Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская жанчына зарабляе 63% ад сярэдняга заробку мужчыны


Ганна Соусь, Прага Дурным густам лічыць адзначэньне ў Расеі сьвята 8 сакавіка прафэсарка з расейскага інстытуту замежных справаў Ірына Зьвігельская. Паводле яе, гэта адзіны дзень у гаду, калі мужчыны даказваюць, што клапоцяцца пра жанчынаў, бо калі б яны былі сапраўднымі мужчынамі, то рабілі б гэта ўвесь год. Газэта “Christian Science Monitor” падае меркаваньні пасьпяховых расейскіх жанчынаў пра сьвята 8 сакавіка і пра ролю жанчынаў у сучасным грамадзтве. Са зьместам артыкулу вас пазнаёміць наша карэспандэнтка.

У Міжнародны жаночы дзень многія расейскія жанчыны ганарацца сваімі посьпехамі ў бізнэсе, але пры гэтым кажуць пра ранейшую няроўнасьць жанчынаў і мужчынаў у грамадзтве.

“Christian Science Monitor” называе кіраўніцу расейскай рэдакцыі часопісу “Vogue” Алену Далецкую найбольш мабільнай жанчынай у Расеі. Дзесяць гатоў таму яе кар''ера здавалася б неверагоднай – бо такой сфэры дзейнасьці проста не існавала. Яе шлях наверх пачаўся з зацьвілых калідораў савецкай акадэміі і скончыўся ў шыкоўных офісах з панарамай на Крэмль.

Яе шлях ад прафэсара лінгвістыкі да кіраўніка моднага часопіса сьведчыць пра галавакружныя магчымасьці для расейскіх жанчынаў, пра беспрэцэдэнтную хвалю пасьпяховых жанчын-прадпрымальніц і прафэсіяналаў. Гэта бачна па жанчынах у салёнах першага клясу на міжнародных авіярэйсах, у фітнэс-клюбах і нават у офісах касмэтычных салёнаў.

У Расеі Міжнародны жаночы дзень лічыцца афіцыйным сьвятам, яно крыху нагадвае дзень Сьвятога Валянціна і Дзень маці, і некаторыя жанчыны кажуць, што нарэшце ёсьць нагода нешта адсьвяткаваць.

Але “рэчы мяняюцца кардынальна”, кажа спадарыня Далецкая, галоўная рэдактарка расейска рэдакцыі “Vogue”. Маладыя жанчыны больш не азіраюцца назад і не падпарадкоўвацца мужчынам. Яны рэалізуюць сябе ў карэ’еры і некаторыя дасягаюць самых высокіх пасадаў.

У бурныя 1990 гады многія жанчыны прыстасаваліся да ўмоваў рынку хутчэй за мужчынаў. Сотні тысяч іх сталі працаваць чаўнакамі, прывозячы тавары з-за мяжы і гандлюючы імі на мясцовых рынках. Пазьней бізнэс чаўнакоў замяніў арганізаваны гандаль, але жанчыны засталіся моцнымі ў гандлёвай сфэры.

“Жанчыны зразумелі, што яны павінны выжываць”, газэта прыводзіць меркаваньне Тацяны Чартарыцкай, кіраўніцы Жаночага сацыял-дэмакратычнага кангрэсу. “У той час, як мужчыны ляжаць на канапах ці выпіваюць, жанчыны мабілізаваліся, каб падтрымаць свае сем’і”. Больш чым 40 адсоткаў у дробным бізнэсе складаюць жанчыны.

Тацьцяна Чартарыцкая кажа, што колькасьць жанчын на мэнэджэрскіх пазыцыях ў бізнэсе павялічваецца, ў той час, як колькасьць мужчынаў не зьмяняецца. Але дасьледаваньні сьведчаць пра тое, што жаночыя заробкі застаюцца ніжэйшымі за мужчынскія, у сярэднім жанчыны зарабляюць 63% ад заробкаў мужчынаў.

У той час, як жанчыны дасягаюць посьпеху ў бізнэсе, то палітыка – іншая гісторыя. Былая савецкая сыстэма гарантавала жанчынам траціну месцаў у парлямэнце. Аднак квоты былі адмененыя, і жаночая прысутнасьць у Думе паменшылася да 7%, як цяпер. "Ва ўрадзе няма ніякіх жанчынаў”, кажа спадарыня Чартарыцкая. Мы маем некалькі знакамітых жанчынаў, якія дамінуюць на тэлеэкране, аднак ў Расеі няма ніякага рэальнага жаночага руху.

Мужчыны традыцыйна чакаюць, што жанчыны возьмуць на сябе ўсе хатнія клопаты і выказваюць зусім няшмат павагі да іх прафэсійных здольнасьцяў. “Расейскія мужчыны вельмі самазадаволеныя, і яны мяняюцца значна павольней, чым жанчыны”, кажа спадарыня Далецкая. Экспэрты адзначаюць, што толькі невялікая частка і расейскіх жанчынаў робяць пасьпяховую кар’еру, і галоўным чынам у Маскве, тады як для большасьці расейскіх жанчынаў эканамічныя ўмовы ў апошнія гады істотна пагоршыліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG