Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• Інвалідныя вазкі ў Беларусі робяць без увагі да інвалідаў


Радыё Свабода, Менск Тэма грамадзкага рэдактара тыдня Дар’і Ліс Як жывецца чалавеку, прывязанаму да інваліднага вазку? У чым галоўныя канфлікты паміж рэчаіснасьцю чалавека на вазку з рэаліямі соцыюму?

Інваліды мусяць вучыцца жыць нанава

Цяпер у Беларусі да 15 тысяч інвалідаў на вазках. Паводле Сяргея Драздоўскага, старшыні Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў, штогод іх более на 100 чалавек. Раптам чалавек аказваецца ў супэрстрэсавай сытуацыі – яму трэба навучыцца жыць нанава ў навакольным сьвеце, амаль непрыстасаваным да нармальнага жыцьця. Найперш, праблема ў тым, каб набыць зручны да ўжытку вазок. Распавядае Сяргей Драздоўскі:

“Дзяржава як быццам дапамагае нам у набыцьці вазку. Але тое, што дзяржава нам дае – гэта жах. Яны настолькі непрыстасаваныя да ўжытку, што імі мала хто карыстаецца. Людзі іх бяруць, але бяруць папросту таму, што іх даюць”.

Манаполія – вораг якасьці

На погляд Сяргея Драздоўскага, праблема палягае ў тым, што Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Беларускі пратэзна-артапэдычны аднаўляльны цэнтар” – манапаліст на беларускім рынку.

“90 адсоткаў вазкоў на нашым рынку – гэта іх. Вар’яцкім чынам манапаліст. Атрымліваецца, менавіта гэтаму прадпрыемству даручыла Міністэрства закупку рэабілітацыйных сродкаў, і яны ж іх і вырабляюць. Плюс да гэтага на тэрыторыі заводу лябараторыя, якая ацэньвае тэхнічныя сродкі рэабілітацыі. Атрымліваецца ў адной асобе практычна ўсё – уся сфэра.

Меркаваньні інвалідаў ім цалкам нецікавыя. Я прыяжджаю на завод, мне кажуць – ну, паглядзі, які цудоўны вазок. Пачынаю тлумачыць, чаму ён нязручны, нязграбны, чым ён дрэнны – але мяне ніхто ўжо ня слухае. Апошні раз мы нават падалі скаргу ў пракуратуру і дзяржкантроль, таму што былі закупленыя вазкі, цалкам немагчымыя да выкарыстаньня. Фактычна падлог адбыўся”.

Міністэрства працы папросту патлумачыла, што ў нас – цудоўнае жыцьцё

У траўні інваліды-вазочнікі перадалі пэтыцыю кіраўніку дзяржавы, дзе выклалі свае галоўныя праблемы, якія ператвараюць жыцьцё ў пастаянную барацьбу – гэта пандусы, пабудаваныя без уліку патрэбаў іх карыстальнікаў, тэхнічна неабсталяваная прастора жыцьця нават у буйных гарадах. Рэакцыя на пэтыцыю зьдзівіла:

“Гэта жах быў нейкі. Толькі напрыканцы ліпеня да нас прыйшоў ліст зь Міністэрства працы на некалькіх аркушах, пад назвай “Аб льготах”. Дзе было падрабязна расьпісана, наколькі ў нас цудоўнае заканадаўства, як яно абараняе правы інвалідаў, колькі робіцца ўсяго, колькі даецца, перадаецца і гэтак далей. Гэты ліст можна было чытаць па беларускай тэлевізіі – столькі патасу там было. А па сутнасьці нашых пытаньняў нам ніхто не адказаў”.

Ратаваньне тапельца – справа рук самаго тапельца

Вонкава ў беларускіх гарадох, асабліва вялікіх, вельмі мала інвалідаў-вазочнікаў. Але не таму, што іх мала. Насамрэч, ім папросту няма чаго рабіць на вуліцах, не прыстасаваных для жыцьця інвалідаў. Таму й праводзяць большую частку жыцьця ў сваіх кватэрах. Тым часам, паводле сёньняшняга заканадаўства, ЖЭСы абавязаны абсталяваць дамы, крамы, офісныя будынкі, пераходы неабходнымі сродкамі.

