Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усіх арыштаваных удзельнікаў акцыі пратэсту супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да малога бізнэсу ў Беларусі, якая адбылася 10 студзеня ў Менску, трымаюць у турме на вуліцы Акрэсьціна.


Супрацоўнікі спэцпрыёмніка пагадзіліся прыняць ад сваякоў толькі цёплыя рэчы і прадметы асабістай гігіены. Ежу не перадалі ніводнаму з арыштаваных.

Сярод арыштаваных – лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка, прадпрымальнік Уладзімер Шыла, моладзевыя актывісты Аляксандр Баразенка, Ян Міхайлаў, Сяргей Клюеў, Арцём Дубскі ды іншыя.

Міхась Крываў у судзе
Пяць чалавек трапілі ў турму з траўмамі. Сярод іх – Міхась Крываў. Ён распавёў “Свабодзе”, што ўсіх зьбівалі ў “аўтазаку”:

“Мяне затрымалі на праспэкце Незалежнасьці, зацягнулі ў “аўтазак”, кінулі на падлогу. Байцы спэцназу міліцыі білі ў патыліцу дубінкамі. Білі ўсіх, хто там знаходзіўся. Дзяўчат таксама білі і зьдзекаваліся маральна. Казалі ўсялякія непрыстойнасьці, абражалі”.

Студэнтка ўнівэрсытэту фізкультуры Тацяна Цішкевіч была зьбітая спэцназаўцамі ў “аўтазаку”. У судзе яна прадэманстравала куртку, залітую крывёю. Нягледзячы на тое, што міліцыянты не давалі нікому наблізіцца да затрыманых, Тацяна пасьпела сказаць некалькі словаў, калі яе выводзілі з судовай залі.

“На мяне вельмі гучна крычалі матам, білі... Абзываліся ўсяляк”.

Тацяна Цішкевіч у судзе
Тацяна адзіная, каго арыштавалі на 20 сутак. Дзяўчынкам, у адрозьненьне ад хлопцаў, даводзіцца адбываць арышт у больш жорсткіх умовах. Часьцей за ўсё іх трымаюць у адной камэры з жанчынамі-п’яніцамі, якіх арыштавалі пасьля таго, як сваякі выклікалі міліцыю, бо зь імі немагчыма было знаходзіцца ў адной кватэры. Даволі часта здараюцца выпадкі, калі міліцыянты выклікаюць псыхіятрычную брыгаду, бо ў п’яніц пачынаецца “белая гарачка”, і тады яны ўяўляюць сур’ёзную небясьпеку для суседак па камэры.

Пасьля таго, як пачаў дзейнічаць новы Адміністрацыйна-выканаўчы кодэкс, супрацоўнікі спэцпрыёмнікаў больш не прымаюць для арыштаваных харчовыя перадачы. У судзе сябры і сваякі затрыманых таксама зь цяжкасьцямі могуць перадаць толькі ваду. Бацькі Арсеня Пахомава, які цяпер адбывае 15 сутак арышту прасілі ў Цэнтральным судзе мэдыкаў “хуткай” паўплываць на сытуацыю і перадаць затрыманым ежу, але безвынікова.

“Ён цяпер хварэе. У яго грып, апроч таго, горла, насмарк, хворы страўнік. Я прасіла перадаць каплі ў нос і таблеткі. Вельмі хвалююся. Ня ведаю, ці галодны ён, які ягоны стан. Але ўзялі цёплы швэдар”.

Другі сакратар амбасады ЗША Стывэн Гілан выказаўся Радыё Свабода, што трымаць людзей некалькі гадзінаў без вады і ежы ёсьць парушэньнем іх элемэнтарных правоў:

“Мы спадзяемся, што ў будучыні ўлады лепш будуць клапаціцца пра гэтых маладых людзей”.

Людзі, якія адбываюць арышты пасьля ўвядзеньня новых правілаў, адзначаюць, што харчаваньне ў турмах стала значна горшае. Цяпер на сьняданак даюць шклянку гарбаты і кавалак хлеба. Абед спалучаюць зь вячэрай – суп, каша і шклянка гарбаты.

У камэрах холадна. Не хапае сьвежага паветра. На шпацыр нікога не выводзяць. Апроч таго, так званых “палітычных” не вывозяць на грамадзкія працы. Душ дазваляецца раз на тыдзень.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG