Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіёны крытыкуюць падрыхтоўку да “Сацыяльнага маршу”


Вячаслаў Кулік, Менск Лідэры апазыцыі ў рэгіёнах заяўляюць, што людзі вельмі мала ведаюць пра час, месца і маршрут “Сацыяльнага маршу”. Са словаў палітыкаў, толькі некаторыя пэнсіянэры ды іншыя сацыяльна неабароненыя людзі ведаюць, што ў іх забіраюць ільготы. Меркаваньні рэгіянальных палітыкаў запісаў наш карэспандэнт.

Гаворыць Юрась Губарэвіч, лідэр дэмакратычнай апазыцыі Берасьцейшчыны, намесьнік старшыні руху “За Свабоду”:

“На Берасьцейшчыне мы сустракаемся з абсалютна рознымі людзьмі. Ёсьць, вядома, зь іх боку нэгатыўная ацэнка таго, што адбываецца. Але выходзіць на вуліцы і пратэставаць яны яшчэ не гатовыя.

Мажліва, што сытуацыя зьменіцца пасьля Новага году, калі людзі на ўласнай кішэні адчуюць, што ім падрыхтавала ўлада”.

У Менскай вобласьці амаль 30 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў ігнаруюць патрабаваньне ўлады перарэгістравацца ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Ці думаюць яны далучыцца да “Сацыяльнага маршу”?

Меркаваньне прыватнага прадпрымальніка з райцэнтру Ўзда Віктара Крываля:

“Усё ж такі прадпрымальніку цяпер трэба думаць пра хлеб надзённы. На палітычныя акцыі менш часу застаецца. Дый, мабыць, па выніках палітычных акцыяў, якія мусілі быць больш масавыя, трэба яшчэ даведацца як, што і дзе будзе адбывацца”.

У Магілёве, як паведамляе старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, падрыхтоўка да “Сацыяльнага маршу” ня надта актыўная:

“Сацыяльны марш” праводзіць трэба, але падрыхтоўка да яго вельмі слабая. Людзі ня ведаюць, дзеля чаго гэта робіцца, або каго трэба абараняць. А калі тыя, каго абараняюць, ня ведаюць, што вось такія падзеі адбываюцца ў краіне, то сэнс маршу губляецца. Такое маё меркаваньне”.

Лідэр Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Кацора інфармуе:

“Мы тут у дзесяці выбарчых акругах зьбіраем подпісы пад зваротам да так званых дэпутатаў “палаткі”, каб яны правялі сустрэчы са сваімі выбаршчыкамі. Гэта таксама адбываецца ў рамках “Сацыяльнага маршу” і агульнай працы кааліцыі”.

• "Сацыяльны марш" пройдзе дазволеным уладай маршрутам, 24.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG