Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі: Мікола Арочка, Юры Фурс, Валеры Дайнэка


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 5 жніўня). Аўтары: Валянціна Аксак, Дзьмітры Падбярэзкі, Міхась Скобла.

АЎТАР І ТВОР

МІКОЛА АРОЧКА: “СПРАБУЮ РАЗГАДАЦЬ ФІЛЯЗОФІЮ ІСУСА”

Мікола Арочка — паэт, доктар філялёгіі, былы супрацоўнік Нацыянальнай Акадэміі навук, аўтар 23-х кніг. Больш за пятнаццаць гадоў таму ён нечакана для многіх пакінуў сталіцу і пераехаў на сталае жыхарства ў сваю родную вёску Вецявічы на Слонімшчыне, дзе яго і наведаў днямі Міхась Скобла.



(Фота 060)

(Міхась Скобла: ) “Спадар Мікола, як жывецца вам у Вецявічах?”

(Мікола Арочка: ) “Часам жартую: я жыву ў Вецявічах — як Дыяген у бочцы. А нічога, прывык. Трымаю гаспадарку, дробнакапытную жыўнасьць — козачак. Каб унука, які вучыцца ў Менску ў коледжы, сустракаць казіным, вельмі карысным, малачком. Працы тут хапае. Цяпер улічы — мая жыцьцёвая дарога ўжо з кірмашу цягнецца, коціцца ўніз. Я адчуваю, што трэба дужэць і мужнець духам. А што душу грэе? Спадзяванка на сапраўдную незалежнасьць нашай краіны. Хацелася б дачакацца, пажыць у беларускай Беларусі”.

(Скобла: ) “Бачу каля вашай хаты немалыя прысядзібныя соткі. Які будзе сёлета ўраджай?”

(Арочка: ) “Я саджу гародніну розную — гурочкі, памідоры, бульбу, цыбулю-адзіночку. Але сёлета ўдаўся засушлівы год, таму даводзіцца паліваць двойчы на дзень, раніцай і вечарам. Там за гародам — стары калодзеж. Ён пусты. А некалі ж ён паіў цэлыя статкі майго дзеда. Але праклалі каля яго шырозную магістральную канаву. Над ёй шэфствуе сама Слонімская мэліярацыйная сыстэма. Прыяжджаюць рабочыя з ламамі, рыдлёўкамі, і той ручаёк, дзе яшчэ сьлязіцца вада, яшчэ глыбей закопваюць”.

(Скобла: ) “На вашай вуліцы чутны дзіцячыя галасы. Гэта ўлетку. А зімой вы тут, мабыць, як на востраве. Ці не замятае вас тут сьнегам?”

(Арочка: ) “Замецены я тут сьнегам і забыты людзьмі. А хочацца ведаць, што ў сьвеце робіцца. Усе прыймачы — няўдалыя ў мяне. Трашчаць, пішчаць. Часам удасца натрапіць на Deutsche Welle ці Свабоду. Там ёсьць разумныя, цьвярозыя развагі, так добра бывае паслухаць. І думаю — хай бы мне нейкім чынам узычылі добры прыймач, каб я мог без перашкодаў слухаць тую Свабоду. Іначай як спазнаць сьвет, даведацца, чым ён жыве? “Калі маеце вочы — мусіце бачыць, калі маеце вушы — мусіце чуць”, — як гэта ў Бібліі гаворыцца”.

(Скобла: ) “Вы перад гутаркай сказалі, што закончылі гістарычную паэму “Каранацыя Міндоўга”. У Вецявічах жа няма ні бібліятэкі, ні, тым больш, інтэрнэту. Вы што, усе гістарычныя зьвесткі ў памяці трымаеце?”

(Арочка: ) “Не забывайся, што я аўтар гістарычных паэмаў — “Курганьня”, “Крэва”, “Суднага дня Скарыны”. У свой час я меў перапіску зь літоўскім пісьменьнікам Юсьцінасам Марцінкявічусам — аўтарам паэмы “Mindaugas”. Дарэчы, маю яе расейскі пераклад з аўтографам аўтара. Памятаю, калі я працаваў у Інстытуце літаратуры, узяў у мяне гэтую кнігу пачытаць дырэктар інстытуту Віктар Каваленка. Вяртаючы, сказаў: “Гэта не гістарычная рэч”. І сапраўды, там прыдумка на прыдумцы. А ўсё дзеля таго, каб перарабіць гісторыю Вялікага Княства на літоўскі капыл. Але ідэя каранацыі жыла на беларускай зямлі спрадвеку, і ў нашым Наваградку Міндоўг каранаваўся. Потым каранавацца хацеў Вітаўт, але не атрымалася. Таму гісторыя Міндоўга — гэта беларуская гісторыя, па якой паласой пралегла беларуская кроў — чырвоная па белым”.

(Скобла: ) “Памятаю, ваш унук Валерык падлеткам пісаў вершы — сьледам за дзедам. А цяпер?”

(Арочка: ) “Ён — спэц па любых мапедах, па любых скутарах. У электроніку лезе… Тут ён малайчына. І паэзію разумее, любіць. Але ў ім перамагла цяга да тэхнікі”.

(Скобла: ) “Вы хадзілі ў школу падчас нямецкай акупацыі. Чым вам запомнілася тая школа?”

(Арочка: ) “Запомнілася беларускамоўным навучаньнем — тым, чым яна адрозьнівалася ад польскай школы, бо пачынаў я вучыцца пры паляках. Калі прыйшлі немцы, я вучыўся ў Селявіцкай школе на роднай мове. Памятаю, як за чатыры клясы мы хадзілі здаваць іспыты ў Пасінічы. І ў мяне папыталіся пра яканьне і аканьне. Тады я атрымаў “пяцёрку”. Потым пайшоў у Вялікакракоцкую школу, якая разьмяшчалася ў гэтак званым Народным доме. Дамы такія будаваліся на сялянскія грошы. Памятаю і свайго настаўніка — Васіля Пракопавіча Трафімовіча. Потым нашу школу спалілі савецкія партызаны. І мы былі вымушаныя вучыцца па хатах”.

(Скобла: ) “Пры нямецкай акупацыі існавалі беларускія школы, а сёньня зачыняюцца. Як гэта можна назваць?”

(Арочка: ) “Гэта барбарскі парадокс. Тут жа ў нас вялікія беларускія вёскі. Возьмем, напрыклад, Чамяры ці Вялікую Кракотку, дзе калісьці грамадой ішлі ў “Грамаду”, у Таварыства беларускай школы, дзе ў гумнах ставіліся беларускія спэктаклі, дзе пульсавала жыцьцё. Па актыўнасьці вёскі гэтыя набліжаліся да Слоніма, нават да Вільні, куды пасылалі сваіх лепшых сыноў і дачок вучыцца на настаўнікаў. А цяпер школы беларускія зачыняюцца. Паўтаруся, гэта барбарскі парадокс”.

(Скобла: ) “У вашым пастухоўскім кошыку я бачу цэлы жмут вершаў і Біблію. Вы ўсё гэта носіце з сабой?”

(Арочка: ) “Гэта можа крыху падацца й сьмешнаватым… Калі выганяю сваіх дробнакапытных на пашу, то бяру яшчэ маленькі ўслончык-зэдлік, сядаю дзе ў зацішку і пішу ці чытаю. Асабліва мяне захапіла Эвангельле ад Яна. Ён увесь час настойвае на адной ідэі — калі вы паверыце ў Ісуса, жыцьцё будзе вечнае. Чаму ён так настойвае? А каб паверылі прыродзе чалавека, якая ня можа працягвацца на дзікунстве, барбарстве, драпежнасьці. “Жыцьцё будзе вечнае…” У імя чаго ён гэтае абяцаньне ўсім свам жыцьцём пацьвердзіў? І цяпер я гэтым жыву, разважаю, думаю, малюся. Дасьць Бог — напішу паэму. Паспрабую разгадаць філязофію Ісуса”.

МІКОЛА АРОЧКА. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

ПРАСКРЫПЦЫІ, альбо СЬМЕРЦЬ ЦЫЦЭРОНА

Няма большага драпежніка, чым чалавек, у якім дурныя страсьці лучацца з уладай. Плютарх

Славуты, цудамоўны Цыцэрон Ня мог мячу дыктатара скарыцца. І помсьлівымі псамі наўздагон За ім пусьціліся праскрыпцыі.

Выслухвалі ўзьбярэжны плюхат хваль, Сьцяжыны і праходы аблажылі. О, лецішча, у кушчах захавай, Прымі яго, нямоглага, з насілак.

Спаві ў лістоту, ў цытрусавы сад Таго, хто ўладным дарам красамоўцы Высока ўзьнёс на консульскі пасад Драпежнага і лютага забойцу.

Чаго дамогся ты сваім даверам? У сьпісах сьмерці самым першым стаць. Як страшна ўсё ж за чалавека-зьвера, Які ў сабе сваю дурную страсьць

З уладай дзікай абвянчаў. Тады Над морам нават хорам Апалёна Не уратуе ад ліхой бяды, Не данясе прадвесьця грай варонаў.

Але паўстаў дух мужнасьці з насілак І шыю агаліў на ўзмах ляза… А над чалом, над жахам і насільлем Вілася вінаградная лаза.

ПАДСОЧКА

Дажываюць сосны бору. Бор той не стары. Галаву задзёршы ўгору, Ходзяць там майстры.

І разцом шваргочуць моўчкі. Крапне з-пад ляза Не жывіца ад падсочкі, А бурштын-сьляза.

Льецца ў посуд, нібы ў лейку, Праз канаўку-роў. Меднастволіцам — паўвеку. Маладая кроў…

Ды заступніцкае моцы Я ня маю тут. Сам я чуюся ў падсочцы, Як і ўвесь мой люд.

А БЯДА НЕ АДСТАЛА…

А бяда не адстала ад нас ні на крок. Падганяе сьляпых да абрывістай стромы. Зноў за сьпінаю вусьцішна шчоўкнуў курок… Але ў сьвеце мой крык не патрэбны нікому!

Хай ня гуртам глытае нас брацкі дол, Па адным ці па пары — адстрэл эліты. Недзе ў лесе курыцца над ямінай ствол, Ці тапелец усплыў, папярэдне забіты…

Супраціў хіжа ўтопяць у лыжцы вады, Ці ў гасьцінна паднесенай шклянцы атруты. Нам расстаўлены тысячы пастак бяды. Крык пакуты ня будзе пачуты.

Я пасу вось кароў ці абкошваю роў, Ці з унукам шукаю сунічак, ажынаў… Што мне вышукі ўсьлед?! Я ўжо страціў сыноў… Што мне вушы віжоў, што мне сык іх вужыны?!

Але вы, да каго мы узносім свой крык, Калі стогнам вымольваем зноў паратунку, Вы ж таксама зь іх кіпцяў свой возьмеце крыж, Як і мы, яшчэ ўзвыеце сьлепа ў іх шлунку!

КАЛАСЫ Ў ХВАРТУХУ ТВАІМ

Калі маці палетак свой жала, Хвартушок саматканы брала. Падтыкала за пояс ражкі І пускала сярпок па загоне, Поруч зь ёй шчыравалі жанкі Перад золатам нівы ў паклоне. А паперадзе іх — хвартушкі, З вышыванкамі беражкі!

А сярпок у матулі займісты, Назублёны, у промнях наўскос, Нырцаваў між сьцяблін залацістых, Скарб калосься з падхопам нёс, Чыста нёс у наступнасьць, вячыста! Ды з іржышча скакаў каласок Бы ў калыску — у хвартушок!

Родны край быў заўсёды ашчадны, Не раскідзісты, ды не скупы! Ён свае назапашваў снапы Капа да капы, Да чужога дабра не пажадны, Тарпа да тарпы!

Ды чужая рука выграбала Не з малых хвартушкоў — зь мяшкоў! Ды спрадвеку наш люд ратавала Любата да сваіх каласкоў.

Колькі іх паразьвеяў вятрыска, Як сыноў — па разлогах вякоў! Беларусь, наша маці, калыска, Нахіліся ашчадна-нізка І сваіх не глумі каласкоў!

* * * Улада ад Бога? Пярэч — не пярэч… У роздуме я не даходжу да ладу. Калі прырасло яе пекла да плеч, То люд, мусіць, варты такое улады!

Ад рэдактара. Напішыце ліст падтрымкі Міколу Арочку. Яго адрас: вёска Вецявічы, п/а Селявічы, Слонімскі р-н, Гарадзенская вобласьць. Індэкс: 231806.

ВЭРНІСАЖ

ЮРЫ ФУРС: “МОЙ ІДЭАЛ БЕЛАРУСКАГА КАВАЛЯ — ПАЎЛЮК БАГРЫМ”

З мастаком-кавалём з Паставаў Юрыем Фурсам сустрэлася нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак.

(Фота Furs-7)



(Валянціна Аксак: ) “Спадар Юры, гадоў дваццаць таму хлопцы хацелі быць інжынэрамі і дыпляматамі, лётчыкамі і акіянолягамі, фізыкамі і лірыкамі, а вы выбралі сабе прафэсію, якую даў людзям антычнасьці бог Гермэс, а беларусам бог агню Жыжаль. Чаму?”

(Юры Фурс: ) “Атрымалася гэта вельмі проста. Пасьля таго, як я звольніўся з войска ў 1983 годзе і прыехаў у невялічкі горад Паставы, трэба было ўладкоўвацца кудысьці на працу. Бацька адвёў мяне на сваё прадпрыемства, але пакуль афармлялі дакумэнты, мы зь ім выпадкова трапілі ў пустую кузьню, дзе ўжо пару месяцаў ніхто не працаваў. Мяне адразу нечым прыцягнула тая абстаноўка: горан, накавальня, сама атмасфэра. Там я адчуў сябе вельмі ўтульна і папрасіўся папрацаваць. Так і аформілі мяне кавалём”.

(Аксак: ) “У Беларусі не існуе адмысловых вучэльняў, дзе вучаць на каваля, і здаецца, іх не існавала і ў 80-я, калі вы пачыналі свой шлях да гэтага майстэрства, якім вы сёньня так цудоўна валодаеце. Дзе і ў каго вы вучыліся?”

(Фурс: ) “Першым маім настаўнікам быў вясковы каваль Казімер Шальневіч, які працаваў у той самай кузьні, куды першы раз я патрапіў. Ён мяне навучыў азам кавальства, асноўным апэрацыям. А ўжо да мастацкай апрацоўкі мэталу мяне падштурхнула знаёмства ў 1987 годзе з Аляксандрам Дубінам з горада Глыбокае. Ён першы ў Беларусі арганізаваў кавальскі каапэратыў мастацкага накірунку. Знаёмства зь ім мне дало вялікі штуршок да асваеньня мастацкай коўкі. З 1990 году я пачаў удзельнічаць у выставах, сьвятах, дзе знаёміўся зь іншымі кавалямі, нешта ў іх браў. У тыя гады было вельмі мала літаратуры па кавальстве і іншай інфармацыі”.

(Аксак: ) “Зь дзяцінства нас прывучылі, што эталёнам таленту майстра вашай прафэсіі ёсьць расейскі легендарны каваль-самавук, які здолеў падкаваць блыху. А ці ёсьць у вас ідэал, да якога вам хацелася б дарасьці ў сваёй прафэсіі?”

(Фурс: ) “Ідэалам беларускага кавальства я лічу каваля-паэта Паўлюка Багрыма, які працаваў у Крошыне і пакінуў вельмі значны сьлед ня толькі ў кавальстве, але і ў вершаскладаньні”.

(Аксак: ) “Вашыя творы можна пабачыць у інтэр’ерах і экстэр’ерах новых беларускіх дамоў, а дзе, апроч гэтага, можна сустрэць вашыя мастацкія вырабы?”

(Фурс: ) “Часта ўдзельнічаю ў выставах розных, выяжджаю на сьвяты, дзе зь іншымі кавалямі праводзім майстар-клясы, дзе любы, каму гэта цікава, можа сам паспрабаваць нагрэць кавалак жалеза і нешта зрабіць. Мэтал — вельмі плястычны і падатлівы матэрыял, і адчуваньне яго энэргетыкі вельмі важна. Важна тое, што ты яго зразумееш, зможаш весьці зь ім дыялёг, спрачацца і лаяцца, згаджацца і цярпець. Гэта, адным словам, — закаханасьць у яго. Хаця пра каханьне размову весьці, канечне ж, зручней не з мэталам, а з жанчынай”.

(Аксак: ) “Спадар Юры, я ведаю, што вы ня толькі вучыце любіць мэтал усіх ахвочых, але маеце яшчэ вялікую надзею на свайго найлепшага памочніка, сына Антося, які таксама захапляецца кавальствам. А яшчэ шануеце старыя творы безыменных народных мастакоў, якія жылі раней…”

(Фурс: ) “На працягу пятнаццаці гадоў я зьбіраю старажытныя рэчы ў сваім прыватным музэі. Спачатку зьбіраў усё зьвязанае з кузьняй, з мэталам. Апошнім часам мяне цікавяць і рэчы вясковага інтэр’еру, зробленыя з дрэва, шкла, гліны, тканіны. Гэта таксама натхняе і дае нейкі зусім іншы напрамак у маёй працы. Зараз я ў Паставах маю невялічкі этнаграфічны куток, музэй старажытнага кавальства, сьцяну старажытных колаў. Калі ласка, каго цікавіць гэта ўсё, заяжджайце, заходзьце!”

(Аксак: ) “Прыватныя калекцыі народнага мастацтва, сабраныя майстрам-кавалём Юрыем Фурсам, можна пабачыць на ягонай сядзібе ў Паставах (вул. імя Ўладзімера Дубоўкі, 35)”.

НОТНЫ СШЫТАК

Абсалютная большасьць сучасных песенных шлягераў у Беларусі гучыць на расейскай мове. На гэтым фоне альбом з выбранымі песьнямі ў выкананьні цяперашняга саліста “Беларускіх песьняроў” Валерыя Дайнэкі выглядае, як выключэньне з правілаў. Ужо хоць бы таму, што называецца ён “Беларускі альбом”. Са слынным сьпеваком сустрэўся Дзьмітры Падбярэскі.

(Дзьмітры Падбярэскі: ) “Сытуацыя і сапраўды парадаксальная: “Беларускі альбом” быў выдадзены ў Маскве. Валеры Дайнэка, папрасіўшы прабачэньня, адказваў на пытаньні па-расейску, але пры гэтым было відаць, што пра беларускую песьню ён распавядае ахвотна і зь любоўю. У ягоных найбліжэйшых плянах — яшчэ адзін беларускамоўны альбом зь песьнямі Дзьмітрыя Даўгалёва на вершы Ўладзімера Пецюкевіча. І такія зборнікі, як запэўніў мяне Валеры, добра разыходзяцца ў крамах. І ня толькі ў Беларусі. Дык што ж такое “Беларускі альбом” для сьпевака: просты, шараговы зборнік ці, можа, як модна сёньня казаць, — канцэптуальнае выданьне?”

(Валеры Дайнэка: ) “Хутчэй, другое. У нас і так мала папулярных артыстаў і гуртоў, якія выконваюць песьні на беларускай мове. Я запісваў песьні на беларускай мове цягам некалькіх гадоў, і ў мяне назьбіралася іх дастаткова шмат. Вось і сабраў тыя песьні, якія, на мой погляд, акрамя таго, што яны беларускамоўныя, яшчэ па настроі, па стылі бліжэй да майго голасу, бліжэй да маёй душы. Яны мне асабліва дарагія і падабаюцца. Таму вось і думаю, што гэта ўсё ж канцэптуальны альбом. Дастаткова просты, але па задуме — канцэптуальны”.

(Падбярэскі: ) “Гэты альбом складаецца з аўтарскіх песень. А народныя песьні ты туды не спрабаваў уключаць?”

(Дайнэка: ) “Народныя песьні я проста не запісваў. Калі б сабраць яшчэ й народныя песьні, якія я прасьпяваў у “Песьнярах”, дык можна было б ужо патройны альбом выдаваць”.

(Падбярэзкі: ) “У “Песьнярах” адна з найбольш яскравых тваіх работ — гэта песьня “А дзе ж была вуціца”. Гэта была твая ініцыятыва ці заданьне Ўладзімера Мулявіна?”

(Дайнэка: ) “Вуціцу” я ўзяўся зрабіць сам. Мне падалося, што можна зрабіць нешта такое ў рокавай стылістыцы зь інтанацыямі народных і блюзавых песьнясьпеваў і ўсё гэта аб’яднаць у адно. І, здаецца, атрымалася. “Жыўцом” яна гучала вельмі прыстойна. У мяне нават сэрца шчыміць, калі часам яе чую. Што датычыць вакалу, дык я проста ўжо набіў руку яшчэ да “Песьняроў”, і мне зрабіць гэта было куды прасьцей”.

(Падбярэскі: ) “Ты асабіста знаёмы з тымі паэтамі, песьні на вершы якіх выконваеш?”

(Дайнэка: ) “Ну што можна сказаць пра Генадзя Бураўкіна? Само імя за яго гаворыць: выдатны паэт, чалавек. Потым Уладзімер Пецюкевіч, зь якім у мяне даўняе творчае сяброўства. Вельмі шмат песень было запісана, у яго выдатныя, паэтычныя тэксты. Неабходна згадаць песьню “Каля Чырвонага касьцёла”, песьню, для мяне забытую, але ў той жа час яна ў людзей асацыюецца з маім прозьвішчам. Яна на словы паэта Леаніда Пранчака. У “Песьнярах” давялося выконваць клясыкаў — Янку Купалу, Якуба Коласа. Гэта было са мной яшчэ са школы і потым праходзіла праз усё жыцьцё. Столькі песень было зроблена і прасьпявана! Гэта ўжо дзякуючы Мулявіну. Не з усімі паэтамі давялося блізка кантактаваць, але вось з Пранчаком я вельмі добра знаёмы”.

(Падбярэскі: ) “Ты згадаў свае самыя любімыя песьні. Але мне чамусьці падавалася, што гэта найперш “Зачарованая мая”.

(Дайнэка: ) “Калі казаць пра фірмовую песьню, дык гэта, безумоўна, “Зачарованая”. Тым больш, што яна перажыла не адно аранжаваньне, а цэлых тры. Першае аранжаваньне — гэта арыгінал. Гэта значыць, Мулявін крыху перарабіў Лучанка, Палівода перарабіў Мулявіна, я дапісаў туды сола, і ў выніку атрымалася сумесная праца “Песьняроў”. Наступны варыянт быў, калі Ткачэнка цалкам напісаў новую вэрсію гэтага аранжаваньня, абсалютна ідэнтычную першаму, толькі больш якасную, і вакал са мной насьпявала “Камэрата”. Вакал непадробны! Шчыра кажучы, нават “Песьняры” могуць пазайздросьціць тым падпеўкам і пачкам, якія гучаць вось у гэтай “Зачарованай” з удзелам “Камэраты”. І трэці варыянт: мы вырашылі крыху аблегчыць песьню, бо мне ня хочацца надрывацца, а хочацца яе сьпяваць. А ноты высокія, і калі сьпявае 25-гадовы хлопец і 55-гадовы, розьніца ёсьць. Зьвязкі сьціраюцца, голас некуды зьнікае… Таму мы зрабілі вельмі арыгінальнае аранжаваньне, як мне здаецца, гэта ўжо заслуга Максіма Пугачова”.

(Падбярэскі: ) “Калі б ты зараз вырашыў выступіць яшчэ і ў ролі кампазытара, зь якімі паэтамі супрацоўнічаў бы?”

(Дайнэка: ) “Напэўна, усё-такі не зьвяртаўся б да нашых вядомых, хай сабе й добрых паэтаў. Я б шукаў нейкіх маладых хлопцаў, якія любяць беларускую мову і якія ведаюць яе. І я б знайшоў іх і супрацоўнічаў бы з новымі, маладымі паэтамі. Бо калі пісаць сучасную музыку, дык і вершы мусяць быць сучаснымі”.

(Падбярэскі: ) “Яшчэ нядаўна Валеры Дайнэка выкладаў вакал у Інстытуце сучасных ведаў. Апрача актыўнай канцэртнай дзейнасьці ў складзе “Беларускіх песьняроў”, ён знаходзіць час і на сольныя праекты. І, калі шчыра, каго можна ў наш час паставіць поруч зь ім на папулярнай песеннай сцэне Беларусі? Атрымліваецца, ёсьць чаму павучыцца маладым у яго, слухаючы ягоны сьпеў. Як хоць бы ў песьні Ігара Лучанка на вершы Генадзя Бураўкіна ў неўміручай песьні “Зачарованая мая”.
XS
SM
MD
LG