Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як людзі ставяцца да ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў?


Радыё Свабода Заўтра Вярхоўны Суд працягне разгляд справы аб ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Закрыцьця найстарэйшай творчай арганізацыі патрабуе Міністэрства юстыцыі.

Падставай для пазову Мін’юсту сталі папярэджаньні, якія арганізацыя атрымала за апошнія гады — за часовую адсутнасьць арыгіналу статуту, неадпаведную форму пячаткі, герб “Пагоня” на шыльдзе, а таксама правядзеньне ў будынку Дому літаратара зьезду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”. Кіраўніцтва Саюзу гэтыя вінавачаньні адкідае. Як людзі ставяцца да ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў праз суд?

(Спадарыня: ) “Як я стаўлюся да гэтага? Гэта вельмі кепска. Бо гэта найстарэйшая пісьменьніцкая арганізацыя, гэта нашыя пісьменьнікі, гэта нашыя паэты — Янка Купала, Якуб Колас… І вельмі кепска, што закрываецца гэткая арганізацыя”.

(Спадар: ) “Канечне, адмоўна да гэтага стаўлюся. Мой бацька быў байкапісцам. Напісаў байку, прыйшоў Якуб Колас і сказаў, што гэта малады таленавіты байкапісец, але ён пасьля ня стаў гэтым займацца. Канечне, гэта кепска й няправільна. Я лічу, што нельга закрываць такую арганізацыю, бо мова й пісьменьнікі — гэта сэрца нацыі, трэба захоўваць гэта ўсё”.

(Спадарыня: ) “Нельга яго ліквідаваць. Як гэта — Беларусь без Саюзу пісьменьнікаў?”

(Спадар: ) “Навошта тады гэты будынак? Значыць, трэба будынак зруйнаваць, кнігі прыбраць — няхай з гэтага пачынаюць”.

(Юначка: ) “Адмоўна да гэтага стаўлюся. Калі Саюз пісьменьнікаў існуе ўжо шмат гадоў, то гэта вялікае значэньне мае для культуры Беларусі. Ведаеце, гэта падзея, якая адлюстроўвае агульную тэндэнцыю ў краіне”.

(Спадар: ) “Крыўдна пра гэта чуць. Некалі быў вялікі Саюз пісьменьнікаў, я сам ня раз прыхолзіў на ягоныя паседжаньні. Я лічу, што гэтага не павінна быць. Гэткія імёны, як Іван Мележ, і Шамякін, і Быкаў любімыя ўсім народам. І шкада, што гэта ўсё аддаецца забыцьцю”.

(Юначка: ) “Я лічу, што гэта няправільна, такая арганізацыя павінна існаваць. Трэба падтрымліваць нашую літаратуру, прапагандаваць яе. А сёньня — тым больш, бо моладзь мала літаратуру ведае. Але калі ня будзе такой арганізацыі, то гэта цяжэй будзе рабіць”.

(Спадарыня: ) “Я, канечне, адмоўна стаўлюся, што ліквідуюць. Нельга нічога ліквідаваць. Гэта было гадамі, пакаленьнямі стваралася. Я тут недалёка жыву й прыходжу і ў Дом літаратара, і ў музэй. Я на гэтым выхоўвалася, і ўсё гэта вельмі люблю. Гэта вельмі нядобра, што ліквідуюць. Перадайце Лукашэнку, што ён робіць вельмі кепска, калі ён закрывае такія масавыя й вельмі патрэбныя для людзей арганізацыі”.

Гл.таксама • Ці будзе ліквідаваны Саюз беларускіх пісьменьнікаў?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG