Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы пра адмену льготаў: “Знайшлі багатых”


Belarus - Vox Populi Generic Icon, 05Dec2007

Belarus - Vox Populi Generic Icon, 05Dec2007

Ад сёньня пачаў дзейнічаць закон, згодна зь якім пэнсіянэры, інваліды, студэнты ды іншыя катэгорыі насельніцтва пазбаўленыя ільготаў.

Як вы да гэтага ставіцеся? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да мінакоў на вуліцах Горадні.
Спадарыня: “Ой, ну што тут сказаць, знайшлі самых багатых і адабралі ў іх ільготы. У каго адабралі? У дзяцей, у пэнсіянэраў... мільянэраў пазнаходзілі!”
Спадарыня: “Вельмі дрэнна, бо цяжка мы жывем. Гэта яшчэ маладыя сабе могуць нешта дазволіць, а мы, старыя... ой...”
Спадарыня: “А хто можа станоўча да гэтага ставіцца? У 1991 годзе дзяржава нас абабрала, і цяпер рабаўніцтва працягваецца. Гэтыя няшчасныя льготы й тыя забралі. Каму гэта патрэбна?”
Дзяўчына: “Я лічу, што гэта няправільна. Ня тыя ў нас фінансы, каб плаціць за поўны праезд. Стыпэндыю ж нам ніхто не павялічыў”.
Спадарыня: “Я супраць таго, што забралі ў аўганцаў, інвалідаў, ва ўсіх, у каго дрэнна са здароўем. Паглядзіце, аўганцы ўсе там страцілі здароўе, псыхіка ў іх атручаная. Ім трэба дапамагаць”.
Спадарыня: “Адмянілі дык адмянілі — ну й што?”
Карэспандэнт: “А вам усё роўна?”
Спадарыня: “Цяпер кожны выжывае, як можа, сам. Раз дзяржава аб гэтым ня думае, то чаго нам думаць...”
Спадарыня: “Вельмі шкада, хацелася лягчэй хоць напрыканцы пажыць, але дзяржава хоча нечага іншага ад нас. Хаця мы й так папарабілі ўсё жыцьцё. Трэба цярпець, мы, беларусы, цярплівыя”.
Карэспандэнт: “А вы часам не падкажаце, колькі яшчэ трэба беларусам цярпець?”
Спадарыня: “Я сама каталічка й памятаю, што Бог цярпеў і нам наказваў. Можа, да чаго-небудзь дацерпімся”.
Спадар: “Дрэнна я стаўлюся да гэтага. Ды й што казаць...”
Спадарыня: “А што я магу сказаць, калі ўжо ўсё вырашылі? Ну вядома, што для нас гэта дрэнна. Але мы да ўсяго прывыкшыя”.
Спадарыня: “Шкада пэнсіянэраў, але яшчэ мне вельмі шкада студэнтаў. Многія зь іх вучацца за грошы, і як бацькам іх выпраўляць на гэтую вучобу? А іх жа трэба й накарміць, і адзець. Хоць бы ўжо таньней было дахаты даехаць...”
Дзяўчына: “Мы ня вельмі сумуем з гэтай нагоды, ходзім пешшу, дый дахаты нячаста езьдзім, таму й праблемаў ня маем”.
Дзяўчына: “Усё нармальна, і я супраць тых студэнтаў, што нагаворваюць на нашага прэзыдэнта”.
Яе сяброўка: “Я таксама згодная”.
Карэспандэнт: “Значыцца, вам непатрэбныя льготы?”
Дзяўчына: “Не, чаму, патрэбныя. Але калі ў дзяржавы няма на гэта грошай, то нічога ня зробіш. Дзяржава абрала такі шлях”.
XS
SM
MD
LG