Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для ахвотных атрымаць «карту паляка» зачыняюцца архівы


Карта паляка
Карта паляка
Дзяржаўны архіў Берасьцейскай вобласьці адмаўляецца выдаваць даведкі, якія б сьведчылі пра прыналежнасьць да польскай нацыі.

26-гадовы Андрэй зьвярнуўся ў Берасьцейскі абласны архіў, каб атрымаць даведку пра сваіх продкаў, якія мелі права голасу падчас выбараў у 1921—1939 гадах у Заходняй Беларусі.

Аднак супрацоўніца архіву адмовілася выдаваць такі дакумэнт. Яна спаслалася на тое, што «карта паляка» незаконная.

Андрэй: «Гэта праяўленьне слабасьці нашых ўладаў. Яны ня могуць паўплываць на польскі ўрад, ня могуць забараніць нейкім чынам кансуляту выдаваць «карты паляка». Таму ідзе спроба пазбавіць людзей атрымаць тыя дакумэнты, на падставе якіх выдаюцца «карты паляка».

Карта паляка — гэта дакумэнт, які пацьвярджае прыналежнасьць да польскага народу. «Карту паляка» мае права атрымаць асоба, якая ня мае польскага грамадзянства альбо дазволу на сталае пражываньне на тэрыторыі Рэспублікі Польшча і пры тым заяўляе пра сваю прыналежнасьць да польскага народу і выконвае абавязкі, якія вынікаюць са згаданага закону.

Для атрыманьня карты трэба валодаць польскай мовай на базавым узроўні, мець сваякоў-палякаў альбо тых, хто меў польскае грамадзянства (бацька, маці, бабуля, дзядуля, прабабуля, прадзядуля).

Уладальнік карты мае права атрымліваць доўгатэрміновую шматразовую візу для знаходжаньня на тэрыторыі Польшчы і легальна працаваць там без атрыманьня дазволу на працу, займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю нароўні з польскімі грамадзянамі, праяжджаць па чыгунцы з 37-працэнтнай скідкай.

Жыхар Берасьця 35-гадовы Ян, які мае «карту паляка», кажа: дзякуючы гэтай праграме шмат людзей атрымалі магчымасьць наведваць Польшчу:

«Тое, што чалавек жадае засьведчыць сваю прыналежнасьць да польскага народу, а яму ў гэтым перашкаджаюць, сьведчыць пра тое, што ўлады сапраўды занепакоеныя сытуацыяй, што склалася вакол «карты паляка».

Адмову Берасьцейскага архіву выдаваць даведку пра продкаў Ян называе няўдалым адказам на польскі закон «Аб карце паляка»:
Не ўяўляю сытуацыі, калі беларусы ў Польшчы пойдуць ў архіў, каб пацьвердзіць сваю прыналежнасьць да беларускай нацыянальнасьці і ім адмовяць ў прадастаўленьні дакументаў.

«Гэта выглядае вельмі дзіўна. Найбольш мэтазгодным было б увесьці са свайго боку „карту беларуса“. І калі праводзіць нейкую аналёгію, то я не ўяўляю сытуацыі, калі беларусы ў Польшчы пойдуць ў архіў, каб пацьвердзіць сваю прыналежнасьць да беларускай нацыянальнасьці і ім адмовяць ў прадастаўленьні дакументаў».

7 красавіка Канстытуцыйны суд Беларусі вырашыў, што польскі закон «Аб карце паляка» не адпавядае нормам міжнароднага права. Маўляў, гэта не адпавядае прынцыпам сувэрэннай роўнасьці дзяржаў і неўмяшаньня ва ўнутраныя справы. Акрамя таго, паводле суду, нормы закону адносна выдачы «карты паляка», што мае рабіць консул Польшчы, парушаюць Венскую канвэнцыю і іншыя пагадненьні. Гэта ж тычыцца ільготнага візавага рэжыму і прывілеяў у галіне працаўладкаваньня для ўладальнікаў «карты паляка».

Карту паляка на дадзены момант маюць прыкладна 15 тысяч чалавек. У Беларусі жыве 400 тысячаў этнічных палякаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG