Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: “Новую ляльку -- “магіляўчанка”


Пра што пісалі беларускія газэты 17 студзеня ў розныя гады.


“Звязда” ў 1938 годзе друкуе правілы карыстаньня менскім трамваем: “Дазваляецца ўваход праз пярэднюю пляцоўку прычапнога вагона з бесплатным праездам работнікам трамвая па асобых пасведчаннях і работнікам міліцыі толькі ў форме. Увага: работнікі міліцыі без формы праязджаюць у вагонах трамвая на агульных падставах і за плату... Члены і кандыдаты Менгорсовета і члены Менскага РКВ карыстаюцца бясплатным праездам у трамваі”.

“ЛіМ”, год 1948. В.Барысенка піша аб ідэйных скажэньнях у некаторых артыкулах: “Нацыяналістычныя літаратары сцвярджалі, што беларуская літаратура развівалася ізалявана ад рускай культуры і на працягу ўсяго свайго гістарычнага развіцця нібыта знаходзілася пад уплывам феадальна-клерыкальнай, а затым буржуазнай заходне-еўрапейскай культуры. Яны распаўсюджвалі “тэорыю” аб заходне-еўрапейскіх вытоках і карэннях беларускай літаратуры і мовы. Перад нашымі літаратуразнаўцамі стаяць задачы выкрыцця шкоднай недаацэнкі агульнасці і гістарычных сувязяў культур гэтых двух братніх народаў”.

“У Магілёве ўступіў у дзеянне рэканструяваны філіял Мінскага вытворчага аб’яднання цацак “Мір”, — паведамляе ў 1968 годзе “Вячэрні Мінск”. — Пасля пераабсталявання, увядзення новых вытворчых пляцовак выпуск лялек тут павялічыцца ў два разы. Майстэрскія рукі работніц дадуць “жыццё” 700 тысячам розных лялек. Сёння філіял аб’яднання выпусціў першыя 20 тысяч гэтых цудоўных цацак. Сярод іх новую ляльку — “магіляўчанка”. У бліжэйшыя дні на канвееры з’явяцца яшчэ дзве навінкі — цацкі “кранаўшчык” і “кранаўшчыца”.

XS
SM
MD
LG