Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: ці дазволіць мясцовая ўлада вулічную акцыю галадоўнікаў?


Радыё Свабода Сёньня ўдзельнікі масавай галадоўкі ўладальнікаў маршрутных таксі ў Берасьці перадалі пісьмовую заяву ў аблвыканкам. 15 чалавек зьвяртаюцца да мясцовай улады з патрабаваньнем вызначыць месца для вулічнай акцыі пратэсту. Гэткі намер галадоўнікі абгрунтоўваюць замоўчваньнем уладамі іхных праблем.

Чацьвёртыя суткі трымае сухую галадоўку Любоў Разановіч. Кажа, што змушана адмовіцца ад працяглай гутаркі:

(Разановіч: ) “Ня п’ю, ня ем... Нічога добрага. Буду паміраць галоднай сьмерцю...”

Далей размаўляю зь Віктарам Чайкоўскім:

(Чайкоўскі: ) “Стан здароўя Любові Разановіч пагоршыўся. У яе мутныя вочы й пачаліся зрокавыя ды слыхавыя галюцынацыі. Жанчына адчувае сябе вельмі кепска”.

Віктар Чайкоўскі – прадпрымальнік, гандлюе на рэчавым рынку. Далучыўся да галадоўкі таму, зь ягоных слоў, што ў Берасьці ўвогуле парушаюцца правы прыватнага бізнэсу. З прызнаньня суразмоўцы, ягоны подпіс таксама стаіць пад патрабаваньнем да ўлады дазволіць вулічную акцыю. Заяўнік мае намеры паведаміць людзям, як паводзілі сябе ў час апошняй сустрэчы з галадоўнікамі чыноўнікі:

(Чайкоўскі: ) “Прыйшлі Лапцейкін, Юхімук і Мятліцкі. Прыйшлі да жанчыны, якая месяц галадуе. Не запыталі нават, як яна сябе адчувае. Гэта слугі народу такія? У галаве такое не ўкладаецца!”

Ці дасьць плён галадоўка берасьцейцаў? Меркаваньне прафэсара Юрыя Хадыкі, які мае досьвед галадоўкі ў палітычнай барацьбе:

(Хадыка: ) “У дадзеным выпадку спадзявацца на лепшае вельмі цяжка, бо прымусіць уладу адмовіцца ад сваіх фінансавых прэтэнзіяў вельмі й вельмі цяжка. Баюся, што галадоўка вось гэтая, хаця яна ёсьць відочным крокам адчаю, нічога ня дасьць. Вельмі цяжка камэнтаваць такую сытуацыю”.

Юры Хадыка падкрэсьлівае: галадоўка – гэта скрайняя форма барацьбы. Людзі зьвяртаюцца да яе ў надзвычайнай сытуацыі. Але ў Беларусі яна робіцца ледзь не штодзённай справай.

Галадоўка ў Берасьці пачалася 5-га ліпеня. Цяпер у ёй удзельнічае 15 чалавек. Гэта ўладальнікі маршрутных таксі, іхныя сваякі, кіроўцы й двое прадпрымальнікаў-гандляроў. Удзельнікі акцыі пратэстуюць супраць трактоўкі Ўказу прэзыдэнта №140 ад 22 сакавіка 2004 году аб рэспубліканскім зборы за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камэрцыйнай мэтай. Яны тлумачаць, што ўвезьлі машыны раней за 2004 год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG