Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы паварот у беларуска-расейскім газавым пытаньні


Радыё Свабода “Газпром” накіраваў беларускаму боку афіцыйны кантракт на 2007 год, у якім пазначаная стартавая цана на расейскі газ — 200 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пра гэта паведаміла ўплывовая расейская газэта “Коммерсант” са спасылкай на намесьніка старшыні праўленьня канцэрну Аляксандра Разанава.

Перамовы зь Беларусьсю ў справе коштаў на газ працягваюцца. У прэс-службе “Газпрому” заявілі: “Пазыцыя расейскага боку палягае ў тым, што з новага году мы павінны перайсьці на рынкавыя цэны. Лічбаў, якія гучаць у працэсе перамоваў, мы не пацьвярджаем, не зьняпраўджваем і ніяк не камэнтуем”.

Першы намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Эдуард Таўпянец на гэтую тэму размаўляць адмовіўся:

(Таўпянец: ) “Пакуль мы нічога не камэнтуем. Калі хочаце спасылацца, то спасылайцеся на Разанава. Калі мы і атрымоўваем у гэты час, то толькі праекты кантрактаў”.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заяўляе, што ня пойдзе на продаж “Белтрансгазу” па балянсавым кошце. Маўляў, такія ўмовы можна прыняць, калі Расея пагодзіцца дапусьціць Беларусь да распрацовак радовішчаў вуглевадароднай сыравіны. Лукашэнка патрабуе, каб кошты для Беларусі былі такія ж, як і для расейскіх суб’ектаў.

Новы паварот у газавым гандлі камэнтуе эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Расея вядзе сябе лягічна, як краіна, якая адчувае сябе ашуканай пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Абяцаны “Белтрансгаз” не атрыманы, няма супрацоўніцтва ў іншых сфэрах. І таму “Газпром” сёньня, як і Крэмль, не атрымаўшы ні адзінай дзяржавы, ні адзінай валюты, проста ідзе на жорсткія рынкавыя ўмовы і робіць выгляд, што ўжо гэтым разам аддзеліць мух ад катлет”.

Паводле экспэрта газэты “Белорусы и рынок” Тацяны Манёнак, ня ясна, згодна зь якой эўрапейскай формулай разьлічвалася гэтая цана, бо тая ж Малдова атрымоўвае газ за 110 даляраў.

(Манёнак: ) “Газпром” проста хоча, як газавая манаполія, скарыстаць вось гэтую зброю для таго, каб Беларусь пайшла на саступкі ў прыватызацыі “Белтрансгазу”. “Газпрому” патрэбная беларуская газатранспартная сыстэма. Калі б беларускі бок згадзіўся на гэтыя нейкія ўмовы, то, магчыма, “Газпром” ня ставіў бы такой умовы — адразу 200 даляраў. Выдатна ж разумее, што гэта катастрафічна для беларускай эканомікі”.

Эканаміст Леанід Злотнікаў прагназуе наступствы падвышэньня цаны на газ для Беларусі:

(Злотнікаў: ) “Працэнтаў на сорак — гэта павелічэньне цэнаў на прамысловыя тавары, на ўсе энэргаёмістыя тавары, тавары хімічнай прамысловасьці й таксама машынабудаваньня. Насельніцтва Расеі ўжо больш чым напалову за тое, каб павялічыць цэны. І гэта дае падставы для палітычнага кіраўніцтва Расеі так цэны павысіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG