Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве адбываецца пікет, прысьвечаны 10 угодкам прэзыдэнцтва Лукашэнкі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава (Эфір 20 ліпеня). У гэтыя хвіліны ў Варшаве адбываецца акцыя, прысьвечаная дзесяцігодзьдзю знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Я цяпер знаходжуся ў самым цэнтры Варшавы, на скрыжаваньні вуліцаў Новы Сьвят і Хмельна, дзе каля 15 прадстаўнікоў польскай арганізацыі Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі наладзілі акцыю, мэта якой – як яны самі кажуць – “паінфармаваць польскае грамадзтва пра нэгатыўныя наступствы дзесяцігадовага кіраваньня Лукашэнкі”.

Удзельнікі акцыі трымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі і шмат плякатаў са здымкамі з падзеяў апошніх 10 гадоў беларускай гісторыі – галадоўкі апазыцыі ў Вярхоўным Савеце, Чарнобыльскага Шляху - 96, ды іншыя.

Удзельнікі акцыі распавядаюць мінакам пра цяперашнюю палітычную сытуацыю ў Беларусі, перасьлед мэдыяў і дэмакратычнай апазыцыі.

Сёньня, у дзень пачатку працы Эўрапейскага парлямэнту новага скліканьня, акцыя, прысьвечаная дзесяцігодзьдзю знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, прайшла каля будынку Эўрапарлямэнту ў Страсбуры. Каля 15 беларусаў – прадстаўнікоў палітычнай іміграцыі з Бэльгіі й Галяндыі трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і плякаты з патрабаваньнямі свабоды слова ў Беларусі й спыненьня рэпрэсіяў супраць апазыцыі. Пікетоўцаў падтрымалі дэпутаты Эўрапарлямэнту ад Латвіі.
XS
SM
MD
LG