Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманых арыштавалі на 15 сутак


У Маскоўскім судзе Менску судзілі 16 затрыманых за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся 10 студзеня. Пастановы суду тыповыя — 15 сутак арышту.


Сярод затрыманых і дастаўленых учора ў Маскоўскі РУУС Менску — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка. Іх таксама суд арыштаваў на 15 сутак.

На пачатку суду Анатоль Лябедзька заявіў адвод суду. Ён сказаў, што ня лічыць суд незалежным, як і ўсю судовую сыстэму ў краіне. Аднак суд не задаволіў адводу. Спадар Лябедзька быў абвінавачаны ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Адвакат Павал Сапелка сказаў:

“Нават з паказаньняў супрацоўнікаў АМАПу, якія яго затрымлівалі, можна зрабіць толькі выснову пра ўдзел яго ў гэтым мерапрыемстве. Але супольная пазыцыя і мая, і Анатоля заключалася ў тым, што кожны мае права на свабоду мірных сходаў і шэсьцяў. І таму ён, у ліку астатніх, падлягае вызваленьню ад адміністратыўнай адказнасьці”.

Суд не задаволіў хадайніцтва аб тым, каб запатрабаваць і далучыць да справы матэрыялы міліцэйскіх апэратыўных здымак. Павал Сапелка сказаў:

“Да матэрыялаў справы была далучана першая старонка газэты “Комсомольская правда в Белоруссии”, зь якой можна было зрабіць выснову, што Лябедзька не знаходзіўся ў ліку ўдзельнікаў шэсьця па праезнай частцы”.
Амбасада ЗША асуджае прысуды па гэтых справах

Аналягічны прысуд, 15 сутак арышту за ўдзел у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі, атрымаў Анатоль Шумчанка. Пры гэтым нават паплечнікі лідэра прадпрымальнікаў не пасьпелі трапіць на паседжаньне суду і даведаліся толькі пра яго вынік.

Часовы павераны ў справах ЗША Джонатан Мур, які прыехаў у Маскоўскі суд, пракамэнтаваў прысуды:

“Амбасада ЗША асуджае прысуды па гэтых справах. Няма ніякай прычыны, каб забараняць гэтым людзям выказваць свой пункт гледжаньня мірным шляхам. Разам з калегамі мы ўчора назіралі за пратэстам на Кастрычніцкай плошчы, і нам відавочна, што ўдзельнікі гэтага пратэсту мірна выказвалі свой пункт гледжаньня. Няма ніякіх апраўданьняў зьбіцьцю і затрыманьням людзей, якія ўчора там былі. Тым больш дзіўна, што затрыманыя — тыя ж самыя людзі, якія прадставілі пэтыцыю пратэсту Мядзьведзевай. І вось адказ — сёньня яны тут без адвакатаў, без падтрымкі, без прысутнасьці людзей у залі суду. І судзьдзі выступаюць у якасьці пракурораў ”.

Сёньня ж у будынку Маскоўскага суду адбылося паседжаньне прэзыдыюму палітычнай рады аб’яднаных дэмсілаў. Анатоль Ляўковіч сказаў:

“На знак салідарнасьці мы правялі тут сваё паседжаньне. Тым болей, што Анатоль Лябедзька цяпер старшынюе ў прэзыдыюме. Мы выказалі сваю салідарнасьць і падтрымку і, канечне, мы будзем яшчэ да гэтага пытаньня вяртацца, бо гэта трывалае пытаньне ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму”.
Я дабралася да судзьдзі, а судзьдзя адказаў, што судовы працэс скончаны. Я магу толькі прысутнічаць на абвяшчэньні прысуду. Гэта судзілішча

Сярод асуджаных — Уладзімер Шыла, які, акрамя 15 сутак, атрымаў яшчэ і штраф у 1 мільён 750 тысячаў рублёў, нібыта за хуліганства, а таксама актывісты апазыцыі Ян Міхайлаў, Алесь Чарнышоў, Сяргей Клюеў, Аляксандар Сьцепаненка і іншыя. Шасьцёра асуджаных перадалі праз адваката, што яны аб’яўляюць галадоўку ў знак пратэсту супраць прысудаў і парушэньня правоў чалавека.

Цётка аднаго з галадоўнікаў, студэнта Вроцлаўскага ўнівэрсытэту Алеся Баразенкі, Жана Манько сказала:

“У раскладзе судовага паседжаньня ня быў пазначаны час, калі праводзіцца паседжаньне, не было выразна напісана, у якой залі. Абое дзьвярэй былі зачынены. Колькі мы ні стукалі, нічога не адчынілася. Я дабралася да судзьдзі, а судзьдзя адказаў, што судовы працэс скончаны. Я магу толькі прысутнічаць на абвяшчэньні прысуду. Гэта судзілішча”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG