Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускія музыкі граюць на ўсясьветным узроўні”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 12 лютага ў Гайнаўцы, а ў панядзелак 14 лютага ў Варшаве адбудуцца канцэрты знанага гарадзенскага барда Віктара Шалкевіча. Польскі прадпрымальнік Ігар Знык, які іх арганізоўвае, кажа, што шэраг беларускіх выканаўцаў граюць на ўсясьветным узроўні, і пры лепшай рэкляме яны змаглі б знайсьці нядрэнную ўласную нішу на польскім рынку.

Натоўпы на апошніх варшаўскіх канцэртах гуртoў “NRM” ці “Палац” паказваюць, што беларускія музыкі могуць сур’ёзна зацікавіць аматараў музыкі ў польскай сталіцы. Некаторы час таму арганізацыяй канцэртаў гуртоў зь Беларусі вырашыў займацца прадпрымальнік з Варшавы Ігар Знык, але, як ён кажа, робіць гэта для душы, бо пра заробкі ад такой дзейнасьці казаць пакуль рана.

(Знык: ) “Не, я раблю гэта не для заробку – буду задаволены, калі атрымаецца вярнуць свае грошы, што ўкладзеныя ў арэнду залі і гэтак далей. Ведаеце, арганізацыя канцэртаў беларускіх музыкаў папросту прыносіць мне задавальненьне – я гэтую музыку люблю, але гэта перадусім магчымасьць дапамагчы зарабіць ім, бо ў Беларусі гэтыя гурты ня могуць выступаць з палітычных прычынаў. Што да Шалкевіча, дык тут асаблівая гісторыя – я, што ўжо тут хаваць, вялікі прыхільнік ягонай творчасьці!”

Паводле словаў Ігара Зныка, шэраг беларускіх выканаўцаў граюць на вельмі добрым узроўні, і пры лепшай рэкляме змаглі б знайсьці нядрэнную ўласную нішу на польскім рынку. Працягвае спадар Знык:

(Знык: ) “Калі казаць пра ўзровень, дык некаторыя беларускія выканаўцы граюць, я б сказаў, на ўсясьветным узроўні – не хапае рэклямы, маркетынгавых захадаў. Бо пакуль пра іх ведаюць беларусы, што жывуць тут, ці палякі, якія цікавяцца беларускай культурай. Шырэйшая публіка пра сучасную беларускую музыку абсалютна нічога ня ведае. Спадзяюся, што канцэрты, якія я разам зь іншымі спрабую арганізоўваць дапамогуць, каб беларускіх музыкаў ведалі ў Польшчы лепш”.

Варшаўскі канцэрт Віктара Шалкевіча, перад якім зайграе яшчэ малады гурт зь Менску “Рэха”, адбудзецца ў панядзелак а 19-й гадзіне ў Малым тэатры што на вуліцы Маршалкоўскай.
XS
SM
MD
LG