Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нож у сэрцы” пакажуць у Менску з субтытрамі на беларускай мове


Радыё Свабода Сёньня ў межах Дзён культуры Швэцыі ў Беларусі дэманструецца фільм швэдзкай рэжысэркі Агнэты Фагэрстрам-Улсан “Нож у сэрцы”. Фільм паказваюць на мове арыгіналу зь беларускімі субтытрамі, што і стала праблемай, — якую, праўда, хутка вырашылі.

Традыцыйна такія паказы адбываліся ў сталічным кінатэатры “Перамога”, але сёлета пляцоўку давялося зьмяніць на кіназалю рэспубліканскага Палацу вэтэранаў. Гаворыць супрацоўніца Цэнтру швэдзкіх дасьледаваньняў Вольга Рызмакова:

(Рызмакова: ) “Звычайна фільмы швэдзкага тыдня ідуць у кінатэатры “Перамога”, але гэтым разам ня выйшла...”

(Карэспандэнтка: ) “Менавіта з-за субтытраў?”

(Рызмакова: ) “Наколькі я разумею, так. Менавіта з-за тытраў. Афіцыйная вэрсія — ня прыйдуць людзі, навошта паказваць? Таму швэды былі вельмі рады, што нарэшце ёсьць такая магчымасьць — паказаць на беларускай мове, зь беларускім тэкстам”.

Аташэ ў пытаньнях культуры аддзяленьня ў Менску амбасады Швэцыі ў Маскве Мортан Франкбі перакананы:

(Франкбі: ) “Мы ў Беларусі, чаму не паказаць зь беларускімі субтытрамі? Перакладалі студэнты зь Менску, вельмі разумныя студэнты. Ім было нялёгка, таму што ў фільме шмат дыялектаў, слэнгу. Гэта такі швэдзкі, калі іншыя мовы — самалійская, харвацкая, арабская — сустракаюцца са швэдзкай. Гэта вельмі цікавы дыялект, але вельмі складаны для перакладу”.

Стужку перакладалі выпускнікі й студэнты Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Вольга Рызмакова, Вольга Якаўчэнка і Іна Насовіч. Вользе Рызмаковай праца над перакладам спадабалася:

(Рызмакова: ) “Я не магу сказаць, што было вельмі складана. Канечне, быў слэнг, такія словы, якіх мы раней не маглі чуць. Самае складанае было — не зусім прыстойныя словы, але я пакідала ўсё, як я б сама сказала”.

(Карэспандэнтка: ) “Вам самой цікава было працаваць над фільмам, і ці спадабаўся фільм?”

(Рызмакова: ) “Фільм мне вельмі спадабаўся. Вельмі жывы, у ім бралі ўдзел не прафэсійныя акторы, а звычайныя людзі, эмігранты”.

“Нож у сэрцы” — сучасная музычная драма пра каханьне, сапраўднае сяброўства й вялікія мары. Любоўны трохкутнік: мараканец, ягоны лепшы сябра чыліец і прыгажуня з Курдыстану.

Фільм “Нож у сэрцы” — ляўрэат прэстыжнага міжнароднага фэстывалю “Prix Italia”. Чаму ў Беларусі было вырашана паказаць гэтую стужку, распавядае аташэ па культуры Мортан Франкбі:

(Франкбі: ) “Гэта можа быць у любой краіне Эўропы. Як новыя людзі, эмігранты, прыяжджаюць у Швэцыю, у асноўным яны жывуць у вялікіх прыгарадах, дзе яны сустракаюцца з прадстаўнікамі швэдзкай грамадзкасьці, новай культурай, новай мовай. І мы хацелі паказаць, куды ідзе новая Эўропа, што адбываецца цяпер у сьвеце. І паказаць, што Швэцыя — гэта краіна, якая мяняецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG