Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У суд – за запіс у кнізе прапановаў


Радыё Свабода У судзе Сьветлагорскага раёну сёньня распачата слуханьне незвычайнай крымінальнай справы супраць беспрацоўнага юрыста са Жлобіну Сяргея Ярашэвіча. Яго абвінавачваюць ў абразе судзьдзяў Рагачоўскага раённага суду Уладзімера Саламейчука й Мікалая Рубісава ў сувязі з ажыцьцяўленьнем імі правасудзьдзя.

Падставай для крымінальнага перасьледу паслужыў запіс спадара Ярашэвіча ў кнізе заўваг і прапановаў Рагачоўскага суду. Ён меў неасьцярожнасьць параўнаць рагачоўскіх судзьдзяў з судзьдзямі 1937 году, якія нібыта ўчыняюць судзілішча па прынцыпу: быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца. Рагачоўскія судзьдзі сёлета ўвесну па чарзе разглядалі крымінальную справу Сяргея Ярашэвіча. Таго абвінавачвалі ў хуліганстве з нанясеньнем лёгкіх цялесных пашкоджаньняў былому супрацоўніку жлобінскай міліцыі, ў якога зь Ярашэвічам былі непрыязныя побытавыя дачыненьні.

Сяргей Ярашэвіч, дарэчы, сам былы судзьдзя і адвакат, быў аштрафаваны на 3 мільёны 100 тысячаў рублёў. Сваю крымінальную справу з артыкулам пра хуліганства спадар Ярашэвіч лічыць неабгрунтаванай, а разьбіральніцтва і прысуд – неаб’ектыўнымі. Таму ён і зрабіў запіс ў кнізе заўваг і прапановаў. У выніку супраць Сяргея Ярашэвіча распачата другая крымінальная справа, якая і разглядаецца Сьветлагорскім судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG