Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івейскія ўлады ня любяць, калі дзеці гуляюцца пад мячэтам


Віталь Сямашка, Іўе, Гарадзенская вобласьць Фрагмэнт новай перадачы сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Іўе называюць беларускай татарскай Мэкай. Тут іхная найвялікшая абшчына — больш за шэсьць соцень чалавек. Іўеўскі мячэт быў адзіным афіцыйна дзейным у СССР. Між іншым, тут дынастыя мулаў Шабановічаў, некалькі пакаленьняў. Я ў 76-гадовага Ізмаіла Алеевіча Шабановіча, які тайным галасаваньнем усёй абшчыны — так прынята спрадвеку — быў абраны на пасаду мулы адзінаццаць гадоў таму. І гэта зусім не рэкорд, кажа Ізмаіл.



(Ізмаіл: ) “У 1939-м выбіралі новага мулу — Шабановіча Мустафу Алеевіча. Пяцьдзясят пяць год прабыў! І акупацыя, і немцы — захаваў мячэт. Камуністы перасьледавалі, каб дзеці не хадзілі: “Закрыем мячэт, закрыем мячэт!” А ў нас дзеці пад мячэтам іграюць, дык з выканкаму: “Гэта вы прывучаеце, палітыка”. Альбо нясуць яблыкі, грушы, цукеркі — застануцца, дык дзецям вынесем. Кажуць: “Гэта вы іх падманіваеце!” У мячэце ў нас стаіць скарбонка, і людзі ахвяруюць. Выбіраем гэтыя грошы камісіяй — тры-чатыры чалавекі, у нас казначэй. Так за зіму зьбяром — пафарбавалі дах, паркан вакол мячэту жалезны паставілі, пафарбавалі”.

Ізмаіл Алеевіч у сялянскай вопратцы, на вуліцы яго не адрозьніш ад вясковага беларуса. На стале сьвежыя памідоры ды гуркі — бадай, у кожнай татарскай сям’і парніковая гаспадарка, вырошчваньне ды продаж гародніны тут асноўны занятак. У Ізмаіла чатыры авечкі — бязь іх не адзначыць Курбан-Байрам. Гаспадар жыве на 130 тысяч пэнсіі, усё жыцьцё гандляваў у краме, сьвятар ён, так бы мовіць, па сумяшчальніцтве. Прайшоўшы празь нягоды, іўеўскія татары дэманстратыўна адхіляюцца як ад палітыкі, так і, да прыкладу, ад заезных арабаў з Саудаўскай Арабіі. Пры гэтым, лепшы сябра і сусед па гаспадарцы Ізмаіла — тутэйшы праваслаўны сьвятар. Калярытна выкладае мой суразмоўца гісторыю беларускіх татараў, якую нагадаем і слухачам “Свабоды”.

(Ізмаіл: ) “Мы больш за шэсьцьсот гадоў тут, на беларускай зямлі. Калі на ВКЛ нападалі крыжакі, Вітаўтас папрасіў крымскага хана Тахтамыша, каб ён даў вершнікаў. Даў 2000 вершнікаў і, калі была бітва пад Грунвальдам, разьбілі і князю літоўскаму спадабаліся — нарабілі віску, енку. А хлопцы былі маладыя, дык ён кажа: заставайцеся тут, я вас надзялю зямлёй, жэніцеся. Дык мы мяшаныя. З часам мову страцілі, жывучы ў Беларусі, але, відаць, такая магутная крывя, што іслам захавалі. Аль-Кітаб — з Кур’ану пераклад, кожнае слова тлумачыцца. Ну, і пісалі Кітаб арабскай графікай, а словамі беларускімі. Адзін да аднаго перапісвалі. Напісана так (чытае па-арабску. — В.С.): “У імя Бога міласьцівага і міласэрнага”.

Тэкст перадачы цалкам гл. • Іўе: “З часам мову страцілі, жывучы ў Беларусі, але, відаць, такая магутная крывя, што іслам захавалі”
XS
SM
MD
LG