Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ад сёньня пачынаюць дзейнічаць “Закон аб дзяржаўных сацыяльных льготах” і Ўказ "Аб некаторых захадах дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва".


Ці кампэнсуе адрасная сацыяльная дапамога хоць частку страчаных ільготаў?

На сацыяльных льготах дзяржава зэканоміць амаль 500 мільёнаў даляраў. Пэнсіянэры, студэнты і школьнікі пазбаўляюцца льготнага праезду ў транспарце; пэнсыянэры, якім за 70, вязьні концлягераў, інваліды 3 групы, донары, аўганцы, чарнобыльцы – 50%-най скідкі на лекі. І гэты пералік вельмі доўгі. Па сутнасьці, льготаў пазбавілі самыя бедныя катэгорыі насельніцтва: у Беларусі сярэдні памер пэнсіяў – 330 тысяч, стыпэндыяў – 106 тысяч.

Гутару з былым беларускім прэм’ерам Вячаславам Кебічам, які ачольваў урад на пачатку 1990-х гадоў.

Карэспандэнтка: “Вы б у свой час на такі крок пайшлі б?”

Кебіч: “Не. Адказваю вам: не, не пайшоў бы. Я не адабраў бы. Я наадварот, шукаў бы грошы, каб гэтыя самыя бедныя катэгорыі падтрымаць”.

Экс-прэм’ер Вячаслаў Кебіч пажартаваў, што адабраныя ў льготнікаў сродкі ўсё адно пойдуць не туды, куды трэба:

“Мы колькасьць безьбілетнікаў павялічым – яны ж ня будуць плаціць за квіткі, у іх жа грошай няма – тады мы гэтыя сродкі аддамо кантралёрам. Колькі забярэм у бедных безьбілетнікаў – столькі ж аддамо кантралёрам”.

“У нас жа жыцьцёвы стандарт вызначаецца па тых прынцыпах, над якімі сьмяяліся яшчэ Ільф і Пятроў у “12 крэслах”.
У пятніцу ўвечары на прэзыдэнцкім сайце зьявіўся Ўказ «Аб некаторых захадах дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва». Згодна зь ім, права на штомесячную сацыяльную дапамогу маюць сем’і і грамадзяне, сярэднедушавы даход якіх не перавышае 100% велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму за апошнія два кварталы, на разавую дапамогу – даход якіх ня больш за 120% ад бюджэту пражытачнага мінімуму. Цяпер памер бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім – 185 670 рублёў, для пэнсіянэраў 165 тысяч, для студэнтаў 197 тысяч.

Рашэньне аб прызначэньні дзяржаўнай адраснай падтрымкі будзе прымацца пастаянна дзеючымі камісіямі, створанымі пры райвыканкамах.

У адраснай сацыяльнай падтрымцы галоўным зьяўляецца вызначэньне жыцьцёвага стандарту, лічыць эканаміст Міхал Залескі:

“У нас жа жыцьцёвы стандарт вызначаецца па тых прынцыпах, якія былі закладзеныя савецкімі прафэсарамі, акадэмікамі Струміліным і Нямчынавым у 20-я гады, над якімі сьмяяліся яшчэ Ільф і Пятроў у “12 крэслах”. Там закладаліся нормы часоў грамадзянскай вайны, і яны нейкім чынам падтрымліваюцца ў мінімальных стандартах спажываньня, якія закладзеныя ў нашых нарматыўных дакумэнтах. Таму атрымліваецца, што мінімальны спажывецкі бюджэт – мізэрны, які знаходзіцца ў межах рысы галечы, вызначанай ААН – ён досыць задавальняльны, каб гэтыя базавыя патрэбы запоўніць. А тут яшчэ і камісія зьяўляецца. Прымерце на сябе – як вы будзеце на гэту камісію, якія даведкі насіць, і як вы будзеце даказваць, што вам трэба нешта атрымаць?”

Сёлета ў першым паўгодзьдзі адраснай сацыяльнай дапамогай было ахоплена толькі 0,33% насельніцтва – менш за 32 тысячы чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG