Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь увайшла ў дзясятку самых крымінальных краін сьвету


Алег Грузьдзіловіч, Менск Як лічаць маскоўскія экспэрты, значны ўплыў на крымінагеннае становішча ў Беларусі аказвае Расея, у якой злачыннасьць на яшчэ вышэйшым узроўні.

Паводле расейскай агенцыі “Росбізнэскансалтынг” “дзесятку” найбольш небясьпечных для жыцьця чалавека краінаў сьвету адкрывае Калюмбія. За ёй ў гэты сьпіс трапілі ПАР, Ямайка, Вэнэсуэла, Расея і Мэксыка. Далей ідуць тры прыбалтыйскія краіны былога СССР і закрывае сумны сьпіс Беларусь. Дарэчы, для Беларусі гэта ня першае пападаньне ў “топ-парады”, якія не дадаюць гонару. Нагадаю хаця б леташнюю прысутнасьць ў аанаўскім сьпісе дзесяці самых адыёзных дыктатур плянэты.

У крымінальнай сфэры краіна таксама не здае “вядучых” пазыцый: яна трывала знаходзіцца ў “пяцёрцы” лідэраў па колькасьці вязьняў на тысячу грамадзян, ўваходзіць ў дзесятку краін Эўропы, дзе часьцей крадуць аўтамабілі. І вось зараз дзесятка самых крымінальных у сьвеце...

А што кажа беларуская статыстыка, ці пацьвярджае яна сумныя высновы замежных экспэртаў? Збольшага, так. Амаль сто тысяч, а калі дакладна, 96 тысяч злачынстваў было зарэгістравана ў Беларусі за мінулыя 6 месяцаў. Міліцыянты падлічылі: гэта на 27% болей за аналягічны пэрыяд мінулага году.

Такім чынам, рост злачыннасьці прызнаецца. Больш за тое, зафіксавана небясьпечная тэндэнцыя зьніжэньня раскрытых злачынстваў. З 58% на пачатку года да 51% ў верасьні. Некаторыя сэрыйныя злачынствы завісаюць на вялікі час бяз бачных пэрспэктываў раскрыцьця. Часьцей гэта тычыцца крымінальных забойстваў, згвалтаваньняў, узброеных крадзяжоў. У прыклад ставіцца нядаўні ўзброены напад на інкасатара ў Добрускім раёне. Прэсавы сакратар гомельскай міліцыі Анатоль Калбасаў распавёў пра гэта злачынства больш падрабязна.

( Калбасаў: ) “У 2 кілямэтрах ад вёскі Леніна Добрускага раёну 6 невядомых у масках зь дзіркамі для вачэй заблякіравалі аўтамабіль УАЗ, у якім везьлі заробак для супрацоўнікаў Гомельскага горна-абагачальнага камбінату. Стрэлілі з аўтамата Калашнікава і паляўнічай стрэльбы па УАЗу, адабралі грошы – гэта 109 мільёнаў рублёў і зьехалі на двох аўтамабілях у бок Расеі. Потым адзін аўтамабіль быў знойдзены ў Расеі. Вось чаму ўзьнікла адна з вэрсіяў нападу, што гэта расейскі сьлед”.

Ці часта ён бачны ў злачынствах на тэрыторыі Беларусі? У міністэрстве ўнутраных спраў кажуць, што не вядуць такіх падлікаў, але прызнаюць: у крымінальных зводках Расея згадваецца часьцей за іншыя краіны. Тлумачаць гэта ня толькі празрыстасьцю мяжы, але і трывалымі традыцыямі крымінальнага сьвету. Паводле гэтых традыцыяў, беларускія крымінальнікі большасьцю падпарадкоўваліся суседзям з усходу і дапамагалі ім чым маглі. Варта згадаць, як 5 гадоў таму ў Гомлі патаемна праходзіў зьезд расейскіх крымінальных аўтарытэтаў, якія падзялілі СНД на зоны ўплыву.

А ці ёсьць свой, нацыянальны патэнцыял ў такога фэномэну, як рост злачыннасьці? Шмат хто ў Беларусі лічыць – гэтаму спрыяе цяперашняя сытуацыя ў краіне. Былы старшыня калгасу “Расьсьвет”, двойчы Герой сацыялістычнай працы Васіль Старавойтаў напрыканцы 1990-х гадоў быў асуджаны за крадзеж, хаця ў сьвеце яго прызналі за палітычнага вязьня. Старавойтаў больш за год адбыў у аршанскай калёніі і бачыў, якімі тэмпамі расла ў Беларусі колькасьць асуджаных.

( Старавойтаў: ) “Да мяне ў гэтай калёніі было 1700 чалавек, а калі я ад’яжджаў, ужо 4 670. У тры паверхі ляжалі, не было куды класьці. Не сказаў бы, што такія ўсе заўзятыя злачынцы. Нехта з кімсьці пабіўся, нехта нешта скраў, і гэтак далей. Але ўсе маладыя і здаровыя. Такіх як я, сталага веку, не было.”

Васіль Старавойтаў згадаў, што за 30 год ягонага кіраваньня калгасам “Расьсьвет” было асуджана толькі 3 калгасьнікі, ды і тыя з-за аўтааварыяў. “Зараз у Мышкавічах людзі па вечарох не гуляюць, як раней, баяцца. Нядаўна была бойка, некага нават парэзалі”, -- кажа Васіль Старавойтаў пра зьмены з крымінагенным становішчам у сваёй роднай вёсцы .
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG