Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя затрымала каля 50 чалавек, некаторых моцна зьбілі


Любоў Лунёва, Менск У Ленінскім ўпраўленьні ўнутраных справаў сталіцы знаходзіцца каля паўсотні чалавек, затрыманых за ўдзел у апазыцыйнай акцыі пратэсту. Некалькі чалавек моцна зьбітыя. Ім аказваюць мэдычную дапамогу. Сярод затрыманых лідэр “Народнай Грамады” Мікалай Статкевіч і лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

У часе затрыманьня амонаўцы хапалі ўсіх, хто былі бліжэй да аўтобусаў. Маленькага 11-гадовага хлопчыка кінулі ў аўтобус разам зь іншымі затрыманымі. Калі ён выбег зь яго, то адзін амонавец, не зьвяртаючы ўвагі на крыкі журналістаў, схапіў хлопчыка, падняў і кінуў яго на падлогу аўтобуса. Толькі, калі твар амонаўца пачалі здымаць усе тэлеапэратары, ён зьбянтэжыўся, і хлопчыку ўдалося зьбегчы.

Хлопчык быў вельмі напалоханы. Толькі здолеў сказаць, што яму 11 гадоў, і што ён вяртаўся дамоў з музычнай школы.

Некаторых людзей у аўтобус цягнулі за ногі. Затрыманых павезьлі на чатырох аўтобусах. Адразу пасьля гэтага па праспэкце Францыска Скарыны паехалі дзесяткі машынаў, са спэцназаўцамі і салдатамі ўнутраных войскаў. Дэманстранты праваджалі іх адпаведнымі воклічамі:

(Галасы: ) “Ганьба! Ганьба!”

За Анатолем Лябедзькам у рэстарацыю “Патыё-Піца” кінуліся амонаўцы ў скураных куртках і ў форме. Яны на вачах людзей зьбілі Анатоля з ног і некалькі раз ударылі тварам аб бэтонную падлогу.

“Хуткая дапамога” адвезла Анатоля Лябедзьку ў шпіталь. Мэдыкі канстатавалі чэрапна-мазгавую траўму і гематому ў нырках. Ён будзе знаходзіцца ў шпіталі хуткай дапамогі.

Яшчэ двое затрыманых – Аляксандр Валчанін і дзяўчына – знаходзяцца ў пятым клінічным шпіталі. Дзяўчына страціла прытомнасьць у аўтобусе.

Гэтым разам пацярпелі трое журналістаў. Разам з дэманстрантамі ў аўтобус кінулі карэспандэнта “Associated Press” Сяргея Грыца. Пашкодзілі камэру апэратару НТВ Канстанціну Марозаву і нанесьлі траўму на твары. Ахоўнік з адміністрацыі Лукашэнкі ўдарыў нашага калегу Юрыя Сьвірко ў жывот.

Цяпер ў дзяжурнай часткі міліцыі трымаюць больш за паўсотні чалавек. Гэта актывісты “Маладога Фронту”, руху “Зубр”, студэнтаў. Непаўнагадовых на гэты момант яшчэ не адпусьцілі. Заўтра затрыманых удзельнікаў дэманстрацыі будуць судзіць у Ленінскім судзе.
XS
SM
MD
LG