Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод турыстаў у Эўропе з кожным годам большае кітайцаў


Тацяна Поклад, Прага Кітайцы ўсё часьцей выпраўляюцца ў турыстычныя падарожжы ў Эўропу. Краіны Заходняй Эўропы разьлічваюць на магчымасьці павялічыць рынак турыстычных паслуг і пачынаюць спаборнічаць за тое, каб прывабіць новую хвалю турыстаў з Кітаю.

Турысты з Кітаю – адносна новы фэномэн, але колькасьць кітайцаў, якія адпачываюць за мяжой, павялічваецца досыць імкліва. Пераважна едуць турысты з Кітаю ў Ганконг, Віетнам і на ўсход Расеі, але сёлета вось ужо два з паловай мільёны кітайцаў прыяжджалі на час свайго адпачынку ў Эўропу.

І гэта толькі пачатак, кажуць экспэрты. Шын Брэнчлі з Брытанскага турыстычнага таварыства кажа, што цягам наступных дзесяці гадоў колькасьць турыстаў з Кітаю павялічыцца да 30 мільёнаў.

(Брэнчлі: ) “Мы спадзяемся, што рынак турызму з Кітаю павялічыцца прынамсі ўдвая, прыбытак ад яго да 2010 году складзе больш як 200 мільёнаў фунтаў”.

Вялікая Брытанія – вельмі папулярная краіна ў кітайскіх турыстаў. Гэтаму спрыяе імідж Брытаніі ў кітайцаў як краіны з глыбокімі традыцыямі і як месца для добрага шопінгу.

Кітайскія турысты цікавяцца там гістарычнымі мясьцінамі, традыцыямі манархіі, а таксама крамамі – брытанскія брэнды цэняцца ў Кітаі.

Турыстычныя агенцтвы Вялікай Брытаніі хацелі б прывабіць больш кітайскіх турыстаў. Таму экспэрты вывучаюць сымпатыі і звычкі турыстаў з Кітаю, якія звычайна абіраюць сучасныя гатэлі блізка цэнтру гораду і цэняць буклеты з апісаньнем мясцовых адметнасьцяў на кітайскай мове, хаця бальшыня крыху ведае ангельскую, якую вучаць у школе. Кітайскія турысты ахвотна каштуюць мясцовыя стравы, але ім больш падабаецца кітайская ежа – Вялікая Брытанія вядомая досыць высокім узроўнем сваіх кітайскіх рэстарацыяў.

Ці азначае тое, што кітайцы пачынаюць падарожнічаць болей, што кітайскія турысты паедуць у такія краіны, як Беларусь і Украіна, Узбэкістан і Армэнія?

Спэцыялісты ў пытаньнях турызму мяркуюць, што, відавочна, не паедуць – да часу, пакуль інфраструктура для турыстаў там не палепшыцца.

(Лінг: ) “Нам падабаецца прыяжджаць сюды, у Вялікую Брытанію. На ўсходзе ці, да прыкладу, у Цэнтральнай Азіі, краіны не падрыхтаваныя нас прымаць... Так што, я думаю, гэта праблема”.

Сваім меркаваньнем падзялілася Тэх Лінг, банкаўскі экспэрт з Гуанчжоў, якая наведвае Лёндан у часе свайго адпачынку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG