Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пабагацее дзяржава за кошт льготнікаў?


Ад 17 сьнежня пачынае дзейнічаць Закон аб упарадкаваньні льготаў – ён закране амаль траціну насельніцтва Беларусі. Якія катэгорыі насельніцтва будуць пазбаўлены льготаў? Што гэтыя людзі страцяць?


На льготніках дзяржава зэканоміць 500 мільёнаў даляраў

Розныя віды льготаў страцяць каля трох мільёнаў чалавек – пэнсіянэры, інваліды, ліквідатары Чарнобыльскай аварыі, удзельнікі вайны ў Аўганістане, донары, студэнты, школьнікі. На сацыяльных льготах дзяржава зэканоміць амаль 500 мільёнаў даляраў. Гэта прыкладна чвэрць дадатковых выдаткаў за расейскі газ. Нездарма Аляксандар Лукашэнка падчас абвастрэньня газавага канфлікту казаў, што з Расеяй расплацяцца беларускія пэнсіянэры.

Намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч запэўніла, што льготы агулам не патрэбныя: (цытую) “трэба перамагчы сябе і пайсьці радыкальна – адмяніць льготы ўсім да аднаго”. Аднак некаторым катэгорыям насельніцтва льготы пакінулі, і іх лягчэй пералічыць, чым тых, каго льготаў пазбавілі.

У каго льготы засталіся?

Льготы пакінулі Героям Савецкага Саюзу, удзельнікам вайны, кавалерам ордэнаў Славы і Працоўнай Славы, інвалідам і удзельнікам вайны, блякаднікам. Іх зусім ня шмат – 7 Героеў Беларусі, 24 Героя Савецкага Саюзу, 2 поўных кавалеры ордэна Славы. Вэтэранаў вайны засталося каля 60 тысяч, і штогод іх менее на 10 тысяч. Яшчэ льготы пакінуць дзецям-інвалідам (іх у краіне 28 тысяч), салдатам тэрміновай службы, сувораўцам, дзецям-сіротам. Права на бясплатны праезд у гарадзкім і прыгарадным транспарце маюць дзеці да 7 гадоў, у міжгародным – да 5 гадоў (без прадастаўленьня асобнага месца).

Пэнсіянэры радзей будуць езьдзіць на лецішчы

Самая шматлікая армія тых, хто страціць льготы – гэта пэнсіянэры. Іх у краіне 2,5 мільёны. Яны пазбаўляюцца права на льготны праезд ў гарадзкім і прыгарадным транспарце. А пэнсіянэры, якім за 70 – права набываць лекі за палову кошту.

Гутару з бабулькай у аптэцы:

Карэспандэнтка: “Шмат грошай ідзе на лекі?”

Спадарыня: “Ой, шмат. Тры дні таму я купляла лекі — заплаціла 51 тысячу. Гэта па льготах. Мы жывем з сястрой — 5 рэцэптаў сястры выпісалі, і 4 — мне. Шмат грошай ідзе. У мяне ціск, сэрца, шмат іншых хваробаў... Але што зробіш? Адменяць дык адменяць...”

Што да адмены льготнага праезду, некаторыя пэнсіянэры кажуць, што іх ня так ужо хвалюе гарадзкі транспарт – будуць менш езьдзіць, хадзіць па прадукты ў суседнюю краму пешшу. Яны занепакоеныя тым, што вельмі дорага будзе дабірацца да лецішча, якое іх фактычна корміць, і прапануюць пакінуць льготны праезд хаця б на дачны сэзон.

“Няхай бы на дачны сэзон — з 1 траўня да сярэдзіны верасьня. І гэта было б справядліва”.

Дарэчы, гэта прапаноўвала і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава, але яе не падтрымалі.

Студэнты пагражаюць езьдзіць “зайцамі”

Ільготнага праезду пазбавілі студэнтаў і школьнікаў. Сярэдні памер стыпэндыі ў студэнтаў ВНУ – 106 тысяч. Больш за палову студэнтаў плацяць за навучаньне і не атрымоўваюць стыпэндыяў.
Як сказаў Аляксандар Рыгоравіч: “Усе студэнты маладыя, здаровыя, хай ходзяць пешшу”. Як я буду дабірацца зь Зялёнага Лугу да філфаку пешшу?

Карэспандэнтка: "З наступнага панядзелка льготаў ужо ня будзе. Як вы да гэтага ставіцеся?”

Галасы студэнтаў: “Кепска”, “Вельмі дрэнна”, “Адмоўна”

Карэспандэнтка: “На кішэні студэнцкай гэта адаб’ецца?”

Хлопец: “Канечне, адаб’ецца”.

Хлопец: “Калі нехта жыве на адну стыпэндыю, таму будзе вельмі цяжка”.

Студэнт: “Тым больш што дагэтуль невядома, ці будзе ўвогуле абяцаная надбаўка да стыпэндыі”.

Студэнт: “Штраф зараз 6 тысяч. Мне здаецца, бальшыня студэнтаў будзе “зайцамі” езьдзіць”.

Хлопец: “Гэта вельмі вялікі ўдар па кішэні. У маім выпадку — па кішэні маіх бацькоў, але ўсё адно”.

Студэнт: “Можна радыкальныя захады рабіць: проста не плаціць грошай. Падыходзіць да цябе кандуктар, а ты кажаш, што грошай няма. Ну што ён табе зробіць?”

Спадар: “Як сказаў Аляксандар Рыгоравіч: “Усе студэнты маладыя, здаровыя, хай ходзяць пешшу”. Як я буду дабірацца зь Зялёнага Лугу да філфаку пешшу?”

Донары, аўганцы, чарнобыльцы: лекі – за поўны кошт

Адбіраюць льготы і ў ганаровых донараў. Дарэчы, іх у краіне каля 45 тысыч. Гаворыць ганаровы донар Міхаіл Мартышэнка:

“І дагэтуль ільготаў было мала: бясплатная стаматалёгія і пратэзаваньне, скідка на мэдыкамэнты. Мала іх было, і тыя забіраюць”.

Адбіраюць льготы на лекі ў інвалідаў другой і трэцяй групы (іх больш за 400 тысяч), у аўганцаў (калі яны працуюць), у чарнобыльцаў – калі захворваньні наўпрост не зьвязаныя з наступствамі аварыі на ЧАЭС. А дамагчыся ад мэдыкаў зьвязкі дыягназу з аварыяй на ЧАЭС наагул немагчыма. Амаль усім прыйдзецца набываць санаторныя пуцёўкі за поўны кошт.

Пазбавілі бясплатных лекаў немаўлятаў і маленькіх дзетак да трох гадоў. Праўда, маладыя маці кажуць, што выпісвалі бясплатна самыя танныя, малаэфэктыўныя лекі:

“Лекі па льготнай картцы ўсё адно выдаваліся толькі нашы, беларускія, Барысаўскай фармацэўтычнай фабрыкі, якія, як мне падаецца, вельмі малы эфэкт аказваюць. Усё адно ідзеш і купляеш іншыя, дарагія, за 50 тысяч”.

Міліцыянты атрымаюць праязныя білеты

Ініцыятары адмены льготаў самымі пераканаўчымі аргумэнтамі лічаць тое, што льготы адмянілі міліцыянтам, пракурорскім работнікам. Але ўсе міліцыянты атрымаюць з 1 студзеня праязныя дакумэнты за кошт Міністэрства. Што пазачарговай устаноўкі хатніх тэлефонаў, то гэта льгота міліцыянтам не патрэбная – яны карыстаюцца мабільнай сувязьзю па карпаратыўных льготных тарыфах.

Указу аб адраснай сацыяльнай дапамозе дагэтуль няма
Мы перадалі праект дакумэнту ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Калі ён будзе зацьверджаны – не магу сказаць”

Выступаючы ў парлямэнце падчас абмеркаваньня Закону аб упарадкаваньні ільготаў, намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч запэўніла: будзе адрасная сацыяльная дапамога. Рыхтуецца адпаведны Указ прэзыдэнта. Але льготы адмяняць 17 сьнежня, а абяцанага Ўказу дагэтуль няма.

Праўда, прэсавы сакратар Савету Міністраў Аляксандар Цімашэнка запэўніў: з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і Саветам Міністраў праект Указу ўзгоднены.

“Мы перадалі праект дакумэнту ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Калі ён будзе зацьверджаны – не магу сказаць”.

На адрасную сацыяльную дапамогу дзяржава можа выдаткаваць каля 50 – 60 мільярдаў рублёў. Гэта прыкладна ў 20 разоў менш, чым адбяруць з льготамі. Сёлета ў першым паўгодзьдзі адраснай сацыяльнай дапамогай было ахоплена толькі 0,33% насельніцтва -- менш за 32 тысячы чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG