Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2004: аб’ядналіся тры дэмакратычныя кааліцыі


Валер Каліноўскі, Менск Кіраўнікі кааліцыяў “Свабодная Беларусь”, “Рэспубліка” і “Маладая Беларусь” падпісалі пагадненьне аб кансалідаваным сьпісе кандыдатаў на парлямэнцкіх выбарах. Такім чынам, ад апазыцыі будуць два сьпісы кандыдатаў — яшчэ адзін прапаноўвае “Пяцёрка плюс”. Зь месцаў паступаюць паведамленьні, што ўлады, агітуючы супраць апазыцыйных кандыдатаў, ціснуць на сябраў іх ініцыятыўных групаў.

Лідэры эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь” Мікалай Статкевіч і Андрэй Саньнікаў, грамадзянскай кааліцыі “Рэспубліка” Валеры Фралоў ды кааліцыі “Маладая Беларусь” Зьміцер Дашкевіч сёньня пагадзіліся каардынаваць свае дзеяньні ў часе парлямэнцкіх выбараў і вылучыць кансалідаваны сьпіс кандыдатаў. Канчаткова гэты сьпіс плянуецца зацьвердзіць пасьля рэгістрацыі. Кіраўнік БСДП “Народная грамада” Мікола Статкевіч так патлумачыў мэты новага аб’яднаньня:

(Статкевіч: ) “Мы не хацелі, каб у нас была, як кажуць, “звалка” дэмакратычных кандыдатаў, таму мы дамаўляемся з тымі, хто гатовы з намі размаўляць”.

Мікола Статкевіч кажа, што яны не зачыняюць дзьвярэй і для кааліцыі “Пяцёрка плюс”. Адзін зь лідэраў апошняй Анатоль Лябедзька вітаў аб’яднаньне трох цэнтрысцкіх кааліцыяў:

(Лябедзька: ) “Я думаю, што гэта крок да нейкага рэальнага сьпісу канкрэтных людзей. Таму што да гэтага часу складана было атрымаць інфармацыю ад іншых суб’ектаў, якія знаходзяцца на дэмакратычным полі, наконт канкрэтных асобаў, якія ідуць на выбары. Я думаю, што цяпер аблягчаецца задача, хоць гэта і вельмі позна. Але тым ня меней мы гатовыя да кансультацыяў, да каардынацыі дзейнасьці”.

Спадар Лябедзька, які зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу ў Менску, нечакана сутыкнуўся з прэтэнзіямі міліцыі да зборшчыкаў подпісаў, якія на вуліцах выкарыстоўваюць інфармацыйныя стэнды. Міліцыя разглядае гэта як пікет і патрабуе дазволу ўладаў. З аналягічнай праблемай сутыкнуўся і прэтэндэнт на дэпутацкі мандат зь Лепелю Алег Тычына. Акрамя таго, спадар Тычына кажа, што працягваецца ціск на сябраў ягонай ініцыятыўнай групы, што ўлады актыўна выкарыстоўваюць так званы адміністрацыйны рэсурс:

(Тычына: ) “Сабралі кіраўнікоў прадпрыемстваў у гарвыканкаме і дакладна далі ўказаньне, што адзіны кандыдат, за якога трэба і подпісы зьбіраць, і падтрымліваць і людзей пераконваць, каб яны галасавалі, — гэта Ўнучка Раман Іосіфавіч. А ўсе астатнія кандыдаты — гэта нішто”.

Пра дзеяньні мясцовых уладаў распавёў і прадстаўнік АГП з Барысава Віктар Гарбачоў. Днямі там у гарадзкім Доме культуры старшыня выканкаму сабраў кіраўніцтва большасьці прадпрыемстваў і тлумачыў, як не дапусьціць перамогі апазыцыйных кандыдатаў.

(Гарбачоў: ) “Ідзе ўзмоцнены ціск з боку ўлады, пачынаецца аб’езд заводаў і збор усіх людзей, і людзям убіваюць у галовы, хто добры, хто кепскі, за каго галасаваць, за каго — не”.

Віктар Гарбачоў паведаміў, што зафіксаваў выпадкі, калі за ягонага патэнцыйнага канкурэнта Леаніда Козіка зьбіралі подпісы на прадпрыемствах Барысава ў працоўны час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG