Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ліст Ігара Бабкова Мілашу – аб паэзіі, непрысутнасьці і разьвітаньні з Эўропай


Belarus - Ihar Babkou, writer and philosopher

Belarus - Ihar Babkou, writer and philosopher

Новы допіс літаратурнага праекту да стагодзьдзя Чэслава Мілаша. Пры падтрымцы Міжнароднай сеткі літаратурных цэнтраў “Halma” і Эўрапейскага культурнага фонду.

Надыходзіць момант, і гэта ўрэшце здараецца. Ідэя, якая грэла цябе так доўга, становіцца пустой і халоднай.

Карцінкай у коміксе. Адпрацаваным матэрыялам. Забаўкай для дурня.

За Эўропу – крычалі мы напрыканцы васьмідзясятых, прарываючыся празь межы і ачапленьні, праз калючы дрот, на той бок рэальнасьці.

Там, за дротам, было ўсё, чым мы даражылі: праскія краявіды Кафкі, ірляндзкія вежы Джойса і Ейтса,
За Эўропу – крычалі мы напрыканцы 80-тых.
ніколі ня бачанае ўзьбярэжжа Сены, па якім хадзілі мілыя прывіды з кніг Картасара. Там чамусьці былі Чжуан-Цзы з Патанджалі ды Лі Бо з Сэлінджэрам, хаця яны, па геаграфічнай логіцы, мусілі весьці нас у іншых кірунках.

Але мы разумелі, справа была не ў геаграфіі.

Эўропай мы называлі тады мэтафізычны ляндшафт, у якім гадаваліся нашыя душы. І прарываліся мы праз ачапленьні да саміх сябе.

Мы прыдумвалі саміх сябе як утопію, і ў пошуках свайго імя натраплялі на гэтае слова: Эўропа.

За Эўропу – крычалі мы напрыканцы дзевяностых, супраціўляючыся дыктатуры, сплываньню ў Эўразію, але таксама і новым межам, якія аддзялілі нас ад нашых братоў і сёстраў: зь Вільні і Беластоку, Даўгаўпілсу і Любліну.

Эўропа станавілася нечакана і падазрона рэальнай.

Калісьці мы чыталі Кундэру і разам з героямі ягоных эсэ гатовыя былі аддаваць за яе свае жыцьці.

Цяпер усё па-іншаму.

Мы перачытваем Дэбора і Жыжэка ды скептычна назіраем за танцамі пэрыфэрыйнага капіталізму.

Мы сталі часткай спэктаклю, канчаткова супалі зь сьветам,
Эўропа стала брэндам, мілым і рэспэктабэльным.
занялі сваё мейсца на адной з старонак сусьветнага коміксу. Яшчэ і цяпер шмат хто крычыць За Эўропу. Гэта пераважна копірайтэры, якія прыдумваюць і прадаюць лёзунгі. Ня так істотна куды – для новага гіпермаркета альбо для новага руху за дэмакратыю.

Эўропа стала брэндам, мілым і рэспэктабэльным.

Яна пашырылася і разгарнулася, у гэтай кнізе ўжо многа карцінак.

На іх не абавязкова Кафка і Джойс. Пераважна музэі і гандлёвыя цэнтры. У Вільні адзін з самых старых і прыгожых так і называецца: Эўропа.

У такую “Эўропу” пускаюць усіх. Можна бясконца хадзіць па яе чыстых, прыгожых галерэях, сузіраючы маркетызаваную разнастайнасьць цывілізацыі Захаду ў яе позьняй фазе разьвіцьця. У гэтым ёсьць адмысловая радасьць і асаблівы, амаль будыскі спакой. Ні ў якім іншым мейсцы не разумееш так добра, што сансара і нірвана супалі, пад дахам нашай добрай, мірнай, талерантнай, і сапраўды агульнай бацькаўшчыны.

Не адразу і ня ўсе здагадваюцца, што гэта кіч. Што там няма ні сьмерці, ні пакутаў, ні памяці. А значыць няма і жыцьця. Што ёсьць толькі карцінка ў коміксе, на якую, як матылі на вагонь, зьлятаюцца прагныя душы з усяго сьвету. Альбо наадварот, стомленыя і зьнявераныя.

Хаця не. Сьмерць і пакуты ўсё ж такі ёсьць, але яны добра схаваныя, выдаленыя і абясшкоджаныя. Яны затаіліся ў прадмесьцях, у лягерох уцекачоў, у сквотах і танных прытулках. У іх неэўрапейскія твары.

Мая сямейная, хатняя сьмерць ляжыць на самым краі гэтай карцінкі, каля мястэчка Хорашч пад Беластокам. Там, у шпіталі нямецкага лягера для ваеннапалонных, напрыканцы вясны 1942 году, памірае мой дзед Рыгор.

Інфармацыя пра ягоную сьмерць ішла доўга. Вельмі доўга.

Пасьпела памерці бабуля Ева,
Мы – тыя, хто супраціўляецца.
якая ўсё жыцьцё ня верыла ў тое, што ён прапаў бязь вестак. Пасьпеў памерці Савецкі Саюз, пакінуўшы пасьля сябе вялікую дзюрку – у прасторы і часе. Пасьпела памерці многа ідэй, спадзяваньняў, утопіяў. Пакуль у 2009 не прыйшла копія лягернай карты, дзе, акрамя розных анкетных дадзеных, было ўпісана сьціплае verstorben 31.5.42.

Нам не патрэбная ваша Эўропа, кажам мы з маці камусьці, стоячы ў чарзе па візу.

У нас ёсьць наша.


***


Мы – гэта тыя, хто яшчэ спрабуе думаць – тут і цяпер, на ускрайку сусьветнага комікса.

Мы – тыя, хто супраціўляецца.

Тут таксама ўсё зьмянілася. Пісаць, думаць і супраціўляцца становіцца амаль адным.

Мы навучыліся добра знаходзіць адзін аднаго. Разрозьніваць сваіх – і адрозьнівацца: ад ідэолягаў, фанатыкаў, мэнэджэраў. Ад публічных асобаў, якія надзімаюцца мэдыямі пад адну падзею. Ад фрыкаў і штукароў, што запоўнілі авансцэну.

Сваіх – не па мове і не па крыві. І нават не па мейсцы пражываньня. Сваіх – па форме душы.

Вакол многа тых, хто здаўся, хто ў пэўны момант вырашыў супасьці з карцінкай. Пагадзіўся не задаваць глупыя пытаньні, на якія хутчэй за ўсё не існуе ясных адказаў.

Яны цяпер пануюць, адчуваюць сябе ў сваім часе,
Нас так мала, што здаецца, што нас зусім няма.
на сваіх мейсцах. Былыя дысыдэнты і партыйныя сакратары, палкоўнікі спэцслужбаў і попзоркі. Усе яны танчаць, у агульным карагодзе, пад новую музычку новага мізэрнага часу.

У мяне проста няма для вас іншага спэктаклю, кажа нам эпоха. Як і іншых гледачоў. Іншай пляцоўкі. Гэта ўсё, што засталося.

Хто рэжысэр у гэтай дзеі? Які сэнс усяго? І што будзе пасьля, калі ўсе разыйдуцца? пытаемся мы адкульсьці з балькона.

Нас так мала, што здаецца, што нас зусім няма. Тут і цяпер, ва Усходняй Эўропе.

Мілаш – з намі.


***


Наша Эўропа.

У гэтым словазлучэньні зашыфраваная інтэлектуальная гісторыя апошніх двух стагоддзяў – і ня толькі Беларусі.

Калі Лары Вульф надрукаваў у 1994 Вынаходзячы Ўсходнюю Эўропу, ён абачліва напісаў у прадмове: гэта кніга пра Захад, які прыдумвае, уяўляе для сябе сваго Іншага.

Напрыканцы кнігі ён выказвае спадзеў, што хтосьці напіша пра адказы, – ад імя гэтага Іншага.

Адказаў насамрэч было многа.

Гэта і Міцкевіч, які на парыскім бруку шукае спосабы растлумачыць Захаду некаторыя забытыя праўды.

Гэта Абдзіраловіч, які піша ў Вільні, у 1921годзе, пра Захад і Ўсход, пра ліючуюся форму і пра недалучэньне.

Гэта Кундэра, дзіўны выгнаньнік, які зьмяніў мову і радзіму, але толькі дзеля таго, каб яшчэ больш апантана трымацца сваёй Сярэдняй Эўропы, няпэўнай прасторы малых культураў, аўтсайдэраў гісторыі.

Гэта зрэшты і Мілаш, які ўсё жыцьцё спрабаваў растлумачыць і прасьвятліць тутэйшую традыцыю, убачыць яе з дыстанцыі, абудзіць і перадаць далей, іншым.

Мілаш застаўся верным гэтай прасторы.
Для Мілаша Беларусь была зь іншай рэальнасьці.
І я, нібы мантру, паўтараў напрыканцы васьмідзясятых ягоныя словы зь Зямлі Ульро. Пра тое, што як бы далёка нас ні заносіў лёс, мы мусім не забываць на свае малыя радзімы. Свае Валіі і свае Каталёніі. Бо толькі там мы маем шанец застацца.

Потым мы сядзелі ў Сэйнах, у 1994, ён, славуты і ўжо стары, і я, малады паэт “з Усходу”. Я рабіў выгляд, што запісваю інтэрвію, хаця ведаў, – дыктафон не працуе. Задаваў пытаньні, і сам жа пераходзіў на адказы і тлумачэньні. І не таму, што быў такі нявыхаваны.

Мне хацелася пяпярэдне патлумачыць яму многа рэчаў, без разуменьня якіх размова проста не магла адбыцца. А мне была патрэбная менавіта размова, а не банальнае журналісцкае інтэрвію з набэлістам.

Для яго Беларусь была зь іншай рэальнасьці. Геаграфічна блізкая, але сацыяльна і культурна далёкая.

Маўклівыя дзядзькі зь міжваенных віленскіх кірмашоў, безь якіх, праўда, не абысьціся, але якіх не пускалі тады ў прыстойных шляхецкіх дамох далей за кухню. Пра што можна было зь імі гаварыць? Яны ня ў стане былі нават ясна адказаць на пытаньне хто яны. Мармыталі штосьці няўцямнае, пра тое, што яны адсюль, з гэтай зямлі. Што яны тутэйшыя.

Для нас жа, у нашым часе, Беларусь была зусім не сэнтымэнтальнай карцінкай зямлі, поўнай малаком і мёдам. А чымсьці значна больш радыкальным, нават пагрозьлівым.

Беларусь прайшла імпэрыю наскрозь і выйшла па той бок.

І цяпер гэтыя дзядзькі з кірмашу, якія нарэшце патрапілі
Беларусь прайшла імпэрыю наскрозь і выйшла па той бок.
ў сьвет цэлы, мусілі быць як усе. Гэта значыць, думаць пра ідэнтычнасьць. Шукаць маскі. Вынаходзіць, рэканструяваць сваю традыцыю. Паддаваць рэфлексіі, ставіць пад пытаньне і тое што ўсярэдзіне, і тое, што навонкі.

Беларусь станавілася праектам і ўтопіяй. А можа быць і чыстай мэтафізыкай.

Як несправядліва, казаў я Мілашу, што вы, той, хто адказвае за ўсіх – так і не знайшлі ёй мейсца ў сваім часе. Вы падзялілі традыцыю на трох: Польшча, Літва і крыху Ўкраіны-Русі. Выключылі нас з супольнай размовы.

За такія рэчы раней ці пазьней прыходзіцца плаціць.

І цяпер вы баіцеся гэтых дзядзькоў з кірмашу. Проста таму, што не разумееце, што зь імі рабіць. І што яны зьбіраюцца рабіць з вамі. І са страху паўтараеце, як Венцлава, бессэнсоўныя формулы пра слабасьць і адсутнасьць. Пра тое, што Беларусі не было і, напэўна, няма і цяпер. І ці ня лепей было б забыцца на ўсё гэта, аддаць гэтыя прасторы Расеі, на канчатковую русыфікацыю, каб ня мучыліся.

Ён адказваў, штосьці пра тутэйшую шляхту, пра традыцыю, пра небясьпеку нацыяналізму, але мяне, з маімі пытаньнямі, здаецца, так і ня ўбачыў.

Улетку адбыліся першыя выбары прэзыдэнта. Я вяртаўся ў Менск, і разумеў, што мяне чакае той самы дзядзька з кірмашу, якога баяўся Мілаш.


***


Беларусы для мяне загадка, піша Мілаш у Сямейнай Эўропе, апісваючы міжваенную Вільню, перад тым, як ён выправіўся ў падарожжа на Захад.

І далей гаворыць пра дзіўны і нешчасьлівы народ, які вымушаны існаваць між русыфікацыяй і палянізацыяй, як між молатам і кавадлам.

Іх хаваюць, спрабуюць ня бачыць, не пускаюць далей перадпакоя.

Паляць у вогненных вёсках, труцяць Чарнобылем.

Расказваюць, у важных кніжках, што яны ўжо даўно памёрлі.

А яны толькі ўсьміхаюцца і не сыходзяць са сцэны.

Маўклівыя, тонкія, самадастатковыя. Альбо, наадварот, хамаватыя і грубыя. Розныя.

І ўсё ж такі загадка ня ў іх саміх,
Беларусы для мяне загадка, піша Мілаш.
а ў пэўнай аптычнай ілюзіі тых, хто спрабуе штосьці ўбачыць на гэтых прасторах.

Спрабуе, – і ня можа.

Не хапае ўяўленьня? Мэтафізычнага пачуцьця?

Ці наадварот, замнога пыхі? Снабізму?

Таго самага эўрапейскага снабізму, які любіць гуляцца ў гульню “знайдзі барбара на Ўсходзе”.


***


Беларусь – гэта праект выключэньня ў сучасным эўрапейскім коміксе.

Адгортваеш старонку 19, бачыш надпіс – на ўсіх эўрапейскіх мовах (акрамя беларускай, вядома).

Надпіс гучыць – на гэтай старонцы магла б быць Беларусь, калі б яна – для нас, эўрапейцаў, існавала.


***


Мы навучыліся жыць з нашай непрысутнасьцю.

Навучыліся ветла ўсьміхацца, калі Эўраньюс паказвае мапу Эўропы, зь мяжой між Польшчай і Расеяй.

Навучыліся ня быць негасьціннымі, калі хтосьці хоча патрапіць “да вас на Ўсход”.

Напачатку яшчэ думалі штосьці растлумачыць.

А потым расслабіліся і прынялі сваё мейсца ў Эўропе як кон, як вартасьць і нават як стыль мысьленьня.

Адсутнасьць, зрэшты, не такое ўжо і благое мейсца. З добрым мэтафізычным радаводам. Само незаўважнае, яно дазваляе шмат што бачыць і заўважаць. Напрыклад, такое.

“Вялікія нацыі пераконваюць
Беларусь – краіна без культурнага алібі.
саміх сябе, што яны ў стане запанаваць над татальнасьцю самога быцьця, – і над часам.

Малыя – пакутуюць ад уласнай нерэальнасьці.

Малым культурам дадзена адчуваньне крохкасьці і лятучасьці сьвету.

Разуменьне таго, што ўсяго гэтага магло б і ня быць, альбо яно магло быць іншым.

Брутальная ўпэўненасьць у сваім Я – што можа быць больш чужым для гэтай далікатнай паўпрысутнасьці?”

Альбо гэта:

“Беларусь – краіна без культурнага алібі.

Супольнасьць, якая ня верыць у рэальнасьць самой сябе. Нацыя на разломе між быцьцём і нябытам. Менавіта на такім разломе надзвычай ясна ўсьведамляецца галюцынагенны характар таго, што завецца “рэчаіснасьцю”.

Часам здаецца, што адчайныя спробы прысьніць супольны сон пад назвай Беларусь таму й не ўдаюцца, што ня хочацца пакідаць гэты разлом, гэтую мяжу. Ня хочацца быць як усе.”


***


Але мой ліст да Мілаша – калі б хтосьці ўзяўся перадаць яго на той бок – быў бы зусім не пра беларускую непрысутнасьць. І не пра змаганьне за права ўвайсьці ў комікс асобнай старонкай. Я ўжо не кажу пра права самому прыдумваць подпісы – пад карцінкамі.

Не пра крыўды і сны.

І нават не пра разьвітаньне з Эўропай як з пражытай утопіяй.

Якая цяпер, мёртвая і адбыўшаяся, ціха і незаўважна сьвеціць – з сваіх далёкіх глыбіняў.

Мой ліст быў бы пра абуджэньні і пра дзіўнасьць сьвету. Пра маскі, якія нас выбіраюць і пра адказнасьць за выбранае.

Гэта быў бы ліст пра паэзію.

Мілаш апошніх вершаў.

Неверагодная шчырасьць і прастата, калі адкінуты ўсе канвэнцыі і застаецца толькі раздача дароў і пазыкаў.

Так важна: выглядаць і зьбіраць сваіх, а не
Я звычайны, амаль крычыць ён у апошніх вершах.
бадзяцца па асьветленых і нікому не цікавых сцэнах… Гэта ідэальна рабіў Чаран: яго кнігі напоўнены партрэтамі невыпадковых людзей, істотных для яго, ягонага мысьленьня. Ягонай формы душы.

Тых, каго ён ведаў, з кім ліставаўся, каму верыў.

Чытаеш і думаеш, наколькі напоўненае жыцьцё было ў гэтага вялікага самотніка, які крычаў ад роспачы амаль кожную хвіліну.

Гэта рабіў і Мілаш.

Ён бясконца прыгадвае, прамаўляе мілыя імёны. Вялікіх і малых. Сяброў і проста знаёмых. Назвы рэкаў і азёраў, урочышчаў і малых мястэчак.

Нобэлеўская – гэта нам, меншым, піша ён у Чалядніку.

Мы, меншыя, патрапляем на паверхню, становімся вядомымі, некаторыя нават славутымі. У пэўны момант пачынаецца ацьверазеньне: мы разумеем, што прыбітыя цьвікамі да карцінкі, пасаджаныя на ланцуг. І ўсё, што нам цяпер дазволена – адпавядаць, альбо не адпавядаць – вобразу.

Ён крыху зайздросьціць тым невядомым, якія атрымалі нябесны дар прамаўляць рэчы.

Я звычайны, амаль крычыць ён у апошніх вершах. Стары, слабы, занураны ў роспач. Крычыць, разумеючы, што кон адбыўся і ён ляжыць у храме, славуты, халодны, ушанаваны. Як мёртвая забальзамаваная чарапаха, з прыпавесьці Чжуан-Цзы.

Адзінае што застаецца: размовы з духамі. З тымі, хто памятае яго іншым, жывым.

І яны прыходзяць, вяртаюцца.

Тамашунас, Сагаціс, Асіповіч. Эканом
Беларусь варта было б прыдумаць, каб на гэтых прасторах можна было хаця б штосьці любіць.
Вацконіс. Ніна і сьмешны пан Анусевіч. Дзядзька Оскар з Чарэі і доктар Томаш з Аквіну. Паэт Уільям Блэйк. Іншыя.

Ён запісвае: калі Бога няма, тады мы ёсьць багамі.

Паварочвае твар, прыгадвае Імя.

Збавёны.


***


І апошняе, самае важнае.

Беларусь варта было б прыдумаць, каб на гэтых прасторах можна было хаця б штосьці любіць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG