Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны абвяргае інфармацыю, што у Менск сьцягнута бронетэхніка


Радыё Свабода А сёмай гадзіне вечара ў цэнтар Менску з боку Ўручча прайшла калёна аўтобусаў, якія выкарыстоўваюць міліцыя і спэцпадразьдзяленьні для перавозкі асабовага саставу. Раней у міністэрствах унутраных справаў і абароны абвяргалі зьвесткі пра тое, што сьцягнуты дадатковыя сілы на выпадак выступаў апазыцыі. Між тым, неафіцыйныя крыніцы пацьвярджаюць сцэнар сілавога спыненьня мітынгу на Кастрычніцкай плошчы.

Зьвесткі пра тое, што ў Менску падвысілі канцэнтрацыю міліцэйскіх сілаў, абверг намесьнік міністра ўнутраных справаў Віктар Філістовіч. Ён заявіў, што ўсе супрацоўнікі міліцыі, разам зь міністрам, нясуць службу на сваіх працоўных месцах. Паводле Віктара Філістовіча, “сытуацыя ў Беларусі збольшага застаецца спакойнай”. Пры гэтым Віктар Філістовіч папярэдзіў тых, хто паспрабуе ўчыніць правакацыі, што “міліцыя гатовая астудзіць іх гарачыя галовы”.

Сёньня даводзіцца абвяргаць пэўныя зьвесткі і ў Міністэрстве абароны. Прэсавы сакратар міністэрства Вячаслаў Раменчык абверг чуткі, нібыта да Менску сьцягнута бронетэхніка, разам з танкамі з-пад Барысава. Паводле Вячаслава Раменчыка, сёньня ў вайсковых частках па ўсёй краіне няма ніякіх манэўраў і нават перасоўваньня войскаў, уся бронетэхніка знаходзіцца ў гаражах. Намесьнік начальніка Барысаўскага вучэбнага цэнтру палкоўнік Аляксандар Трафіменка пацьвердзіў, што ягоныя падначаленыя займаюцца мірнымі справамі.

(Трафіменка: ) “Цяпер у нашых салдатаў асабісты час — прагляд тэлевізара, адпачынак і спартовыя гульні. Больш ніякіх рухаў няма. Гэта ўсё прыдумкі і лухта, афіцыйна кажу”.

Аднак гучаць і іншыя сьведчаньні. Жыхарка пасёлку Сасновы, які знаходзіцца непадалёк ад Кургану славы, пацьвердзіла, што з пазаўчорашняга дня побач з Маскоўскай шашой стаіць вайсковая тэхніка.

(Спадарыня: ) “Ад нашай дарогі направа дарога — і там стаіць будка, салдат, і там сапраўды стаіць нейкая вайсковая тэхніка. Гэта нават не ад сёньня, а ўжо пазаўчора стаяла”.

Менская журналістка Натальля Восіпава атрымала зьвесткі пра тое, што зь Берасьця ў Менск перакідваюць міліцыянтаў патрульна-паставой службы. Натальля кажа, што адзін зь міліцыянтаў распавёў ёй падрабязнасьці пра атрыманае заданьне:

(Восіпава: ) “Прыехалі хлопцы ППС зь Берасьця, іх тут трымаюць, сказалі: бярыце слоікі, будзеце ў іх пісаць, бо сядзець прыйдзецца цэлы дзень. Іх праінструктавалі, што ў першых шэрагах супраць іх будуць каўказцы і давядзецца і дубінкамі біць, і гранаты са сьлезацечным газам выкарыстоўваць”.

Паводле зьвестак журналісткі, разгон на Кастрычніцкай плошчы Менску пачнецца пасьля чатырох гадзін ночы, калі будуць абвешчаны канчатковыя вынікі выбараў.

У 18-й гадзінаў уваход на Кастрычніцкую плошчу Менску быў вольны, вакол плошчы дзяжурыла ўсяго некалькі міліцыянтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG