Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На тэледэбатах Юшчанка выглядаў больш пераканаўча, чым Януковіч – лічаць палітолягі


Валер Каліноўскі, Кіеў Сёньня на першым украінскім тэлеканале УТ-1 прайшлі дэбаты двух кандыдатаў на прэзыдэнта Ўкраіны – лідэра апазыцыі Віктара Юшчанкі і прэм''ера Віктара Януковіча. Кіеўскія палітолягі лічаць, што Януковіч прайграў, адсядзеўся ў абароне, у той час як Юшчанка быў больш пераканаўчым.

Тэледэбаты былі разьбітыя на 4 блёкі, прысьвечаныя сацыяльнай, эканамічнай, унутранай і замежнай палітыцы. Фармат іх быў вызначаны так, што ўласна дыскусіі амаль не было, кандыдаты па чарзе выступалі па кожнай з чатырох тэмаў, з уступным і заключным словам. Выступы Юшчанкі былі рэзка крытычнымі, ён задаваў шмат вострых пытаньняў, вылучаў шмат абвінавачваньняў на адрас Януковіча і дзейных уладаў, нагадваў ягонае крымінальнае мінулае:

Віктар Януковіч праігнараваў усе абвінавачваньні на свой адрас і ўпарта казаў пра посьпехі свайго ўраду, абвінавачваў Юшчанку ў памылках часоў ягонага прэм''ерства.

Януковіч сваё заключнае слова прамовіў па-расейску, ён заявіў, што ўжо ўяўляе сабою новую ўладу Украіны. Януковіч прыкметна зьнізіў узровень дыскусіі вакол “эксплюатаваных” ім тэмаў падвойнага грамадзянства і афіцыйнага статусу расейскай мовы, заявіўшы, што трэба яшчэ вырашыць, што рабіць у гэтай галіне.

Паводле ацэнкі кіеўскага палітоляга Аляксандра Дзергачова, у першых двух блёках – сацыяльным і эканамічным абодва кандыдаты былі збольшага аднолькава моцнымі, затое другія два, якія датычыліся унутранай і зьнешняй палітыкі, прэм''ер Януковіч відавочна прайграў, бо ён дрэнна валодае гэтымі тэмамі.

(Дзергачоў: ) “Для падрыхтаванай публікі перавага Юшчанкі досыць відавочная, для меней гатовых мала было што зразумела з гэтай дыскусіі”.

Аляксандар Дзергачоў лічыць, што на вынік галасаваньня 21 лістапада гэтыя дэбаты паўплываюць ў нязначнай ступені. Сымпатыі ўкраінцаў, на ягоную думку, ужо даўно вызначаныя.
XS
SM
MD
LG