Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Раніцай ля турмы на вуліцы Акрэсьціна сабраліся родныя і сябры арыштаваных удзельнікаў акцыі пратэсту 10 студзеня.


Сёньня зь дзевяці гадзінаў ля турмы на вуліцы Акрэсьціна сабраліся родныя і сябры арыштаваных удзельнікаў акцыі пратэсту 10 студзеня. Аднак перадаць рэчы дазволілі празь некалькі гадзінаў. Дзяжурны патлумачыў, што затрымка зьвязаная з экскурсіяй курсантаў. Аднак потым, пасьля тэлефанаваньня начальніку, перадачы пачалі прымаць.

Актывістка аб'яднаньня "Пэрспэктыва" Вольга Круміна перадала перадачу ў 13-ю камэру для Анатоля Шумчанкі. Ёй дазволілі перадаць паліто і іншыя рэчы, аднак, да прыкладу, жуйкі не дазволілі. Вольга яшчэ ўчора спрабавала перадаць ежу для Анатоля:

“У РАУС у нас ежу не прынялі, адправілі на Акрэсьціна. Учора дзьве з паловай гадзіны стаялі на Акрэсьціна, чакалі, калі прывязуць асуджаных. Тут нам таксама адмовілі, не ўзялі ні ежу, ні цёплыя рэчы. Сказалі, маўляў, не пасьпеюць аформіць, прыяжджайце заўтра. Сёньня вось прыехалі, у чарзе стаім, чакаем”.

Сёньня раніцай Вользе Крумінай патэлефанаваў Алесь Макаеў, якога выклікаў намесьнік кіраўніка менскай міліцыі Аляксандар Найдзенка:

“Ён мне сказаў, каб я зьвярнулася да начальніка Акрэсьціна і, можа, дазволяць перадаць спальнікі. Я спрабавала сустрэцца з начальнікам, але мне сказалі, што начальнік будзе толькі ў панядзелак”.

Зінаіда Баркун
Цётка арыштаванай на 15 сутак Аляксандры Лындовай Ірына сказала:

“Спадзяемся, што перададзім цёплыя рэчы, ваду. Харчы не перадаем, бо Саша ў будынку суду аб’явіла галадоўку. Кнігі, сшытак, ручку. Можа, яна нам нейкую вестачку перадасьць. Яна была прастуджаная. Мы ж ня ведаем, дзе яны зьмешчаны. Калі ў новым корпусе, то там даволі холадна. Пакуль нічога ня ведаем пра яе стан”.

Спадарыня Зінаіда, маці арыштаванага на 15 сутак Юр’я Баркуна, прыйшла да турмы а 9-й гадзіне, але рэчы перадала толькі пасьля 12-й.

“Туалетныя рэчы прынесла. З адзеньня – байка, майка. Ручнік сказалі, што вялікі, не прынялі. З харчоў таксама нічога не ўзялі. Запісак нельга. Падручнікі перадала, сшытак, ручку”.

Алег Пахомаў
Спадар Алег, бацька арыштаванага Арсеня Пахомава, сказаў, што сын падчас арышту быў на бальнічным. Нічога пра ягоны стан не вядома. Сёньня яму не дазволілі перадаць кубікі булёну для Арсеня.

“Я прыйшоў сюды каля 9-й гадзіны. І цяпер ужо першая гадзіна, і толькі цяпер мне ўдалося перадаць перадачу. Нам давялося прастаяць на марозе такі доўгі час. Канечне, замерзьлі ўсе, жахліва. Я хацеў забраць бальнічны ліст, які знаходзіўся пры ім, і мой праязны квіток. Аднак мне сказалі, што дакумэнты дагэтуль да іх не паступілі і папрасілі зьвярнуцца толькі ў аўторак”.
XS
SM
MD
LG