каб паказаць Эўразьвязу, што з дэмакратыяй у Беларусі “ўсё ў парадку”, і для таго, каб прадэманстраваць Расеі спробы афіцыйнага Менску наладзіць стасункі з Эўразьвязам.

Калі згадаць прэсавую канфэрэнцыю 12 кастрычніка Аляксандра Лукашэнкі, то там таксама ён абвясьціў, што зьбіраецца паляпшаць стасункі з Захадам. Такія паводзіны можна кваліфікаваць як спробы шантажу Масквы падчас газавых перамоваў, якія ўжо ідуць. Тут, аднак, ня варта перабольшваць ступень “пераарыентацыі” Менску на Захад, бо гэта спробы дастаткова каньюнктурныя. Калі будуць дамоўленыя цэны на газ, яны прыпыняцца”.

Цыганкоў: “Такім чынам, на вашу думку, адносна лібэральныя паводзіны ўладаў падчас “Эўрапейскага маршу” – рэвэранс у бок Эўропы. Але гэта такі мінімальны крок, які нічога не мяняе ў сутнасьці. Гэта не адказ на 12 прапановаў Эўразьвязу. Як можа аб’яднаная Эўропа адрэагаваць на такі паўкрок?”

Мельянцоў: “Калі мы паглядзім на досьвед адносінаў Эўразьвязу зь Беларусьсю, то ўбачым, што збольшага Эўропа рэагуе на любыя крокі Менску – неабавязкова, каб яны былі вельмі значныя. Натуральна, што афіцыйны Менск зьбіраецца выбудоўваць адносіны з Эўразьвязам толькі ў эканамічнай і энэргетычнай сфэры, і ні ў якім разе не зьбіраецца пераносіць іх у палітычную сфэру, бо ў такім разе Менску давядзецца праводзіць палітычную рэформу – а на гэта ўлады ня пойдуць.

Таму і надалей Менск будзе рабіць невялічкія крокі, дастаткова сымбалічныя. Ня трэба забывацца, што ў беларускіх уладаў ёсьць яшчэ дадатковы козыр – адкрыцьцё ў Менску прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі. Фактычна перамовы пра гэта былі замарожаныя пасьля таго, як летам узмацніліся палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Хутчэй за ўсё, калі ўзьнікнуць праблемы зь перамовамі ў Маскве, Менск дасьць ход адкрыцьцю прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі. І мабыць, гэта будзе нават у гэтым годзе”.

• Юры Дракахруст: “Беларускія ўлады чакаюць ад Эўропы крокаў у адказ”, 14.10.2007 • МЗС Беларусі: ”Казаць пра дату адкрыцьця офісу Эўракамісіі пакуль дачасна”, 11.10.2007
XS
SM
MD
LG