Барыс Бачкоўскі, чэмпіён сьвету па танцах сярод інвалідаў-вазочнікаў, лічыць, што вельмі важна ведаць и адстойваць свае правы.

“Указ адпаведны ёсьць. Няхай ён позна быў прыняты ў нашай краіне, але ён ёсьць – папросту трэба прымушаць ЖЭС рабіць гэтыя пандусы ў тых дамах, дзе яны патрэбныя. Яны пачынаюць казаць, што дамы не прыстасаваныя, – і гэта праўда. Але ж яны ня хочуць разумець, што пандусы бываюць розныя – адкідныя, стацыянарныя, якія хочаш... трэба проста прыстасаваць. У нас ёсьць пандус – мы прымусілі яго зрабіць.

Я ў 1984 годзе атрымаў нажавое раненьне і стаў інвалідам. Я зь першай групай інваліднасьці прымусіў дазволіць мне працаваць. Праз два гады пасьля траўмы атрымаў правы і аўтамабіль ад Сабесу – за палову кошту. З таго часу я пастаянна за рулём…”

Сёньня Барыс разам са сваёй партнэркай па танцах Вольгай Корсак дапамагае іншым інвалідам рэабілітавацца ў соцыюме.

“Ужо тры гады мы не займаемся танцамі. Але я дапамагаю дзецям падрыхтавацца да спорту ў цэнтры рэабілітацыі інвалідаў”.

На думку Барыса, менавіта актыўная жыцьцёвая пазыцыя і аптымізм дазволіла яму амаль абстрагавацца ад інваліднасьці.

“Ведаеце, я пачынаю сябе лавіць на думцы, што калі мне карэспандэнты задаюць пытаньне, я кажу “яны”. То бок, я неяк ужо сябе не атаясамліваю. Хаця сам інвалід першай ступені...”

Камэнтар грамадзкага рэдактара тыдня Дар’і Ліс:

“Вазок з аўтаматычным кіраваньнем – не раскоша, а сродак перамяшчэньня ў прасторы. Уявіце такую сытуацыю: у чалавека ня дзейнічаюць (а паміраюць – з рознай ступеньню хуткасьці) мышцы, затое працуе галава ды б’ецца сэрца са шчырым жаданьнем зрабіць штосьці ў гэтым жыцьці, пасьпець, убачыць, адчуць… А ты ня можаш самастойна праехаць з пакою ў пакой і “пашпацыраваць” па старым парку, які знаходзіцца ў тваім мястэчку.

Цяпер факты. У Беларусі (у адрозьненьне ад краін-суседак Расеі ды Ўкраіны) няма магчымасьці атрымаць вазок з аўтаматычным кіраваньнем праз органы сацыяльнага забесьпячэньня. Ёсьць інфармацыя, што напрыканцы гэтага году наш РУП “Беларускі пратэзна-артапэдычны аднаўленчы цэнтар” паспрабуе выпусьціць “свой” вазок з электрапрывадам.

Даўно пара ажыцьцявіць такі праект, але цяжка паверыць у пасьпяховае вырашэньне праблемы. Чаму? Таму што тэхніка для людзей абмежаваных фізычных магчымасьцяў, якую ўжо многа год выпускае прадпрыемства-манапаліст, не вызначаецца добрай якасьцю і не адпавядае патрабаваньням саміх інвалідаў – іх інтарэсы, парады, распрацоўкі наагул ня ўлічваюцца.

Некалькі прыкладаў. Інвалідны вазок для дзяцей важыць каля 30 кг. Рэальна такім карыстацца? Вазкі для дарослых выглядаюць яшчэ горш: імі ня зможа карыстацца нават здаровы мужчына з накачанымі біцэпсамі. За мяжой, наколькі я ведаю, тэхніку для інвалідаў выпрабоўваюць самі інваліды – гэта лягічна. У нас жа дзяржаўныя грошы выкарыстоўваюцца зусім па-іншаму.

Такім чынам, нам застаюцца два варыянты – адчуваць сябе бездапаможнымі, нерухомымі і непатрэбнымі сваёй краіне істотамі, або напружыцца – і знайсьці штосьці прыстойнае замежнай вытворчасьці (“Meyra”, напрыклад). Тут зноўку два варыянты: гуманітарная дапамога або ўласныя сродкі”.
XS
SM
MD
LG