Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Царква “Новае жыцьцё” cудзіцца з уладамі


Любоў Лунёва, Менск Вышэйшы гаспадарчы суд пачаў разглядаць канфлікт паміж пратэстанцкай суполкай “Новае жыцьцё” і гарадзкімі ўладамі. Летась Менгарвыканкам пазбавіў вернікаў зямельнага ўчастку, а сёлета й будынку. Пастара й адміністратара царквы штрафавалі больш як на 6000 даляраў за несанкцыянаваныя набажэнствы. Вернікі трымалі галадоўку пратэсту супраць гэтага рашэньня.

Сёньня ў судзе яны выставілі дадатковыя патрабаваньні, але суд прыняў да справы толькі некаторыя зь іх. У прыватнасьці, вернікі просяць перапрафіляваць прызначэньне зямельнага ўчастку й будынку на ім; кампэнсаваць выплату пошлінаў за судовыя разборы (каля тысячы даляраў).

Пытаньне законнасьці правядзеньня набажэнстваў у храме суд разглядаць ня будзе. Апроч таго, суд ня будзе прымушаць чыноўнікаў Менгарвыканкаму, як прасілі вернікі, перарэгістраваць рэлігійную суполку. Тым ня менш, вернікі лічаць, што суд спрабуе разьвязаць канфлікт.

Юрыст царквы Сяргей Луканін апавёў:

(Луканін: ) “Дыялёг зь Менгарвыканкамам у нас не атрымаўся. Канфлікт мусіць быць вырашаны, бо ён не на карысьць ні вернікам, ні гарадзкім уладам. На сёньняшні дзень мы бачым, што суд зацікаўлены ў вырашэньні нашай праблемы й робіць захады дзеля вырашэньня нашых пытаньняў. Але, на маю думку, суд будзе ўлічваць і інтарэсы гарадзкіх уладаў”.

Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка дадаў:

(Ганчарэнка: ) “Канфлікт мусіць быць вырашаны, бо дайшло да таго, што столькі вернікаў пайшлі на такую скрайнюю меру, як галадоўка. Бог зрабіў пералом — пайшлі судовыя працэсы”.

Адміністратар суполкі Васіль Юрэвіч пэўны, што рашэньне суду будзе на карысьць вернікаў.

(Юрэвіч: ) “Напярэдадні сьвята мы падрыхтавалі невялічкія падарункі для нашых дзетак, для нашых вернікаў, якія трымалі галадоўку. Адбудуцца дзіцячыя канцэрты, прысьвечаныя дню нараджэньня Хрыста. Мы спадзяемся, што суд возьме наш бок і вырашыцца пытаньне зь Менгарвыканкамам, а вернікаў пакінуць у спакоі, каб яны маглі займацца сваёй штодзённай працай”.

Наступнае паседжаньне адбудзецца ў пачатку студзеня. Назіральнікі лічаць, што рашэньня суду можна чакаць не раней як праз тры месяцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG