Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хачу жыць у той Беларусі, якую па тэлевізару паказваюць”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 14 верасьня, пятніцу. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадар: “Расейскі губэрнатар Мураўёў, што ўвайшоў у гісторыю як “генэрал-вешальнік,” сказаў: “Што не дарабіў расейскі штых, даробіць расейская школа”. Хіба мог сабе ўявіць гэты генэрал, што ў яго знойдзецца пасьлядоўнік у асобе беларускага прэзыдэнта, які вынішчае ўсё беларускае хутчэй, чым расейскі штых і школа?! Калі будзе яшчэ адзін тэрмін прэзыдэнства, то беларуская мова ў Беларусі стане як татарская ў Кіргізіі. А для таго, каб форма адпавядала зьместу, Беларусь зьнікне. 15 год таму беларускую мову ў правінцыі можна было пачуць і пазнаць, а цяпер вясковыя дзеці не разумеюць беларускую мову. Колькі яшчэ бедаў наробіць гэты так званы “прэзядзент”?! І беларускі народ, купіўшыся на брыдкі падман і частыя сьвяты лукавага калгасьніка, прачнецца аднойчы ў Расейскай імпэрыі”.

Алег Аляксандравіч, Бярозаўка: “Хачу Вам распавесьці невялікі анэкдот, які вельмі дасьціпна раскрывае палітыку нашай дзяржавы. Адна бабка кажа: “Хачу жыць толькі ў Беларусі, толькі ў Беларусі!” Ёй адказваюць: “Бабуля, ты што?! Ты ж і так жывеш у Беларусі”. А яна ў адказ: “Не, у гэтай не хачу. А хачу жыць у той, якую па тэлевізару паказваюць”. Паглядзіш тэлевізар ці пачытаеш нашых газэтаў і думаеш: “Як у нас усё выдатна! Усё робіцца для людзей”. Толькі чамусьці на самой справе нічога гэтага ня бачна. Адна паказуха. З павагай да Радыё Свабода”.

Спадарыня: “Добры вечар, шаноўная “Свабода”! Я хачу сказаць свайму шаноўнаму сябру, што яго песьні мне дапамагаюць жыць. Дзякую Вам за ўвагу”.

Спадар: “Я хачу сказаць гэтым лукашыстам, што званілі на “Свабоду,” які хвалююцца за Дзяржынскага і за гэты сьцяг. Прыйдзе такі час, што гэты Дзяржынскі і нават Аляксандр Рыгоравіч, і гэты сьцяг яго чырвоны будуць ляжаць на сьметніку, і прыйдзе ім канец. І пра гэтых людажэраў, былых дзяржынскіх, катаў, трэба больш расказваць маладым людзям, колькі яны забілі людзей. І хто такі Дзяржынскі, і хто такі Лукашэнка, і што гэта за сьцяг рабаўніцкі. Пад гэтым сьцягам калгасы арганізоўвалі. Я сам ведаю, як гэта было”.

Сталы слухач: “Наконт Канаплёва. Вядома, хто ён такі. Былы старшыня Вярхоўнага Савету, так назавём, па-старому. Столькі размоваў, цэлыя канфэрэнцыі зьбіраюцца, і ніхто не наблізіўся ні на крок да праўды. А праўда простая: Аляксандр Рыгоравіч, па яго словах, любіць “ператрахіваць” кадры. Ён не чакае. Яму трэба ператрахнуць, вось ён і ператрахнуў. І не хвалюйцеся. Няхай не хвалююцца тыя, хто вельмі шмат кажа наконт Канаплёва. Будзе яму і месца добрае, і выгоды, а сюды прыйдзе зноў такі ж Канаплёў, верны служка, як і сам Канаплёў. Вось і ўсё. А калі што, ён яшчэ прызначыцца недзе амбасадарам, паезьдзіць па сьвету. Трэба ж сьвет чалавеку паглядзець… Не хвалюйцеся, гэта яго палітыка. Тое самае і наконт Фрадкова. Ён проста стаміўся такую махіну паварочваць”.
XS
SM
MD
LG